Рэжым вызначыўся са сваімі ворагамі. І першы з іх — самі беларусы

У новай ваеннай дактрыне, прынятай нядаўна ўладамі, сабраныя ўсе ключавыя моманты цяперашняй палітыкі дзяржавы. Рэжым сапраўды адчувае сябе «абложанай крэпасцю» — нават сярод уласных грамадзян.

_armija___abarona___sztab___vojska__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу 25 красавіка аднагалосна прынялі новую ваенную дактрыну Беларусі. Яшчэ ў студзені Аляксандр Лукашэнка расхвальваў гэты дакумент на пасяджэнні Савета бяспекі, дзе расказваў, што закладзеныя ў праектах новай ваеннай дактрыны і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі «ацэнкі і прагнозы ўжо спраўджваюцца». Фактычна ж новы дакумент стаў сходам фобій цяперашніх беларускіх уладаў. «Зеркало» расказвае, што такое ваенная дактрына, навошта яна ўвогуле патрэбная Беларусі і што не так з яе новай версіяй.

Што такое ваенная дактрына і навошта яна патрэбна

Ваеннай дактрынай называюць сістэму афіцыйна прынятых поглядаў і установак, якія вызначаюць, як дзяржава плануе будаваць, развіваць і выкарыстоўваць свае ўзброеныя сілы.

У такіх дактрынах публікуюць толькі бачную частку ваенных планаў і намераў дзяржавы, асноўны аб'ём якіх на самой справе аформлены ў выглядзе сакрэтных дакументаў стратэгічнага планавання, падрыхтаваных на выпадак вайны. Тым не менш, ваенная дактрына адыгрывае дзве важныя ролі. Унутры краіны яна адыгрывае важную ролю ў стварэнні і зацвярджэнні іншых дакументаў — напрыклад, ваеннага бюджэту. Так, калі ваенная дактрына вызначае, што краіна бачыць для сябе вялікую пагрозу ва ўдарах з паветра, гэта можа стаць падставай для выдзялення дадатковых грошай на закупку сучасных сродкаў СПА.

Другая, не менш важная функцыя ваеннай дактрыны — знешнепалітычная. З дапамогай гэтага дакумента дзяржава як бы аб'яўляе ўсяму свету аб тых правілах гульні, якіх будзе прытрымлівацца ў ваеннай сферы. У дакуменце, напрыклад, можна абвясціць пра сваю міралюбнасць, імкненне паважаць суверэнітэт і непарушнасць дзяржаўных межаў іншых краін і вырашаць усе міждзяржаўныя спрэчкі выключна мірным шляхам, як гэта было зроблена ў ваеннай дактрыне Беларусі ўзору 2016 года. Таксама ў мінулай дактрыне Беларусь абавязвалася выбудоўваць свае ўзаемаадносіны з іншымі дзяржавамі, зыходзячы з прынцыпаў і норм міжнароднага права.


Глядзіце таксама

Цяпер справа застаецца за малым. Калі, абвясціўшы іншым краінам пра сваю міралюбнасць і жаданне выконваць нормы міжнароднага права, краіна пацвярджае свае абяцанні дзеяннямі, то суседзі пачынаюць ставіцца да яе як да адказнага і прадказальнага партнёра. Фактычна, адэкватная ваенная дактрына, заснаваная на аб'ектыўнай карціне свету і існуючых ваенных пагрозах, а таксама яе захаванне ўладамі дзяржавы моцна палягчаюць працу дыпламатам. Ім становіцца прасцей наладжваць добрыя адносіны з іншымі дзяржавамі, таму што іх краіна лічыцца прадказальнай.

Чым новая ваенная дактрына адрозніваецца ад старой

Папярэднюю ваенную дактрыну Беларусі прынялі ў 2016 годзе. Гэта быў досыць кампактны дакумент з пяці раздзелаў, дзесяці падраздзелаў і 59 артыкулаў. У ім утрымліваўся кароткі аналіз ваенна-палітычнага становішча вакол Беларусі вачыма ўладаў і пералік асноўных ваенных небяспек міжнароднага характару.

Парыраваць іх Беларусь павінна была з дапамогай мер па забеспячэнні ваеннай бяспекі, адной з якіх былі фармаванне і рэалізацыя паслядоўнай міралюбнай палітыкі дзяржавы. Гэта павінна было дапамагчы стварыць вакол Беларусі «пояс добрасуседства». Забягаючы наперад, «Зеркало» адзначае, што праца над гэтым становішчам папярэдняй ваеннай дактрыны ўладамі цалкам правалена. Праз цэлую серыю агрэсіўных дзеянняў рэжыму Лукашэнкі ўнутры краіны і на міжнароднай арэне цяпер гаворкі пра «пояс добрасуседства» вакол Беларусі ўжо не ідзе. У новай ваеннай дактрыне гэты тэрмін нават не згадваецца.

Таксама папярэдняя ваенная дактрына ўтрымлівала главы з апісаннем характару сучасных узброеных канфліктаў, з прапановамі па ваеннай арганізацыі дзяржавы і з прынцыпамі эканамічнага забеспячэння ваеннай бяспекі.

Новая ваенная дактрына значна большая. Яна складаецца з шасці раздзелаў, 14 главаў і 122 артыкулаў. Як і папярэдняя, яна не абвяшчае сябе нейкай догмай — а дапускае магчымасць змянення ў выпадку перамены ваенна-палітычнага становішча. Цікава, што ў ранейшай дактрыне магчымасць канкрэтызацыі дапускалася толькі з дапамогай сакрэтных дакументаў, якія распрацоўваюць вайскоўцы: плана абароны краіны і іншых дакументаў стратэгічнага планавання. У новай ваеннай дактрыне права яе канкрэтызацыі прадастаўлена Лукашэнку, які без усялякіх працэдурных абмежаванняў можа ўдакладняць палажэнні дактрыны проста ў сваіх пасланнях да народа.

Аналіз ваенна-палітычнага становішча ў старым варыянце ваеннай дактрыны выглядаў досыць аб'ектыўным. Ён быў напісаны прафесійнай, дыпламатычнай і стрыманай мовай і не утрымліваў абвінавачанняў на адрас канкрэтных дзяржаў або ваенна-палітычных блокаў.

Тэкст аналізу ваенна-палітычнага становішча ў новай ваеннай дактрыне Беларусі быццам бы напісаны прапагандыстамі, а не вайскоўцамі і дыпламатамі, якім на пасадзе належыць займацца стварэннем такіх дакументаў. У ёй фігуруе мноства гіпербал, метафар, лозунгаў і ідэалагічных клішэ. Тут ёсць і «тэктанічныя змены ў сістэме сусветнай палітыкі», і «непазбежны злом аднапалярнага светапарадку», і ўсюдыісны «калектыўны Захад».


Глядзіце таксама

Цяперашняя версія аналізу ваенна-палітычнага становішча не дае ўяўлення пра аб'ектыўную карціну свету, ігнаруе законы логікі і прычынна-выніковыя сувязі. Так, расійскае ўварванне ва Украіну ў дакуменце названае «справакаваным калектыўным Захадам ваенным канфліктам ва Украіне». Аўтары дакумента звязваюць паміж сабой існуючыя палітычныя і эканамічныя супярэчнасці з разбурэннем аднапалярнай мадэлі светабудовы (гэта значыць, са спробай ўстанаўлення новага сусветнага парадку). І адначасова абвінавачваюць ва ўсіх бедах той самы «калектыўны Захад» на чале з ЗША, якіх якраз і выстаўляюць выгадаатрымальнікамі ад існуючага сусветнага парадку. У адпаведнасці з гэтай дзіўнай логікай выходзіць, што праблемы міру звязаныя з разбурэннем аднапалярнай мадэлі свету — але вінаватыя ў іх тыя, хто гэтую мадэль спрабуе абараніць.

Нарэшце, нядаўняе ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў Паўночнаатлантычны альянс у новай ваеннай дактрыне названае «нічым не абгрунтаваным пашырэннем NATO за кошт прыняцця ў яго склад новых чальцоў». Хоць прычынай адмовы гэтых дзвюх краін ад іх традыцыйнага нейтралітэту стала расійская агрэсія ў дачыненні да суседзяў, чаго ўлады Швецыі і Фінляндыі ніколі не хавалі.

У пераліку ваенных небяспек для Беларусі ў папярэдняй версіі ваеннай дактрыны згадваліся пяць унутраных пагроз, якія размяшчаліся ў канцы спіса. Асноўную яго частку займалі ваенныя пагрозы міжнароднага характару.

У цяперашняй версіі ваеннай дактрыны колькасць «унутраных ваенных небяспек» павялічылася да 21, усе яны падзеленыя на тры групы па ступені рызыкі. Пры гэтым унутраныя ваенныя пагрозы перавандравалі на пачатак спісу: стваральнікі дакумента такім чынам пазначылі цяперашнія прыярытэты «ваеннага будаўніцтва». З-за шматразовага павелічэння колькасці ўнутраных пагроз у новай ваеннай дактрыне давялося стварыць шырокі асобны параграф ўнутры чацвёртай главы.

Ваенная дактрына як спіс фобій беларускіх уладаў

З-за вялізнага росту колькасці ўнутраных ваенных небяспек новая версія ваеннай дактрыны ўжо слаба адпавядае самому духу падобных дакументаў. Якія, па ідэі, павінны ўяўляць сабой своеасаблівы зборнік правілаў, паводле якіх дзяржава збіраецца будаваць, развіваць і выкарыстоўваць свае ўзброеныя сілы.

Справа ў тым, што ўзброеныя сілы ў нармальных умовах — гэта інструмент, які павінен абараняць дзяржаву не ад унутраных, а ад знешніх пагроз. Грамадзяне краіны плацяць падаткі на куплю танкаў, бронетранспарцёраў, баявой авіяцыі, ракет, гаўбіц і кулямётаў і на выплату грашовага забеспячэння вайскоўцам зусім не для таго, каб тыя потым душылі з іх дапамогай пратэсты бяззбройных людзей супраць беззаконня або дапамагалі незаконна ўтрымліваць уладу.

Пры гэтым новая дактрына ўжо на пачатку спісу пагроз проста паказвае на тое, каму цяпер павінны служыць вайскоўцы. Гэта не дзяржава і нават не народ, а дзеючая ўлада. Бо ўжо першая ў спісе патэнцыйных унутраных пагроз — гэта «прапаганда ідэй, распрацоўка планаў па змене дзеючай улады ў Рэспубліцы Беларусь з ужываннем сродкаў узброенай барацьбы».

У цэлым жа новая ваенная дактрына выглядае як пералік фобій, якія адчувае гэтая самая дзеючая ўлада.


Глядзіце таксама

Так, ваеннай небяспекай у ёй названа распаўсюджванне ў грамадстве ідэй касмапалітызму (сістэмы поглядаў, у якой людзі лічаць больш важнымі інтарэсы чалавецтва ў цэлым, чым інтарэсы асобнай краіны ці, тым больш, палітычнага рэжыму). Таксама пагрозай названа распаўсюджванне ідэй апатрыдызму, калі людзі дапускаюць, што могуць нармальна існаваць, адмовіўшыся ад грамадзянства.

Аўтары новай дактрыны сцвярджаюць, што касмапалітызм і апатрыдызм прыводзяць «да адмовы ад традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцей і арыенціраў» і перашкаджаюць грамадзянам выконваць «святы абавязак па абароне Айчыны». Зрэшты, цалкам выразна тут бачыцца і страх уладаў перад тым, што можа не спрацаваць план па завабліванні ў Беларусь грамадзян, якія з'ехалі з яе і якіх улады пазбавілі магчымасці атрымліваць і мяняць пашпарты за мяжой.

Яшчэ адна ўнутраная ваенная небяспека ў спісе — «правакаванне ў беларускім грамадстве варожасці па ідэйна-палітычных перакананнях». Характэрна, што менавіта гэтым цяпер займаецца дзяржаўная прапаганда. Працягваючы расколваць беларускае грамадства па палітычнай прыкмеце, улады адначасова ўсур'ёз асцерагаюцца таго, што па той бок гэтага расколу апынецца занадта шмат людзей.

Наступная фобія ўладаў (адзначым, што цалкам абгрунтаваная), адлюстраваная ў ваеннай дактрыне як унутраная пагроза, — гэта «зніжэнне навукова-тэхнічнага патэнцыялу, адставанне ад агульнасусветных тэндэнцый у распрацоўцы і ўкараненні сучасных тэхналогій стварэння ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, недастатковыя тэмпы мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей абароннага сектара эканомікі Рэспублікі Беларусь». Гэты артыкул апісвае аб'ектыўную рэальнасць, у якой існуе наша краіна, — праўда, аўтарам дактрыны не хапіла мужнасці паказаць на прычыну такога становішча спраў.


Глядзіце таксама

Якіх яшчэ працэсаў унутры Беларусі асцерагаюцца ўлады? Ваенная дактрына сярод унутраных небяспек называе таксама такія:

  • масавае ўхіленне грамадзян Беларусі ад прызыву на вайсковую службу, некантралюемая міграцыя грамадзян за мяжу, якая вядзе да зніжэння ваеннага патэнцыялу дзяржавы;
  • ажыццяўленне агітацыі, якая падрывае давер насельніцтва Беларусі да ваенна-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы і прымаемых ім рашэнняў;
  • узнікненне ўзброенага супрацьстаяння паміж рознымі пластамі беларускага грамадства па ідэйна-палітычных перакананнях.

Цікавыя палажэнні можна знайсці і ў спісе знешніх небяспек. Дакумент, які аўтары назвалі «ваеннай дактрынай Рэспублікі Беларусь», тройчы згадвае ў ролі знешняй пагрозы... этнічных беларусаў. Якія, як аказваецца, могуць распрацоўваць механізмы змены ўлады ў Беларусі, ствараць узброеныя фарміраванні, што імкнуцца да змены ўлады, ці нават пранікаць на тэрыторыю Беларусі.

Хоць практычная каштоўнасць новай ваеннай дактрыны выклікае шэраг пытанняў (пра гэта мы яшчэ скажам крыху ніжэй), яна адназначна ўвойдзе ў гісторыю. Як дакумент, дзе зафіксаваны вынік шматгадовай палітыкі кіраўніцтва краіны, у выніку якой прадстаўнікі тытульнай нацыянальнасці, якія выехалі за мяжу, сталі ўспрымацца кіруючым рэжымам як пагроза для сваёй улады.

Каб зразумець усю абсурднасць пасажаў пра тое, што Беларусі пагражаюць фарміраванні з этнічных беларусаў, паспрабуйце ўявіць падобныя палажэнні ў галоўных абаронных дакументах іншых дзяржаў. Напрыклад, што Германія прызнае сур'ёзнай пагрозай для краіны замежных этнічных немцаў, Польшча — этнічных палякаў, Ізраіль — этнічных габрэяў, а Латвія — этнічных латышоў.