Даносы, шпіянаж, дыверсанты. Галоўнае ў Беларусі за мінулы тыдзень — версія «Бі-бі-сі»

На мінулым тыдні беларусы чыталі «злітыя» ў сеціва «Кіберпартызанамі» даносы, глядзелі новы прапагандысцкі фільм пра дыверсантаў, а тым часам яшчэ некалькі важных навін амаль прайшлі міма.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Тры гады па артыкуле аб шпіянажы

У польскім горадзе Познань прайшоў суд над двума беларусамі, абвінавачанымі ў шпіянажы. 51-гадовага вайскоўца ў адстаўцы па імені Андрэй прысудзілі да трох гадоў калоніі, 57-гадовага кіроўцу Дзмітрыя апраўдалі за адсутнасцю доказаў.

Прозвішчы мужчын СМІ не вядомыя, пасяджэнні праводзіліся ў закрытым рэжыме, паколькі гэтая справа звязана з дзяржаўнай таямніцай. Частка прысуду таксама была засакрэчаная, піша «Бі-бі-сі».

Мужчын затрымалі летась у красавіку. Паводле даных следства, абодва беларусы прыехалі ў Польшчу нібыта для працы кіроўцамі, аднак асноўнай іх мэтай было назіраць за вайсковымі і грамадзянскімі аб'ектамі, якія маюць крытычна важнае значэнне для Польшчы.

Паводле паведамленняў СМІ, беларусы збіралі інфармацыю менш за месяц — з сакавіка па красавік 2022 года.

Акрамя апраўдальнага прысуду, суддзя адмяніла абмежаванне на выезд за межы Польшчы для Дзмітрыя. Цяпер ён зможа паехаць у Беларусь.

«Магу ехаць дадому? Праўда? Дзякуй», — прыводзіць рэакцыю Дзмітрыя польскае медыя.

«Кіберпартызаны» ўзламалі сайт КДБ Беларусі

Беларускае аб'яднанне хакераў пад назвай «Кіберпартызаны» заявіла аб узломе сайта КДБ Беларусі.

У доказ гэтага «Кіберпартызаны» выклалі ў сеціва базу з 40 тысяч зваротаў і даносаў КДБ у перыяд з 2014 па 2023 год. Там можна знайсці поўныя даныя «заяўнікоў»: імёны, прозвішчы, хатнія адрасы, нумары тэлефонаў і адрасы электроннай пошты.

Акрамя таго, хакеры выклалі ў адкрыты доступ прапановы аб супрацоўніцтве з КДБ, што пакідалі ў асноўным грамадзяне Беларусі, якія пражываюць за мяжой.

Запыты аб супрацоўніцтве з органамі былі самыя разнастайныя: ад прапаноў «зліваць» інфармацыю пра апазіцыйныя супольнасці за мяжой да даносаў на канкрэтных людзей, якія крытыкуюць Лукашэнку.


Глядзіце таксама

Адзін з ахвотных працаваць на КДБ нават прапанаваў арганізаваць выкраданне і вываз у Беларусь сузаснавальніка апазіцыйнага тэлеграм-канала NEXTA Сцяпана Пуцілы — за сціплае ўзнагароджанне ў 300 тысяч еўра.

У спісе даносаў аказаліся прозвішчы цяперашніх палітвязняў, якія сядзяць за кратамі, а таксама беларусаў, якія даносілі на іх і якія знаходзяцца ў беларускіх апазіцыйных супольнасцях і нават балатуюцца ў Каардынацыйную раду.

КДБ Беларусі ніяк не пракаментавала гэтую навіну. Афіцыйны сайт ведамства не працуе ўжо больш за два месяцы.

Улады хочуць зняць фільм пра «гераізм» сілавікоў, якія разганялі пратэсты

Беларускія ўлады хочуць зняць фільм пра «гераізм» сілавікоў, якія задушылі антыўрадавыя пратэсты ў 2020 годзе. З гэтай прапановай выступіла Міністэрства культуры, якое абвясціла конкурс на найлепшы сюжэт.

Аднак у Мінкультуры не паступіла аніводнага адпаведнага сцэнара. Пра гэта заявіла ў эфіры дзяржаўнага канала АНТ намесніца кіраўніка кінематаграфіі Крысціна Мельнікава.

Яна дадала, што ў асноўным удзельнікі конкурсу дасылалі праекты ў жанрах «фэнтэзі» і «камедыі» (усяго ў ведамства паступіла 280 заявак).

Пры гэтым Мельнікава заклікала дзяржтэлеканалы да супрацоўніцтва з «Беларусьфільмам», каб стварыць серыял на «надзённую тэму, якая будзе важная дзяржаве».

Новая крымінальная справа супраць Эдуарда Бабарыкі

На сына экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віктара БабарыкіЭдуарда Бабарыку — у калоніі завялі новую крымінальную справу. Яго абвінавацілі ў «непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».

Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — год пазбаўлення волі.


Глядзіце таксама

«Бі-бі-сі» нагадвае, што Эдуард Бабарыка быў прысуджаны да васьмі гадоў калоніі па трох артыкулах, уключаючы «распальванне варожасці» і «ўхіленне ад выплаты падаткаў». Ён не прызнаў сваю віну.

Экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі і бізнэсмена Віктара Бабарыку прысудзілі да 14 гадоў калоніі. Пра стан яго здароўя невядома нічога ўжо больш за год, як і пра іншых лідараў апазіцыі, якія знаходзяцца за кратамі — Сяргея Ціханоўскага і Марыю Калеснікаву.

Лукашэнка: набіць морду на Алімпіядзе і быць больш сціплымі

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў беларускім спартсменам «набіць морду» сваім сапернікам на маючай адбыцца Алімпіядзе, што пройдзе летам у Парыжы. Пра гэта ён расказаў падчас рабочага візіту ў Магілёўскую вобласць. Адказваючы на пытанне пра ўдзел беларускіх атлетаў на Гульнях, Лукашэнка сказаў, што гэта выбар кожнага спартсмена.

«Вядома, хацелася б, каб як гэта належыць: гімн, сцягі і іншае. Але я разумею спартсменаў: гэта іх жыццё. Жыццё ў спартсменаў вельмі кароткае. Таму, разумеючы гэта, я не настойваю ні на адным з варыянтаў», — заявіў дыктатар.

«Калі ён вырашыць удзельнічаць на Алімпіядзе, ён яшчэ злейшым будзе, разумееце, настрой і злосць у спорце немалаважнае значэнне мае. Але ўжо калі ты адабраўся і едзеш туды ў нейтральным статусе, набі ім морду, пакажы, што ты сапраўдны беларус», — дадаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама абрынуўся на выпускнікоў школ, якія, на яго думку, святкуюць заканчэнне навучання з залішнім размахам.

«Нейкі там круцяк табе дапамог, ці ты багацейшы, ты лімузін замовіў. Сем, восем, дванаццаць метраў, — пракаментаваў Лукашэнка. — Прыехаў твой сын у школу — а як іншыя глядзяць? Гэта няправільна, Нам нельга гэта культываваць».

Дзевяць гадоў калоніі за «зліў» даных чыноўнікаў

Суд у Мінску прысудзіў 44-гадовага інжынера Артура Пядзько да дзевяці гадоў калоніі за перадачу персанальных даных 500 службовых асоб тэлеграм-каналам.

Яго прызналі вінаватым у «дапамаганні ў распальванні сацыяльнай варожасці» (папулярны артыкул з 2020 года). Суд над ім праходзіў у закрытым рэжыме.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», Пядзько павінен выплаціць пазовы агульнай сумай больш за 100 тысяч долараў.

Фільм пра падлеткаў, якія нібыта рыхтавалі тэракты на замову Украіны

На дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў фільм, у якім расказваецца пра падлеткаў, якія нібыта планавалі здзяйсняць дыверсіі на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

Паводле сюжэту, падлеткі аб'ядналіся ў нейкую «анархісцкую ячэйку для падрыхтоўкі тэрактаў» пад кіраўніцтвам «Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны».


Глядзіце таксама

Арганізатарам жа гэтай ячэйкі стала 16-гадовая ўкраінка Марыя Місюк, якая прыехала ў Беларусь усяго два гады таму і ўцягнула туды астатніх падлеткаў.

Паводле версіі АНТ, Місюк нібыта атрымлівала ў інтэрнэце інструкцыі «па вырабе выбуховага прыстасавання, кактэйля Молатава і літаратуру анархісцкага і дэструктыўнага зместу» ад свайго куратара ва Украіне. Пра лёс падлеткаў пакуль нічога не вядома.

Варта адзначыць, што гэта не першы выпадак, калі ў Беларусі раскрываюць «сакрэтную ячэйку» ворагаў народа пад куратарствам украінскіх спецслужбаў.

У верасні мінулага года праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў пра затрыманне шасці чалавек, якіх абвінавачвалі ў «падрыхтоўцы тэрактаў» у Беларусі. Сярод іх было двое ўкраінцаў і чацвёра беларусаў.

Праз месяц на дзяржтэлеканале «Беларусь -1» паказалі споведзь украінца Мікалая Швяца, якога абвінавацілі ў «падрыве самалёта» на аэрадроме ў «Мачулішчах». Пазней стала вядома, што да атакі на самалёт датычная Служба бяспекі Украіны (СБУ).