Хронікі рэпрэсій. Лекара Руслана Бадамшына будуць судзіць па крымінальнай справе
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 2 траўня.
У закрытым судовым пасяджэнні Брэсцкі абласны суд 2 траўня пачаў разглядаць крымінальную справу палітзняволенага Яўгена Пеляхатага, якога абвінавачваюць па шэрагу дыфамацыйных і пратэсных артыкулаў. Справу прызначаная разглядаць суддзя Кацярына Груда.
Першапачаткова было вядома пра абвінавачанні паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы).
У ходзе следства да гэтых артыкулаў дадаліся: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару, скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) КК.
У судовым раскладзе пазначана, што Пеляхаты з’яўляецца асобай, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, г. зн. у стане непрытомнасці або асобай, якае пакутуе на псіхічнае засмучэнне.
Жыхара Паставаў Яўгена Пеляхатага затрымалі яшчэ 1 чэрвеня 2023 года. Падчас затрымання супраць Яўгена былі ўжытыя «спецыяльныя сродкі і фізічная сіла», а з працоўнага кабінета яго выводзілі ў кайданках і з мяшком на галаве.
На другі дзень суд Ленінскага раёна Брэста абвінаваціў яго ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП РБ) і арыштаваў на 5 сутак. Пазней яго змясцілі ў СІЗА №6 Баранавіч, абвінаваціўшы ў напісанні некалькіх жорсткіх тэлеграм-каментароў пра Лукашэнку і сілавікоў.
У Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай
справы бізнесоўца Уладзіміра Балабановіча. Яго абвінавачваюць у «распальванні іншай
сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў «закліках да мер
абмежавальнага характару, скіраванымі на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы
краіны» (ч. 3 арт. 361 КК). Справу разглядае суддзя
Вера Галаўкова.
Дата затрымання бізнесоўца невядомая, але ёсць інфармацыя аб тым, што ў канцы студзеня Балабановіча ўключылі ў склад «экстрэмісцкага фармавання» «Трыэліт» (гэта дваравы чат таварыства ўласнікаў, які кіруе новабудоўлямі ў Мінску). На той момант, верагодна, ён ужо быў за кратамі.
7 траўня ў судзе
Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы суддзя Вікторыя Пакунова будзе
разглядаць справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і
падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны
ўдзел у іх). Па справе праходзяць адразу восем фігурантаў: Канстанцін Каляга,
Эрык Каласоўскі, Іван Пацко, Аляксандр Лаўрушчык, Іван Дрык,
Павел Сергіеня, Дзмітрый Філіповіч, Арцём Лапіч.
На пачатку вясны ў Баранавічах за ўдзел у пратэстах судзілі адразу 17 чалавек.
Неўролага Руслана Бадамшына будуць судзіць па
крымінальным артыкуле. Яго затрымалі
раніцай 28 лютага. Вядома, што Бадамшына затрымлівалі як мінімум пяць разоў
пасля выбараў — супраць яго складалі пратаколы і арыштоўвалі.
Цяпер стала вядома, што 7 траўня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска адбудзецца разгляд справы Руслана. Працэс будзе весці суддзя Юлія Крэпская.
Лекара абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску (арт. 342 КК).
Мастака Івана Вярбіцкага зноў будуць судзіць за «злоснае
непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Іван — мастак з
Гальшанаў, мае дзве вышэйшыя
адукацыі. Палітвязня прызналі вінаватым адразу па некалькіх крымінальных
артыкулах і асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калоніі.
Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага гальшанца аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму №4. У 2022 годзе яго асудзілі па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк. Вынік суда пакуль невядомы.
8 траўня ў Барысаве Івана зноў будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК. Справу будзе разглядаць суддзя Людміла Зінкевіч. Івану могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.
Палітзняволеная Ксенія Луцкіна ў калоніі зноў
перахварэла на пнеўманію. Пра гэта ў
сацыяльных сетках напісала былая палітзняволеная. Паводле яе слоў, нядаўна ў
Ксеніі, якая хварэе на астму, пачалася моцная алергія на піжаму сукамерніцы з
моцным пахам парфумы. Праз гэта яна пачала моцна кашляць, задыхацца і не
магла спаць некалькі сутак. Паведамляецца, што палітзняволеная захварэла на
пнеўманію і яе на некаторы час змяшчалі ў санчастку.
Нагадаем, былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі асудзілі да 8 гадоў калоніі. У зняволенні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Дома журналістку чакае непаўнагадовы сын.
У Бабруйску затрыманы
футбольны заўзятар Алег Кіраў, паведамляе «Медыязона». Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах.
Сілавікі затрымалі жыхара Мінска. Сцвярджаецца, што мужчына нібыта пісаў
«негатыўныя каментары» пра ўладу і міліцыянтаў, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце
плана «Перамога», хадзіў на паслявыбарчыя акцыі пратэсту, а таксама даведваўся
пра тое, як можна паехаць ваяваць ва Украіну.
Працягваюцца допыты і затрыманні на мяжы Беларусі з
краінамі ЕС. Праваабаронцам
вядома пра некалькі такіх выпадкаў, якія адбыліся напрыканцы красавіка. Людзей
затрымлівалі на беларуска-польскай мяжы, змяшчалі ў ІЧУ, а потым судзілі.
Таксама вядома, што працягваюцца і дбайныя праверкі ўсіх украінцаў, якія перасякаюць беларускую мяжу. Відавочцы распавядаюць, што яны могуць займаць больш за шэсць гадзін у выпадку, калі грамадзян Украіны ў аўтобусе некалькі. Некаторых, якія кажуць, што едуць у Расію, наўпрост на мяжы прымушаюць набыць квіток на самалёт з Мінску.
Больш за 180 заяў аб прызнанні інфармацыйнай
прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» накіравана ў суды Мінска за 2023 год і
чатыры месяцы бягучага года. Пракуратура
Мінска паведамляе, што падставамі для прыняцця такіх мер рэагавання стала
размяшчэнне ў сетцы інтэрнэт, у тым ліку сацыяльных сетках, альбо ў кніжных
выданнях звестак, якія «прапагандавалі экстрэмісцкую дзейнасць, дыскрэдытавалі
органы дзяржаўнай улады і кіравання, распальвалі сацыяльную, міжнацыянальную
альбо палітычную варожасць».
За гэты час судамі сталічных раёнаў разгледжана і задаволена больш за 160 падобных пракурорскіх заяў.
У Беларусі юбілейнае двухсотае «экстрэмісцкае
фармаванне» — гэта праект «Мы не Холопы». Адпаведнае
рашэнне прынятае МУС 2 траўня.