Dissident.by: Паліна Шарэнда-Панасюк можа выйсці на волю 21 траўня

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк можна выйсці на волю 21 траўня, паведамляе праваабарончая ініцыятыва Dissident.by.

Фота з сайта "Вясны"

Фота з сайта "Вясны"

Паведамляецца, што суд Рэчыцкага раёну ўстанавіў для Паліны Шарэнда-Панасюк прэвэнтыўны нагляд. Гэта ўказвае на тое, што жанчыну мусяць вызваліць.

Паводле звестак Dissident.by, меркаваная дата выхаду палітзняволенай на свабоду — 21 траўня.

Паліна Шарэнда-Панасюк была затрыманая 3 студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, канфіскавалі шэраг рэчаў. Паліну ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА.

Яе асудзілі на 4 гады калоніі паводле арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), а таксама арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) КК — гэта артыкул дадалі пазней, калі палітзняволеная ўжо адбывала тэрмін.

Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, ШІЗА, ПКТ, катавалі, стваралі невыносныя ўмовы, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.

Яе муж Андрэй Шарэнда адседзеў больш за 60 сутак, нават новы 2021 год сустракаў за кратамі. Пазней разам з двума дзецьмі ён выехаў за мяжу.

Па стане на сярэдзіну сакавіка 2023 года да Паліны з канца снежня не мог трапіць адвакат і не прымалі ані прадуктовую, ані рэчавую перадачы. Андрэй Шарэнда заяўляў, што палітзняволеная адмаўляецца ад беларускага грамадзянства на знак пратэсту супраць катаванняў у калоніі.

У пачатку чэрвеня 2023 года стала вядома, што палітзняволеную адправілі на псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках. 23 чэрвеня стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк дастаўлена ў СІЗА №1. Этап Паліны з Рэчыцкай жаночай калоніі № 24 да «Валадаркі» цягнуўся 18 сутак.

З 23 жніўня 2023 года Паліна трымала галадоўку. 30 жніўня спыніла, бо, як паведамлялася, «яе патрабаванні аб больш чалавечых умовах побытовага ўтрымання былі выкананыя».


Глядзіце таксама

2 кастрычніка 2023 года ў судзе Рэчыцкага раёна разглядалася новая справа Паліны паводле ч. 2 арт. 411 КК. На першым судовым пасяджэнні Паліна заявіла пра збіванні ў зарэчанскай калоніі — быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы. Са словаў Шарэнды-Панасюк, яе збілі іншыя зняволеныя папраўчай калоніі № 24 па наводцы адміністрацыі. Таксама яна заявіла пра жорсткія ўмовы ў калоніі, ізалятары часовага ўтрымання рэчыцкага РАУС і ў гомельскім СІЗА цягам года.  Акрамя гэтага, яна распавяла пра ўмовы ўтрымання ў рэчыцкім ІЧУ: яна спіць на падлозе, бо ёй не выдалі ні матраца, ні пасцельнай бялізны, а таксама забралі ўсе асабістыя рэчы. Таксама яна неаднаразова падкрэслівала, што ўсе парушэнні былі проста фармальнасцю за яе грамадзянскую пазіцыю. На пачатку працэсу Паліна нагадала, што не лічыць гэты суд законным і не належыць гэтаму суду, бо напісала адмову ад беларускага грамадзянства, а сам працэс назвала проста фарсам.

Пракурор запрасіў год зняволення, гэта максімальны тэрмін, які прадугледжваецца згодна з гэтым артыкулам. 9 кастрычніка суддзя агучыў вырак: 1 год і 3 дні калоніі.

У пачатку студзеня 2024 года муж Паліны паведаміў у фэйсбуку, што Паліна знаходзіцца ў калоніі № 24 (Зарэчча, Рэчыцкага раёна). Пра гэта ён даведаўся з адказу ад адміністрацыі калоніі.

У сакавіку 2024 года муж палітзняволенай Андрэй распавёў пра ціск на Паліну: «Паліна прабыла ў атрадзе пасля карантыну прыкладна 2-3 тыдні. У канцы студзеня-пачатку лютага яе кінулі ў ШІЗА. У атрадзе яна з'явілася толькі ў самым канцы лютага, выглядала вельмі бледнай і схуднелай. Увесь гэты час Паліна была ў ШІЗА, імаверна 20 сутак. У пачатку сакавіка Паліна ізноў знікла з атраду, але куды, невядома».

У канцы сакавіка лукашэнкаўскія медыя апублікавалі «інтэрв'ю» з Палінай, у якім яна сказала, што напісала прашэнне аб памілаванні і спадзяецца на станоўчы вынік.