Камітэт ААН запатрабаваў ад Беларусі прыняць меры ў абарону Паліны Шарэнда-Панасюк
19 сакавіка 2024 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ) запатрабаваў ад Беларусі тэрмінова прыняць часовыя меры для абароны Паліны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі.
Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, які атрымаў «НЧ», у студзені 2024 года КЛДЖ зарэгістраваў скаргу Андрэя Шарэнды адносна дыскрымінацыі яго жонкі, Паліны Шарэнда-Панасюк, якая была незаконна асуджаная за нібыта абразу прадстаўнікоў улады і прымяненне гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, а пазней двойчы — за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі.
Паліна адбывае тэрмін у калоніі і ўвесь гэты час знаходзіцца ў невыносных умовах: яе шматразова ўтрымлівалі ў ШІЗА і памяшканні камернага тыпу, ёй не аддавалі перадачы (у тым ліку і медыцынскія пасылкі з патрэбнымі ёй лекамі) і лісты; ёй не выдавалі бялізну, з-за чаго ёй прыходзілася спаць на падлозе, у камерах не было ацяплення і гарачай вады. Знаходжанне ў бесчалавечных умовах моцна паўплывала на Паліну і значна пагоршылі стан яе здароўя, аднак адміністрацыя калоніі ніяк не рэагавала на шматлікія запыты забяспечыць жанчыну неабходнай медыцынскай дапамогай.
З 8 студзеня 2024 года з Палінай няма сувязі: ад яе не прыходзяць лісты, і адвакату не даюць убачыцца з ёй.
Паколькі доўгае знаходжанне ў невыносных умовах без медыцынскай дапамогі і без сувязі са знешнім светам негатыўна адбіваецца на фізічным і псіхалагічным здароўі вязняў, юрысты і юрысткі Respect-Protect-Fulfill звярнуліся да КЛДЖ з запытам прыняць часовыя меры па гэтай справе.
Камітэт пагадзіўся з аргументамі і папрасіў Беларусь «у тэрміновым парадку забяспечыць Паліне Шарэнда-Панасюк паўнавартасную і належную медыцынскую дапамогу і стварыць умовы, якія б спрыялі захаванню яе жыцця, фізічнага і псіхалагічнага здароўя». Часовыя меры КЛДЖ абавязковыя да выканання.
Забеспячэнне часовых мер у дадзеным выпадку з’яўляецца важным крокам у развіцці практыкі КЛДЖ у справах супраць уладаў Беларусі, бо гэта першы выпадак у гісторыі працы беларусаў і беларусак з гэтым механізмам.
КЛДЖ — гэта міжнародны орган, які сочыць за выкананнем Канвенцыі аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Беларусь удзельнічае ў дадзенай Канвенцыі з 1981 года.
Зварот у КЛДЖ — адзін з нешматлікіх шляхоў як беларускі могуць адстойваць свае правы ў міжнародных прававых механізмах.
Respect-Protect-Fulfill — гэта беларуская незалежная няўрадавая некамерцыйная праваабарончая
арганізацыя, якая базуецца ў Літве. Прасоўвае
правы чалавека ў Беларусі і за яе межамі праз стратэгічныя
справы ў грамадскіх інтарэсах. Працуе з органамі ААН і іншымі міжнароднымі механізмамі,
аддаючы прыярытэт тэмам, якія яшчэ не былі аб'ектам іх увагі.