Экс-палітзняволеная з Беларусі вылучаецца ў дэпутаты на выбарах у Варшаве

Былая дырэктарка польскай школы ў Брэсце Ганна Панішава вылучыла сваю кандыдатуру на выбарах у органы мясцовага самакіравання ў Варшаве, яна прадстаўляе партыю «Права і Справядлівасць», піша «Позірк».

Выбарчы плакат са старонкі Ганны Панішавай у Фэйсбуку

Выбарчы плакат са старонкі Ганны Панішавай у Фэйсбуку

Былы дырэктар польскай школы ў Брэсце Ганна Панішава вылучыла сваю кандыдатуру на выбарах у органы мясцовага самакіравання ў Варшаве, яна прадстаўляе партыю “Права і Справядлівасць”, піша «Позірк».

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Ганна Панішава паведаміла, што балатуецца ў варшаўскім раёне Макотуў і прэтэндуе на пасаду дарадцы ў камандзе былога кіраўніка Мазавецкага ваяводства Тобіяша Бачэньскага, які вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду мэра польскай сталіцы.

Выбары ў Варшаве пройдуць 7 красавіка.

Глядзіце таксама

Ганна Панішава — фігурантка “справы палякаў”, па якой таксама праходзілі кіраўнік неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс, намеснік старшыні саюза журналіст Анджэй Пачобут, кіраўніца лідскага аддзялення СПБ Ірэна Бярнацкая і дырэктар грамадскай школы пры саюзе ў Ваўкавыску Марыя Цішкоўская.

Яны былі затрыманыя ў сакавіку 2021 года і абвінавачаныя паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»). У канцы траўня Панішаву, Бярнацкую і Цішкоўскую вывезлі ў Польшчу без права на вяртанне.

За вызваленне на прэс-канферэнцыі яны падзякавалі прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду.


Глядзіце таксама

Абвінавачанні супраць Борыс былі знятыя ў красавіку 2023 года. Да гэтага яна год знаходзілася пад вартай, затым была пераведзена пад хатні арышт.

8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Пачобута да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361 («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») КК.

Фігуранты справы былі прызнаныя палітвязнямі.