Вызваленыя дзяячкі Саюза палякаў: «Мы не ведалі, куды едзем»

За дапамогу ў вызваленні з-пад варты ў Беларусі трое прадстаўніц польскай меншасці — Ганна Панішава, Марыя Цішкоўская і Ірэна Бярнацкая — падзякавалі польскаму ўраду, паведамляе «Белсат».

Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава. Фота: belsat.eu

Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава. Фота: belsat.eu

— Да прыезду ў Польшчу мы не ведалі, куды едзем. Мы не падпісвалі на мяжы ніякіх дакументаў, — распавяла Ірэна Бярнацкая, кіраўніца «Саюза палякаў у Лідзе».

На прэс-канферэнцыі ў Варшаве яна паведаміла, што, калі яна была арыштаваная, у турму прыязджаў польскі консул і пытаўся ў затрыманых жанчын, ці гатовыя яны прыехаць у Польшчу.

— Нам, вядома, не хацелася з’язджаць, але як выйшла, так выйшла. Мы ўжо тут, не бачылі ніякіх дакументаў, не падпісвалі на мяжы, што хочам зʼехаць, — распавяла яна.

Ірэна Бярнацкая дадала, што ў дзень вызвалення ім далі падпісаць дакумент аб змене ўтрымання пад вартай, аднак яны не ведалі месца прызначэння.

— «Куды вы нас везяце? — Пані ўбачыць». І прывезлі нас на мяжу. Мяне прывезлі нават без пашпарта, і вось мы тут, — сказала яна.

Яна дадала, што «ўдзячная польскаму боку», падзякавала прэзідэнту і Міністэрству замежных спраў.

— Я хацела перадаць падзяку польскай дзяржаве, якая выратавала мяне з турмы, — сказала Ганна Панішава, кіраўніца «Форуму польскіх мясцовых ініцыятыў у Берасці».

Панішава, якая перасоўваецца на мыліцах, распавяла, што выхад з турмы выратаваў яе здароўе, бо яна была збітая падчас арышту і цягам двух месяцаў ніхто не аказваў ёй медыцынскай дапамогі. Знаходзячыся ў турме, яна таксама падвяргалася шматлікім псіхалагічным катаванням.

— Вялікі дзякуй спадару прэзідэнту Анджэю Дудзе, бо дзякуючы яго ўдзелу і ўдзелу консульска-дыпламатычных служб мы ўтрох змаглі апынуцца тут, — сказала Ганна Панішава.

Яна адзначыла, што не можа шмат распавесці пра абставіны вызвалення, бо ў Беларусі па-ранейшаму вядзецца крымінальная справа. Не хаваючы хвалявання, сказала, што яе абвінавацілі ў праслаўленні нацызму, што было для яе «жорсткім абвінавачаннем», бо яе сямʼя таксама пацярпела ў той перыяд. Панішава прызналася, што яе абвінавачвалі пракуроры з Брэста, якія таксама належаць да польскай меншасці.

Старшыня аддзялення СПБ у Ваўкавыску Марыя Цішкоўская патлумачыла, што бесчалавечныя ўмовы ў турме можна вытрымаць, бо чалавек верыць у Бога.

— Мы сапраўды адчувалі, што польскі бок не пакіне нас адных, — сказала яна.

Яна падкрэсліла, што правяла два месяцы ў беларускай турме паводле недарэчнага абвінавачання, у якое, паводле яе, не верылі нават супрацоўнікі вязніцы.

— Нянавісць паміж народамі, паміж рэлігіямі — гэта было абсурдна, — заявіла яна.

Цішкоўская дадала, што яна і іншыя вызваленыя актывісткі польскай меншасці ў Беларусі сумуюць па доме. Яна таксама выказала надзею, што справа хутка праясніцца і яны змогуць вярнуцца ў родны дом, хоць, як яна адзначыла, у Польшчы яны таксама адчуваюць сябе як дома.

— Вельмі шкада, што да палякаў у Беларусі так ставяцца. Мы нарадзіліся палякамі на гэтай зямлі, вучылі дзяцей польскай мове, памяталі пра месцы нацыянальнай памяці, пра жаўнераў, якія загінулі на ўсходзе. Нічога дрэннага мы не рабілі, — сказала Цішкоўская.