Хронікі рэпрэсій за 20 сакавіка

Восем новых палітвязняў і ператрусы па крымінальнай справе ў дачыненні да прадстаўнікоў «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа», паведамляюць праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • У Беларусі яшчэ 8 чалавек прызнаныя палітвязнямі:  гэта Аляксандр Піскуноў, Яраслаў Вердыш, Аляксандр Яўціхаў, Дзмітрый Гут, Яўген Тоўсцік, Аляксандр Паліўка, Павел Кунцэвіч, Іван Асіповіч.
  • Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да прадстаўнікоў «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа»

У СК заявілі, што прадстаўнікі гэтых ініцыятыў «спрабавалі прычыніць шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі».

«У цяперашні час Следчы камітэт мае поўную інфармацыю больш чым пра 100 прадстаўнікоў радыкальных дыяспар. Ужо ўстаноўлена больш за 30 аб'ектаў нерухомасці, якія належаць фігурантам, на тэрыторыі нашай краіны», — гаворыцца ў паведамленні СК.

Крымінальная справа распачатая па арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

Напачатку сакавіка ініцыятывы «Народные посольства» («Беларусы зарубежья»/«Беларусы замежжа») былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Сёння ж па гэтай справе дыяспаральных актывістаў сілавікі зладзілі шэраг ператрусаў.

  • У Мінску зладзілі ператрус у кватэры ў кіраўніка Malanka Media і платформы ZUBR Паўла Марыніча.

«Ператрус праходзіць у кватэры па месцы прапіскі, дзе пражывае родны брат з сям'ёй. Пакуль інфармацыі няма, чакаю копію пратакола ператрусу. У Мінску я не жыву з 2010 года і ў Беларусі ўвесь гэты час не быў. Пакуль я не ведаю, што яны там шукаюць, проста ствараюць «конскі тупат», а можа чарговую крымінальную справу ўжо сфальсіфікавалі», — сказаў @malanka Павал.

Днямі Паўлу прызначылі 4 гады калоніі завочна па справе за зрыў рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе.

  • «Экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаная інтэрнет-крама адзення і сувеніраў
 Вольга і Сяргей Верамеенкі

 Вольга і Сяргей Верамеенкі

У Беларусі з'явіліся новыя «экстрэмісцкія фармаванні» — гэта ініцыятыва «Голас», эстонскі фонд «Fund of Belarus friends» і інтэрнет-крама з нацыянальнай сімволікай «Адметнасць».

Па версіі КДБ, да ініцыятывы «Голас» мае дачыненне Павел Лібер, а да крамы «Адметнасць» — Вольга і Сяргей Верамеенкі.

  • Палітвязня Анатоля Латушку могуць перавесці на турэмны рэжым
Анатоль Латушка

Анатоль Латушка

Анатоль — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня 2022 года Анатолю прысудзілі 6 гадоў калоніі, Ліліі Ананян — 5 гадоў «хатняй хіміі», Алене Маліноўскай) — 4 гады калоніі. Іх затрымалі 31 студзеня за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах герба «Пагоня» і змясцілі пад варту. 

Пасля затрымання Латушкі было вядома, што яго збівалі. Падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасці прымянення фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС. Жонку Анатоля таксама асудзілі праз тры тыдні пасля мужа. Алене прысудзілі 2,5 гады «хатняй хіміі».

Стала вядома, што 22 сакавіка ў Шклове адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання на турэмны. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Тараканаў.

  • Сенат Польшчы аднагалосна прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем да беларускіх уладаў вызваліць палітвязня Андрэя Пачобута 

У рэзалюцыі Сенат асуджае «ганебны акт парушэння правоў чалавека і асноўных правоў нацыянальных меншасцяў», якім стала асуджэнне і зняволенне Пачобута і патрабуе ад беларускіх уладаў яго неадкладнага вызвалення.

Сенатары таксама выказалі «самую высокую ацэнку непахіснай барацьбе Пачобута за права на польскасць і свабоду ў Беларусі», а таксама салідарнасць з яго сям'ёй і ўсімі, хто змагаецца за яго вызваленне.

Сенатары таксама звярнулі ўвагу на неабходнасць узмацнення жорсткасці санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.


  • Сілавікі затрымалі адміністратара мінскага рэстарана
Мікіта Лявіцкі

Мікіта Лявіцкі

Мікіту Лявіцкага абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

  • Аленe Каспяровіч асудзілі за абразу прадстаўніка ўлады да «хатняй хіміі» і штрафу

Суд Партызанскага раёна Мінска вынес прысуд Алене Каспяровіч, абвінавачанай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады — выконваючага абавязкі начальніка УДВП па Віцебскай вобласці Ж. (арт. 369 КК). У публікацыі вялася гаворка аб тым,  што міліцэйскі начальнік дазваляў сабе здзекі над зняволенымі.

Справу разглядала суддзя Вераніка Абзалімава. Алена знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за непаўналетнім дзіцем, які мае інваліднасць, а таксама даглядае састарэлых бацькоў. Пасля затрымання да суда знаходзілася пад падпіскай.

Суд прызначыў жанчыне 1,5 года «хатняй хіміі», а таксама штраф у памеры 50 базавых велічынь, што складае 2 000 рублёў.


  • У Віцебску ліквідавалі Беларускае грамадскае аб'яднанне па артэрыяльнай гіпертаніі
ha_pa_hipertanii.jpg

Пасяджэнне па ліквідацыі прайшло 19 сакавіка ў Віцебскім абласным судзе пад кіраўніцтвам Наталлі Лях. Ініцыятарам выступіла Міністэрства юстыцыі РБ.

Грамадскае аб'яднанне па артэрыяльнай гіпертаніі мае агульнарэспубліканскі статус, але было зарэгістравана ў 2000 годзе на базе Віцебскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта. З той пары яно арганізавала больш за 10 міжнародных навукова-практычных канферэнцый, прычым яны праводзіліся пад эгідай беларускага Міністэрства аховы здароўя. Падчас гэтых форумаў прадстаўнікі розных краін дзяліліся ўласным досведам лячэння пацыентаў з падвышаным ціскам.

Старшынёй праўлення грамадскай структуры з'яўляецца вядомы кардыёлаг, заслужаны дзеяч навук Беларусі, доктар медычных навук, прафесар Уладзіслаў Падпалаў. Ён аўтар больш як 350-ці навуковых і навукова-метадычных прац і 7-мі вынаходніцтваў, з якіх 6 маюць аўтарскія патэнты.

  • Затрыманы хрысціянскі прапаведнік Сергій Мельянец
Сергій Мельянец

Сергій Мельянец

Стала вядома пра затрыманне вядомага ў Мінску хрысціянскага прапаведніка, паэта і выканаўцы аўтарскай песні, шматдзетнага бацькі Сергія Мельянца. Яго судзяць па адміністрацыйным артыкуле.

Прычыны і падстава да пераследу, а таксама мера спагнання, якой падвергнуўся Мельянец, на гэты момант невядомыя.

  • Сілавікі затрымалі жыхара Брэста — ён «пісаў экстрэмістам»

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчына пісаў «дэструктыўныя ідэі» у тэлеграм-каналы і чат-боты некаторых праектаў і ініцыятыў. Таксама затрыманы нібыта абражаў Лукашэнку.

Вядома, што ў мужчыны ёсць непаўнагадовае дзіця.


  • Баранавіцкага праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка асудзілі за “непадпарадкаванне міліцыянту”
Аляксандр Вайцешык

Аляксандр Вайцешык

Згодна з раскладам судоў на сайце Вярхоўнага суда, 13 сакавіка ў Баранавічах Аляксандра асудзілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі). Справу разглядала суддзя Вікторыя Пакунова. Верагодна, суд прызначыў Вайцешыку адміністрацыйны арышт.

Сілавікі таксама апублікавалі відэа таго, як выломвалі дзверы ў кватэру Вайцешыка.

  • Эдуарда Бабарыку трымаюць у ПКТ, каб пасля перавесці ў турэмныя ўмовы

Палітвязень Эдуард Бабарыка, які адбывае тэрмін у папраўчай калоніі №2 у Бабруйску, знаходзіцца ў ПКТ — памяшканні камернага тыпу, піша «Наша Ніва».

Сын Віктара Бабарыкі трапіў у бабруйскую калонію ў канцы 2023 года ці самым пачатку 2024 года. У адрозненне ад астатніх вязняў яго фактычна так і не размеркавалі ні ў адзін атрад — ад самага старту Бабарыку-малодшага закідалі дысцыплінарнымі спагнаннямі і ізалявалі ад іншых зняволеных.

Логіка адміністрацыі ў тым, каб хутка «прапусціць» статуснага палітвязня праз ШІЗА і ПКТ. І тым самым стварыць фармальную магчымасць для таго, каб перавесці яго на турэмныя ўмовы ўтрымання.

  • Кіраўнік ліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук дагэтуль знаходзіцца за кратамі
Дзмітрый Кучук

Дзмітрый Кучук

Дзмітрыя Кучука затрымалі, калі ён хацеў ушанаваць памяць Навальнага каля расійскай амбасады. Пра гэта паведамляе ў facebook Ігар Барысаў.

«На суткі Зміцер патрапіў тады, калі пайшоў ускладаць кветкі і запальваць лампадку да амбасады Расіі ў дзень смерці Навальнага. Не мог стрымаць свой унутраны імпэт, каб не зрабіць гэта. Там і затрымалі.

Чакалі на волі ў нядзелю 17-га, бо ў гэты дзень заканчваліся 30 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак дагэтуль ён не на свабодзе. Родныя не ведаюць дзе і што з ім».

  • Памёр бацька палітзняволенага Міколы Статкевіча Віктар
viktarr_statkevicz.jpg

Пра гэта ў Facebook паведаміла ў facebook жонка палітвязня Марына Адамовіч.

З самім Міколам Статкевічам няма сувязі ўжо больш за 400 дзён.