Нявывучаныя урокі дэградуючых постсавецкіх кіраўнікоў

Днямі беларускія ўлады апублікавалі ў СМІ тэкст новай ваеннай дактрыны, прынятай на так званым УНС. Важкая частка дакумента так ці інакш звязана з абаронай кіруючага палітычнага рэжыму. Але ў ворагах — народ Беларусі, а вайну супраць народу яшчэ ніхто не выйграваў.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__28__logo.jpg

У раздзеле «Забеспячэнне ваеннай бяспекі» многія артыкулы наўпрост прысвечаныя абароне рэжыму з дапамогай рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да грамадзян Беларусі. Ён падаецца аўтарамі як нейкая безумоўная каштоўнасць, абараняць якую павінны ўзброеныя сілы дзяржавы, піша BGMedia.

Галоўная пагроза для Беларусі — самі беларусы?

Так, новая дактрына (у адрозненне ад папярэдняй) дапускае прымяненне ваеннай сілы ў мірны час для «недапушчэння дэстабілізацыі абстаноўкі ў РБ у рамках антыкрызіснага рэагавання» (гэта значыць, напрыклад, для падаўлення пратэстаў супраць самавольства ўладаў); загадвае «падтрымліваць унутрыпалітычную стабільнасць» і процідзейнічаць стварэнню ў Беларусі і за яе межамі «экстрэмісцкіх арганізацый і фарміраванняў», дзейнасць якіх накіравана на змену дзеючай улады «з выкарыстаннем сродкаў узброенай барацьбы».

Для нейтралізацыі пагрозы «ўнутранага ўзброенага канфлікту» дактрына загадвае праводзіць «тлумачэнне насельніцтву недапушчальнасці і незаконнасці ўдзелу ў супрацьпраўных узброеных дзеяннях». Гэта відавочная рэакцыя ўладаў на адну са сваіх фобій — пра нібыта рыхтаванае ўзброенае паўстанне супраць рэжыму.

У ліку іншых ваенных небяспек, указаных у дактрыне — распаўсюджванне ў грамадстве ідэй касмапалітызму (на хвілінку, сістэмы поглядаў, у якой людзі лічаць больш важнымі інтарэсы чалавецтва, чым інтарэсы асобнай краіны або палітычнага рэжыму), а таксама апатрыдызму (калі людзі дапускаюць, што могуць нармальна існаваць, адмовіўшыся ад грамадзянства).

Аўтары новай дактрыны сцвярджаюць: касмапалітызм і апатрыдызм прыводзяць «да адмовы ад традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў і арыенціраў», перашкаджаюць грамадзянам выконваць «святы абавязак па абароне Айчыны». Яшчэ адна ўнутраная вайсковая небяспека ў гэтым спісе — «правакаванне ў беларускім грамадстве варожасці па ідэйна-палітычных перакананнях». Але менавіта гэтым займаецца дзяржпрапаганда шмат гадоў запар.

Якіх яшчэ працэсаў унутры Беларусі асцерагаюцца цяперашнія ўлады? У іх ліку масавае «ўхіленне грамадзян РБ ад прызыву на ваенную службу, некантралюемая міграцыя грамадзян за мяжу, якая вядзе да зніжэння ваеннага патэнцыялу дзяржавы; ажыццяўленне агітацыі, якая падрывае давер насельніцтва Беларусі да ваенна-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы і прымаемых ім рашэнняў».

І яшчэ адзін вельмі паказальны момант: дакумент тройчы (!!!) згадвае ў якасці знешняй пагрозы... этнічных беларусаў! На думку аўтараў ваеннай дактрыны, яны могуць распрацоўваць механізмы змены ўлады, ствараць узброеныя фармаванні, якія імкнуцца да змены ўлады, ці нават пранікаць на тэрыторыю Беларусі з-за мяжы.

А цяпер паспрабуйце прадставіць падобныя палажэнні ў галоўных абаронных дакументах іншых дзяржаў. Напрыклад, Германія прызнае сур'ёзнай пагрозай этнічных немцаў, Польшча — этнічных палякаў, Ізраіль — этнічных габрэяў... Такое ў нармальнай галаве проста не ўкладаецца. Але ў тых, хто гэта ўсё распрацоўваў і аднагалосна прымаў на УНС, то бок у лукашыстаў, усё ўклалася.

Зрэшты, колькі ваенных дактрын ні прымай, усе выдатна будуць памятаць пра тое, як з тэрыторыі нашай краіны войскі агрэсара ўварваліся на тэрыторыю суседняй дзяржавы. Гэта напэўна будзе накладваць адбітак на адносіны Беларусі з іншымі краінамі як мінімум да змены палітычнага рэжыму, адказнага за саўдзел у поўнамаштабнай вайне. Пакуль жа большасць нашых суседзяў не лічаць Беларусь прадказальным і надзейным партнёрам.

Глядзіце таксама

«Прагрэс у рамках парадку»

Між тым, начальнік ГУЛАГу апошнім часам шмат кажа: маўляў, трэба хутчэй скончыць унічыю расійска-ўкраінскую вайну. Ён разумее — перамога адной з бакоў не абяцае яму нічога добрага. Выйграе Украіна-і з высокай доляй верагоднасці падае «старэйшы брат». Перамагаюць Пуцін і К* — у іх будзе спакуса развіць поспех на Балтыйскім кірунку. Тады Беларусь амаль напэўна не зможа пазбегнуць ваеннага сутыкнення з НАТА.

Невыпадкова крамлёўскі гаўляйтар прагаворвае: мы не можам закрыць мяжу, калі нешта пачнецца. Яму сапраўды страшна ад таго, у што гэта можа выліцца. І прапановы аб «нічыёй» азначаюць яго ўнутранае жаданне пазбегнуць горшага для сябе сцэнара.

Але цяпер Лукашэнка адпраўляе мэсэджы ў розных кірунках. Унутры краіны — сядзець пад ліштвой і не высоўвацца. У Расіі ён бясконца распавядае, як мы паспяхова змагаемся з Захадам. А ў бок Захаду гучыць такое пасланне: не смейце ўмешвацца ў мае справы, дапамагаць «усякім беглым», тады я не буду ствараць вам праблемы.

Відавочна, гэта адчай. Яго прыкметай з'яўляецца поўная адсутнасць пазітыўнай павесткі. Лукашэнка часта паўтарае: наступны год будзе яшчэ горшым.

У цэлым паспяховы кіраўнік павінен гаварыць, што мы развіваемся, і наступны год павінен стаць лепшым за папярэдні. Але нават на гэта дыктатар з 30-гадовым стажам ужо не здольны. Ён здольны толькі палохаць. Выкладаючы тое, што Габрыэль Гарсія Маркес у сваім несмяротным рамане «Восень патрыярха» насмешліва называў «прагрэсам у рамках парадку».

Мы «прагрэсуем» асабліва прыкметна чатыры апошнія гады — гэта больш, чым нацысцкая акупацыя Беларусі, 80-годдзе заканчэння якой краіна рыхтуецца пышна адзначыць гэтым летам.

Глядзіце таксама

Колькі не адцягвай свой канец, ён усё роўна непазбежны

«Восень патрыярха» настала і ў Расіі. Фактычна, сёння кіруючая эліта РФ уяўляе сабой архаічнае саслоўе, якое ўступіла ў жорсткае супярэчнасць з больш развітым соцыўмам і эканамічнай мадэллю. Пры гэтым дэградацыя кіруючай эліты ідзе значна хутчэй, чым заняпад усёй сацыяльнай сістэмы, што перадвызначае крызіс кіравання.

Расія сама, без усялякіх ЦРУ і Масада, павольна, але дакладна ўваходзіць у стадыю крушэння ваенна-паліцэйскай імперыі. Яна прасунулася па шляху самаразбурэння ўжо досыць далёка, а галоўнае — незваротна.

Вярнуцца да нармальнай сістэмы кіравання без тэрору, вайны і рэвалюцыі ўсходняя суседка проста не ў стане. Гэта квіток у адзін канец. І як яго (гэты канец) не адцягвай, ён усё роўна наступіць, прычым значна хутчэй, чым многія думаюць. Перадумовы да таго ўжо ёсць: яны праяўляюцца не толькі і не столькі на фронце (хоць і там таксама), колькі ў тыле. Самае жудаснае, што яшчэ тысячы людзей пуцінскі рэжым можа адправіць у магілу, перш чым сыдзе туды сам.

Калі паглядзець інфармацыю аб расійскіх стратах ва Украіне за два з лішнім гады поўнамаштабнай вайны (нават, калі падзяліць напалам любыя даныя, акрамя даных МА РФ) — гэта як мінімум 200-250 тысяч забітымі і зніклымі без вестак. У дзясяткі разоў больш, чым СССР і Расія страцілі ва ўсіх войнах пасля Другой сусветнай. А калі не дзяліць папалам (465 тысяч паводле звестак брытанскай выведкі!), гэта нават больш, чым амерыканцы страцілі на ўсіх франтах Другой сусветнай вайны (418 тысяч).

Наколькі яшчэ хопіць рэсурсаў у краіны-агрэсара? З пункту гледжання народанасельніцтва — магчыма, на дзясяткі гадоў. Іншае пытанне, што ваенная спружына не можа сціскацца бясконца, нават у такой краіне, як Расія. У яе заўсёды ёсць мяжа трываласці. І як толькі спружына надломіцца і лопне, вызваленая назапашаная энергія непазбежна ўдарыць па тых, хто прымусіў яе так моцна сціскацца.

Гэта элементарныя законы фізікі, на якія, падобна, начхаць цяперашнім кіраўнікам РФ, якія ўявілі сябе свяцей за папу Рымскага і мацней за Навухаданосара, Аляксандра Македонскага, Напалеона разам узятых. Усе яны, дарэчы, дрэнна скончылі. Але гісторыя, як і фізіка — у ліку нявывучаных урокаў дэградаваных постсавецкіх «патрыярхаў».