Савецкая «паказуха» на ўзбраенні беларускай арміі

Лукашэнкаўскія ваякі ўмеюць удала разыграць ідэальную карцінку, але калі даходзіць да справы, то да Мінска спакойна далятае нават «плюшавы дэсант», піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

_belarus_armija_vojska_vajna_zbroja_2023_fota_novy_czas__1__logo.jpg

3 траўня Аляксандр Лукашэнка наляцеў з інспекцыяй на цэнтральны камандны пункт ВПС і войскаў СПА. Паводле папярэдніх вынікаў праверкі дзяжурных сіл гэтага віду войскаў ён пахваліў людзей у пагонах. Але пры гэтым як мінімум чатыры разы абмовіўся: маўляў, добра, калі ўсё было сумленна.

«Праверка прайшла. Першае пытанне, якое мяне хвалявала, — каб гэта ўсё было аб'ектыўна і сумленна. Як вайсковы чалавек вам магу сказаць, што, калі вы праверку арганізавалі сумленна, як гэта належыць, — гэта годна», — заявіў галоўнакамандуючы. Гэтым разам ён быў не ў форме, як нядаўна ля мяжы з Літвой, а ў цывільным бомберы (зрэшты, назву гэтага прадмета гардэроба пры жаданні можна звязаць з ВПС).

Чарвячок сумневаў быў, напэўна, такі актыўны, што Лукашэнка зноў прагаварыў свой неспакой: «Адно толькі: калі гэта ўсё нечакана, раптоўна і сумленна». Калі так, то так. І праз некалькі фраз — зноў дваццаць пяць: «Таму ў мяне адна толькі насцярожанасць — каб гэта было сумленна».

Традыцыі савецкай «паказухі» квітнеюць і пахнуць

Кіраўнік любіць казыраць, што сам служыў у войску і добра ведае яе паднаготную. Але калі так, то ён, вядома ж, выдатна дасведчаны, як квітнела «паказуха» ў Савецкай Арміі, спадчынніцай якой — і па ўзбраеннях, і па духу — шмат у чым з'яўляецца цяперашняя беларуская.

Тое ж, дарэчы, адносіцца і да расійскага войска. Там яшчэ трэба дадаць і каласальную карупцыю. Менавіта таму ладная частка расійскай вайсковай тэхнікі на пачатку шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022-м проста не магла даехаць да мэты, развальвалася на хаду. Між тым, генералы хлусілі Уладзіміру Пуціну, што «возьмуць Кіеў за тры дні».


Глядзіце таксама

Так што насцярожанасць беларускага галоўнакамандуючага можна зразумець. Іншая справа, што ён сам выбудаваў сістэму, якая і ў вайсковай сферы, і на «грамадзянцы» плодзіць тут самую саўковую «паказуху». Кіраўніку дэманструюць рознага кшталту пацёмкінскія вёскі, для зносін з ім адбіраюць правераную публіку.

У мінулым месяцы на нарадзе па вёсцы Лукашэнка дапякаў падначаленых за нізкую гатоўнасць тэхнікі да сяўбы: «Становішча спраў хаваецца скажэннем аператыўнай справаздачнасці. Навучыліся гуляць лічбамі, не думаючы пра тое, што недакладныя даныя прыводзяць да памылковых кіраўнічых рашэнняў».

Так, але, па-першае, ашуканства квітнее там, дзе няма сапраўднага гаспадара, дзе эканоміка казённая, дзе ёю руляць чыноўнікі.

Па-другое, рыба з галавы гніе. Лукашэнка сам прызнаваў, напрыклад, што вертыкальшчыкі падмалёўваюць лічбы галасавання за кіраўніка. У лютым 2021 года ён, даказваючы, што ўсё роўна перамог на выбарах-2020, у палемічным запале заявіў: «Ну, ведаеце, вось адкрыта — у нашых губернатараў ёсць звычка паказаць, у каго лепш. І хто паўпрацэнта, працэнт, мог два дапісаць. Але слухайце, ну нельга намаляваць 80%.»

Увогуле, часам не да законаў. Дзеля святой справы можна і прыхлусіць. Дык ці варта здзіўляцца, што падначаленыя, ратуючы свае — гм-гм — крэслы, паступаюць менавіта ў такім духу?

Дарэчы, маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» адзначае, што падобныя па характары праверкі СПА ўжо праводзіліся некалькі разоў, пачынаючы з лютага. Выснова: «Атрымліваецца, што беларускія вайскоўцы амаль тры месяцы рэпетавалі "праверку дзяжурных сіл", каб сёння прадэманстраваць яе Лукашэнку».

Аднойчы ўжо быў «фоташоп»

Так, і што тычыцца беларускіх ВПС-СПА, то, можа, хто забыўся: у іх быў эпік фейл у ліпені 2012-га. Тады два дзёрзкія шведскія пілоты, якія ўварваліся на лёгкаматорным самалёціку з Літвы, даляцелі амаль да Мінска, раскідалі плюшавых медзведзянятаў з лозунгамі ў абарону свабоды слова і шчасна вярнуліся назад.

Карацей, доблесныя абаронцы айчыны праваронілі цэль, якая нізка ляцела. Але яшчэ ганебным было тое, што людзі ў пагонах сталі напрапалую хлусіць. Мінабароны назвала відэасведчанні гэтага паветранага рэйду фальшыўкай і фоташопам, якія гулялі па інтэрнэце. Заявы ваяк паўтаралі дзяржаўныя прапагандысты.


Глядзіце таксама

Выкрыў усіх сам Лукашэнка. Не вынесла душа паэта. Праз тры тыдні пасля інцыдэнту кіраўнік зладзіў генералам дзікі разнос, заявіў: «Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў і памылка ў сістэме аховы дзяржаўнай мяжы». У выніку страцілі пасады тагачасныя камандуючы ВПС-СПА Дзмітрый Пахмелкін і кіраўнік Дзяржпамежкамітэта Ігар Рачкоўскі, шэраг ваеначальнікаў атрымалі спагнанні.

Саюзніцтва з Масквой — парахавая бочка

Вядома, з тых часоў беларуская СПА стала мацней. Сёння міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што на ўзбраенне паступаюць самалёты Су-30см, верталёты Мі-35М, зенітны ракетны комплекс С-400 «Трыумф».

Так, але паступаюць не ў той колькасці і не ў тыя тэрміны, як хацелася б Мінску. Усё пералічанае — расійскія ўзбраенні. І яны да зарэзу патрэбныя самой Маскве, якая вядзе вайну супраць Украіны і атрымлівае моцныя «атветачкі». У прыватнасці — дронамі, якія даляталі, як вядома, і да Крамля.

Так што, у выпадку чаго, і да рэзідэнцыі кіраўніка Беларусі ў Драздах падобныя птушачкі могуць дабрацца.


Глядзіце таксама

Цяперашні камандуючы ВПС-СПА Андрэй Лук'яновіч заявіў дзяржаўнай прэсе: «Наша ваенная дактрына носіць асабліва абарончы характар. А асновай абароны любой дзяржавы з'яўляецца супрацьпаветраная абарона».

На самой справе новы варыянт ваеннай дактрыны Беларусі відавочна прайграе ранейшаму па частцы аб'ектыўнасці, стрыманасці, цвярозасці ацэнак. Дакумент, зацверджаны нядаўна так званым Усебеларускім народным сходам, носіць ярка выражаны антызаходні характар, малюе краіны NATO ворагамі. Многія тэзісы вытрыманыя ў бяздоказным прапагандысцкім духу, паўтараюць маскоўскія наратывы.

Увогуле, перашуфляваная ў канфрантацыйным ключы дактрына адлюстроўвае сумныя рэаліі: рэжым ушчэнт рассабачыўся з суседзямі, а яго залежнасць ад Крамля стала катастрафічнай.

Так, у адрозненне ад Пуціна Лукашэнка не мае імперскіх амбіцый, але саюзніцтва з агрэсіўнай імперыяй, якая, да таго ж, размясціла ў Беларусі сваю ядзерную зброю, — гэта ў прынцыпе справа слізкая, авантурная.

Але ў кіраўніка Беларусі рэальнага выбару ўжо няма, з каляіны крамлёўскага сатэліта не выскачыць. Застаецца сядзець на парахавой бочцы і ўдаваць з сябе гаранта мірнага неба.