Масавае галасаванне на даму — ноу-хау фальсіфікацыі на выбарах-2015?
У Гарадку ўжо гатовы забяспечыць масавае галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў. На некаторых выбарчых участках чацвёртая частка грамадзян будзе галасаваць на даму, адзначаюць у кампаніі назірання "Права выбару-2015".
23 верасня ў першы дзень дзяжурства ўчастковых камісій назіральнік Леанід Гаравы, які з’яўляецца каардынатарам назірання Руху “За Свабоду” па Віцебскай вобласці, зафіксаваў парушэннні на пяці выбарчых участках Гарадка, дзе за лічаныя хвіліны ў спісы для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў было ўнесена ад 87 да 360 чалавек. Падобнае парушэнне на Савецкім участку № 3 зафіксаваў і Леанід Аўтухоў, актывіст Партыі БНФ, які налічыў 157 такіх выбаршчыкаў.
Леанід Гаравы, акрэдытаваўшыся 23 верасня ў якасці назіральніка на пяці выбарчых участках, адразу ж зафіксаваў на кожным з іх аднатыпныя парушэнні. Атрымліваючы інфармацыю пра колькасць унесеных ў спісы выбаршчыкаў на ўчастку і выбаршчыкаў, якія ўключаны ў спіс для галасавання па месцы знаходжання, ён убачыў апошнюю старонку адпаведных спісаў, якая была запоўнена з парушэннем нормаў зацвержаных у дадатку №10 да пастановы ЦВК №11. Згодна з гэтай нормай трэба зафіксаваць не толькі асноўныя дадзеныя выбаршчыка, але таксама дату і час прыняцця заявы, што зроблена не было.
Але яшчэ больш гарадоцкага праваабаронцу здзівіла колькасць грамадзянаў, якія амаль за два тыдні да выбараў вырашылі прагаласаваць, не пакідаючы межаў ўласнага жытла. Такая надзвычайная актыўнасць на фоне ўсеагульнай палітычнай апатыі ў краіне падалася абсалютна ненатуральнай. Глядзіце самі: на выбарчым участку №1 Баграмянаўскім зафіксавана 1912 выбаршчыкаў, з іх — 87 пажадалі галасаваць на даму; на ўчастку №2 Камсамольскім — 2106, на даму — 172; на участку №4 Зарэчанскім — 924,на даму — 109; на ўчастку №5 Гагарынскім — 1500, на даму — 360; на ўчастку №6 Вакзальным — 1091, на даму — 193. Гэткая ж сітуацыя была зафіксаваная грамадзкім актывістам Леанідам Аўтуховым, які атрымаў акрэдытацыю назіральніка на выбарчым участку №3 Савецкім ( агулам — 1539 і на даму — 157 выбаршчыкаў).
Згодна каляндарнага плана 23 верасня ўчастковыя камісіі пачалі сваю працу. Дзяжурства было арганізавана з 17.00 да 19.00 гадзін, і за гэты час нават два члены камісіі не маглі б фізічна запісаць гэткую колькасці жадаючых прагаласаваць на даму. Відавочна — гэта было зроблена загадзя. Дадзеныя абставіны дазваляюць меркаваць, што выбаршчыкі не звярталіся з заявамі ва ўчастковыя камісіі, а камісіі самастойна аформілі спісы без усялякіх заяваў выбаршчыкаў.
24 верасня з прычыны яўнага парушэння заканадаўства — самаўпраўнай арганізацыі галасавання па месцы знаходжання выбаршчыка — у Гарадоцкую раённую камісію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праваабаронцам Леанідам Гаравым было пададзена адразу пяць скаргаў на парушэнне свабоды волевыяўлення выбаршчыкаў адпаведнымі ўчастковымі камісіямі Гарадка. У гэтых скаргах назіральнік Гаравы патрабуе прызнаць створаныя спісы для галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў несапраўднымі, абавязаць участковыя камісіі весці дадзены спіс толькі па заявах выбаршчыкаў і паінфармаваць выбаршчыкаў раёна пра дакладнае выкананне нормы выбарчага заканадаўства па арганізацыі галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў.
- У гэтых парушэннях абурае той факт, што сябрамі ўчастковых камісій парушаецца не толькі выбарчае заканадаўства, але ў першую чаргу Канстытуцыя краіны, якая ў артыкуле 64 гарантуе кожнаму грамадзяніну права прымаць альбо не прымаць удзел у выбарах.І другі момант, на які варта звярнуць увагу: гэткім чынам камісія арганізоўвае штучны рост удзельнікаў выбараў, яўка патэнцыйных выбаршчыкаў штучна завышаецца праз масавае галасаванне па-за межамі памяшкання камісіі, якое незалежным назіральнкам адсачыць будзе практычна немагчыма. Гэты этап выбараў з’яўляецца даволі спрыяльным для фальсіфікацый. Існавалі ўчасткі, на якіх амаль чвэрць выбаршчыкаў галасавала па месцы свайго жыхарства. Праўда, з такой вялікай колькасцю жадаючых, “гатовых” у першы ж день працы ўчастковых камісій запісацца для галасавання па месцы знаходжання, прыходзіцца сутыкацца ўпершыню. Але, што зробіш, прававая беспакаранасць, падштурхоўвае да прававога бязмежжа, — кажа Леанід Гаравы.
З падобнага роду парушэннямі Гаравому давялося мець справу і ў мінулым годзе пры назіранні за выбарчай кампаніяй ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Ужо тады ім была заўважана пэўная заканамернасць: колькасць жадаючых прагаласаваць па месцы жыхарства на адным і тым жа ўчастку павялічвалася ад адной выбарчай кампаніі да другой ( 80, 115, 350 грамадзян), а тут — 360 выбаршчыкаў у першы дзнь працы ўчастковых камісій. Ёсць над чым задумацца.
З улікам усяго вышэй агучанага, можна канстатаваць, што нават тады, калі на выбарчыя ўчасткі прыйдзе менш за палову выбаршчыкаў, ва ўлады застанецца досыць эфектыўны інструмент падвышэння колькасці прагаласаваўшых. І тут ужо не важна ці то гэтыя грамадзяне прагаласавалі самастойна, ці то пад ціскам членаў выбарчых камісій, якія прыехалі наўпрост да месца іхняга жыхарства. адзначаюць у кампаніі па назіранні за выбарамі “Права выбару-2015”. Нагадаем, у яе ўваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакраты", “Гавары праўду!”, Рух “За Свабоду”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу.
Паводле: Рух за свабоду