Намеснік кіраўніка ПА АБСЕ сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл патлумачылі, навошта трэба працягваць ціск на беларускія ўлады.



kent_kharsted_paobse.jpg

Спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, намеснік старшыні ПА АБСЕ Кент Харстэд  сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, акрамя яго ў сустрэчы бралі ўдзел першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. Паводле інфармацыі Лябедзькі, ніхто з кандыдатаў у прэзідэнты на сустрэчу запрошаны не быў.

«Тры гадзіны доўжылася дыскусія аб цяперашняй выбарчай кампаніі. У нас было адно пасланне — выбараў няма, на вялікі жаль, ёсць тое, што можна кваліфікаваць як выбарчы фарс. Мы гаварылі, што правядзенне свабодных справядлівых выбараў не павінна здымацца з парадку дня, і рашэннем гэтага пытання можа быць стварэнне вялікай кааліцыі прыхільнікаў пераменаў як унутры Беларусі, так і з боку міжнароднай супольнасці», — паведаміў Лябедзька.
 

Паводле яго слоў, прадстаўнікі дэмакратычных сіл спрабавалі данесці да Харстэда думку пра тое, што «трэба ціснуць на беларускія ўлады, каб яны да наступных парламенцкіх выбараў прынялі змены ў выбарчае заканадаўства, каб можна было правесці нешта, сапраўды падобнае на выбары».
 

Кент Харстэд таксама правёў сустрэчы з намеснікам старшыні палаты прадстаўнікоў Віктарам Гумінскім, старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.