Ярмошына пра разгон акцыі Статкевіча: Для міжнароднага фону гэта будзе дрэнна
Старшыня ЦВК дае прагноз датычна наступстваў сённяшняй акцыі Мікалая Статкевіча ў Мінску на плошчы Свабоды.
Экс-палітвязень Мікалай Статкевіч абвясціў, што ўвечары 23 верасня правядзе сход выбарцаў у цэнтры Мінска — на плошчы Свабоды.
Падчас выбараў праводзіць сходы для абмеркавання выбарчага працэсу могуць не толькі кандыдаты ў прэзідэнты ці іх давераныя асобы, але і шараговыя грамадзяне. Прычым у гэты час для іх таксама дзейнічае спрошчаны парадак атрымання дазволу на правядзенне такога мерапрыемства: трэба за пяць дзён да запланаванай акцыі падаць заяўку ў мясцовы выканкам.
Праўда, разважае старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, даволі сумнеўна, што Статкевічу дазволілі б праводзіць масавае мерапрыемства на плошчы Свабоды, паведамляе "Еўрарадыё".
Ярмошына: "Калі б Статкевіч звярнуўся ў мясцовы выканкам, то яму, глядзіш, для гэтых мэтаў як звычайна адвялі б плошчу Бангалор (Парк Дружбы народаў. — "Еўрарадыё"). Я думаю, што плошча Свабоды, як і ўсе астатнія плошчы, не ўключаная ў спіс месцаў для правядзення грамадска-масавых мерапрыемстваў. Нават для кандыдатаў у прэзідэнты — не кажу ўжо пра іншых грамадзян".
І калі правядзенню акцыі Статкевіча перашкодзяць праваахоўныя органы, то гэта будзе цалкам у межах іх паўнамоцтваў. Іншая справа, якім чынам гэта будзе зроблена. Бо разгон з затрыманнямі дрэнна паўплывае на агульную ацэнку выбараў назіральнікаў.
Лідзія Ярмошына: "Канешне, для міжнароднага фону, які важны для выбарчай кампаніі, гэта будзе дрэнна — гэта будзе негатыў. Шмат залежыць ад наступстваў саміх выбараў, ад атмасферы… Гэта ўсё назапашваецца. Але гэта (перашкоды правядзенню ці разгон акцыі Статкевіча. — Еўрарадыё) будзе не галоўным для прызнання ці непрызнання выбараў, таму хай ён сабе не прыпісвае нейкай выбітнасці. Але так — будзе адным з фактарам, што будзе ўлічаны".
Падчас сённяшняга сходу палітык хоча задаць Аляксандру Лукашэнку шэраг "нязручных пытанняў". Ён запрасіў і кіраўніка дзяржавы наведаць акцыю.