Мемарандум абяцанняў

Сёння ў назіральнікаў за ўкраінскай трагедыяй на слыху паняцце «нармандскі фармат». З яго дапамогай спрабуюць, а тое і спадзяюцца, знайсці выхад з гэтай трагедыі, да якой наўпрост датычная Масква.

budapeshtstkiy_memorand_0.jpg


Яе агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны ў 2014 годзе фактычна разбурылі сістэму еўрапейскай бяспекі, якая як-ніяк гарантавала тэрытарыяльную цэласнасць суверэнных дзяржаваў, што паўсталі пасля калапсу СССР. І па ходзе ўзнікнення розных дыскусій на міжнароднай арэне сталі прапаноўвацца розныя фарматы вырашэння праблемы.
Нароўні з «нармандскім» (група кіраўнікоў Францыі, Германіі, Расіі і Украіны) сталі прыгадваць, як 5 снежня 1994 года прэзідэнты Украіны, Расіі, ЗША і Вялікабрытаніі падпісалі Будапешцкі мемарандум — дакумент пра гарантыі бяспекі ў сувязі з далучэннем Украіны да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Згодна з ім, Расія, ЗША і Вялікабрытанія паабяцалі паважаць незалежнасць, суверэнітэт і існуючыя межы Украіны, устрымлівацца ад пагрозы сілай і выступілі супраць яе ўжывання адносна тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама ад аказання на яе эканамічнага ціску. Акрамя таго, падпісанты паабяцалі дамагацца неадкладных дзеянняў з боку Савета Бяспекі ААН з мэтай аказання дапамогі Украіне, калі яна стане ахвярай акта агрэсіі або аб’ектам пагрозы агрэсіі з прымяненнем ядзернай зброі. А таксама не ўжываць ядзерную і любую іншую зброю супраць Украіны, акрамя выпадку нападу на іх або іх саюзнікаў.

Якой зброяй Расія пагражала Украіне ў 2014 годзе?


Украіна ж, са свайго боку, пасля падпісання мемарандума, добраахвотна аддала сваю ядзерную зброю. Сёння кажуць, што калі б зброя засталася, то ні крымскі бліцкрыг, ні з’яўленне сепаратысцкіх анклаваў на ўсходзе Украіны не былі б магчымыя. А так, як аказалася, Будапешцкі мемарандум апынуўся банальным абяцаннем бяспекі, але не яе гарантыяй.
Праўда, у Крамлі да гэтага часу сцвярджаюць, што мемарандум у 2014 годзе не быў парушаны, бо Расія не ўжывала і не пагражала ядзернай зброяй. Але, як лічаць у Кіеве ды многіх іншых сталіцах і міжнародных арганізацыях, у Будапешцкім мемарандуме Расійская Федэрацыя абавязалася не выкарыстоўваць супраць Украіны любую зброю. Таму, калі Крэмль гаворыць толькі пра ядзерную зброю, ён адкрыта падмяняе паняцці. А цяперашнія яго парады абмяркоўваць аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны толькі ў рамках Мінскіх пагадненняў (якія застаюцца ў мёртвым становішчы на фоне таго, што баявыя дзеянні і бясчынствы сепаратыстаў пад расійскім прыкрыццём працягваюцца) вымушаюць Кіеў заклікаць да рэвізіі Будапешцкага мемарандума.
Сёння не назіраюцца якія-небудзь відавочныя прыкмты адмовы Кіева ад атрымання гарантый бяспекі і захавання тэрытарыяльнай цэласнасці праз паўнавартаснае сяброўства ў NАТО. Нягледзячы на тэлефонныя размовы паміж прэзідэнтамі Украіны і РФ і маючы адбыцца Парыжскі саміт у «нармандскім фармаце», верагодна, натаўская перспектыва можа стаць прымальнай для Украіны.

Датычнасць Беларусі да Будапешцкага мемарандума


З нагоды 25-годдзя падпісання Будапешцкага мемарандума, цалкам дарэчным будзе нагадаць, што аналагічныя мемарандумы тады ж былі падпісаныя з Казахстанам і Беларуссю. А першы і дагэтуль адзіны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які падпісаў мемарандум, неаднаразова публічна выказваў сваю ўпэўненасць, што вывад у 1996 годзе з Беларусі ядзернай зброі быў «жорсткай памылкай».
«Нельга было, гэта найвялікшы здабытак, гэта дарагі тавар, які мы, урэшце, павінны былі добра прадаць», — лічыць ён.
Можна адзначыць, што сёння і праціўнікі запуску БелАЭС прыгадваюць гэтыя словы, калі малююць уласнае бачанне будучыні пасля ўвядзення атамнай станцыі ў Астраўцы. Часам у дыскусіях на гэту тэму згадваюць, як у адказ на санкцыі ЗША за падзеі ў Мінску 19 снежня 2010 года ўлады адмовіліся ад фінансавай дапамогі ЗША ядзернай бяспецы працы ў Цэнтры ядзерных даследаванняў «Сосны» пад Мінскам. І з часам у розных колах пачалі казаць пра нейкі гіпатэтычны «іранскі сцэнар» развіцця ядзерных даследаванняў у Беларусі.
Праўда, іранскі амбасадар у Мінску адмыслова абверг чуткі пра нейкія сумесныя даследаванні ў гэтай сферы. Затое да таго часу ў Мінску паўсакрэтна з’явілася амбасада Паўночнай Карэі. А ў бягучым годзе стала вядома пра рашэнне Пхеньяна накіраваць у Беларусь першага ў гісторыі двухбаковых адносін амбасадара КНДР. На фоне вядомых дасягненняў Паўночнай Карэі ў ядзерных даследаваннях, уяўляецца цікавым павышэнне ўзроўню двухбаковых адносін з Беларуссю, чый кіраўнік «не роўна дыхае» наконт ядзерных гарантый сваёй незалежнасці.
Асабліва ў сувязі з фактычным усыпленнем Будапешцкага мемарандума. І тут прыцягвае ўвагу з’яўленне ў дзяржСМІ наступнай інфармацыі. Па словах дырэктара Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» НАН Андрэя Кузьміна: «У сувязі з пабудовай і маючай адбыцца эксплуатацыяй БелАЭС перад намі стаіць шэраг пытанняў. Напрыклад, як арганізоўваць практычныя заняткі, падтрымліваць высокі ўзровень кампетэнцыі кадраў, якія працуюць у галіне мірнага атама. Як забяспечваць навукова-тэхнічнае суправаджэнне эксплуатацыі АЭС, правядзенне эксперыментальных работ, вырабаў і абсталявання для патрэбаў атамнай энергетыкі. І ў гэтым нам можа дапамагчы новы Цэнтр ядзерных даследаванняў і тэхналогій у Соснах».
Вось такія зараз планы ў мінскіх геастратэгаў, з прытухлымі думкамі пра лёс Будапешцкага мемарандума і неабходнасці яго перагляду пасля анексіі Крыма. Незразумелым застаецца і такое пытанне: ці магчыма існаванне ў Саюзнай дзяржаве адной часткі з ядзернай зброяй, а іншай — бяз’ядзернай? Памятаецца, такое пытанне задаваў і першы кіраўнік МЗС суверэннай Беларусі Пётр Краўчанка. Сёння, напярэдадні яшчэ аднаго юбілею — 20-годдзя так званай Саюзнай дзяржавы, такое пытанне ўяўляецца больш як актуальным. Як тут ні прыгадаць яшчэ адно адкрыццё пра ядзерную зброю Лукашэнкі: «Калі б у нас была гэта зброя, з намі б цяпер па-іншаму размаўлялі».
У пагадненні пра стварэнне СНД 8 снежня 1991 года гарантавана, што сябры Садружнасці «забяспечваюць адзіны кантроль за ядзернай зброяй і яе нераспаўсюджванне». Але атрымалася інакш. Ельцын «чырвоную кнопку» перадаў Пуціну. А астатнія ўдзельнікі пагаднення аб стварэнні СНД яе так і не ўбачылі. І сёння гэта ўяўляецца як натуральны ход постсавецкай гісторыі з дамінуючай роляй Крамля і дэкаратыўным СНД, дзе запраўляе расійская карпарацыя «Газпрам».
Застаецца толькі дадаць, што, як і ў стварэнні БелАЭС, у гэтым новым Цэнтры ядзерных даследаванняў таксама актыўную ролю адыгрывае іншая расійская карпарацыя — «Расатам». Можа паўстаць пытанне пра магчымае падвойнае прызначэнне гэтых праектаў. Гісторыя развіцця іранскіх ядзерных праграмаў пры актыўным удзеле расійскіх акадэмічных і іншых структур дае багатую пажыўную глебу для разважанняў, калі навуковыя даследаванні ў ядзернай сферы становяцца шчытом незалежнасці і суверэнітэту. Прыклад Пхеньяна і Тэгерана, цяпер якія размаўляюць на роўных з Вашынгтонам, таму сведчанне. І сёння як ніколі могуць быць актуальныя словы пра «вельмі жорсткую памылку» і пра «дарагі тавар», які можна «добра прадаць».