Міхаіла Пастухова не пускаюць у прэзідэнты
Суддзя першага складу Канстытуцыйнага суду Беларусі прафесар Міхаіл Пастухоў хацеў бы балатавацца на пасаду прэзідэнта краіны на сёлетніх выбарах.
Аднак такой магчымасці ён пазбаўлены, паколькі нарадзіўся ў Бранскай вобласці: дзейная Канстытуцыя забараняе рэгістравацца кандыдатамі на вышэйшую пасаду асобам, якія нарадзіліся за межамі Беларусі. Многія юрысты лічаць абсурднай гэтую прававую норму ў прымяненні да беларускіх грамадзян, якія нарадзіліся за межамі БССР у часы адзінага Савецкага Саюзу.
Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў нарадзіўся ў горадзе Сураж Бранскай вобласці, недалёка ад мяжы з Беларуссю, у 1958 годзе. І менавіта гэта забараняе яму балатавацца на прэзідэнта.
У артыкуле 80 дзейнага Асноўнага Закону краіны запісана:
«Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі».
Мечыслаў Грыб
«Норма „грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні“ з'явілася ў Канстытуцыі толькі ў 1996 годзе пасля так званага лістападаўскага рэферэндуму, калі ў Асноўны Закон дадаліся пэўныя папраўкі і змяненні. У рэдакцыі Канстытуцыі ад 1994 году яе не было», — кажа Свабодзе Мечыслаў Грыб, чый подпіс стаіць пад першай Канстытуцыяй незалежнай Беларусі:
«У першай рэдакцыі Канстытуцыі ад 1994 году было запісана, што кандыдатам на прэзідэнта Беларусі можа вылучацца грамадзянін Беларусі. А пра месца яго нараджэння нічога не гаварылася.
А новая норма з'явілася ў 1996 годзе. Я думаю, што яна была прапанаваная альбо самім Аляксандрам Рыгоравічам, альбо яго бліжэйшымі дарадцамі. Але толькі з яго згоды.
Гэтая норма адсявала ад барацьбы за прэзідэнцкае крэсла цэлы шэраг кандыдатаў, якія жылі ў Беларусі, якія былі грамадзянамі Беларусі, але якія не нарадзіліся непасрэдна ў Беларусі. Напрыклад, гэта тычылася Ўладзімера Ярмошына. які быў старшынёй Савету Міністраў. Ён нарадзіўся на тэрыторыі Расеі. Альбо кіраўнік тэатру „Хрыстафор“ Яўген Крыжаноўскі, які нарадзіўся ва Ўкраіне. Ён нават пачаў збіраць подпісы. А я яго сустрэў і кажу: „Нічога ў цябе з гэтага, мой сябра, не атрымаецца. Бо ты нарадзіўся ва Ўкраіне“. І яму адмовілі».
Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 склікання Вячаслаў Герасіменка лічыць такую сітуацыю абсурднай:
«У нас усе да 1991 году былі грамадзянамі СССР. І толькі пасля сталі грамадзянамі Беларусі.
Я зрабіў адпаведны запыт у Канстытуцыйны суд. Прапанаваў адмяніць гэтую норму. Атрымаў адказ. Мне напісалі, што норму можна змяніць альбо праз рэферэндум, альбо сабраць 350 тысяч подпісаў — і тады гэта могуць зрабіць дэпутаты. Альбо прэзідэнт можа звярнуцца ў парламент, каб той гэтую норму змяніў».
Незадаволены такім адказам, дэпутат Герасіменка звярнуўся праз прэзідэнцкую адміністрацыю да Аляксандра Лукашэнкі:
«Я папрасіў яго: вы маеце права, вы былі ініцыятарам рэферэндуму, па вашым указанні была падпісана новая рэдакцыя Канстытуцыі. Таму, калі ласка, звярніцеся ў парламент, і няхай дэпутаты адменяць гэтую несправядлівую норму. Бо гэта дыскрымінацыя чалавека.
Учора я атрымаў адказ. Напісана, што кожны грамадзянін Беларусі мае права абіраць і быць абраным. Але пасада прэзідэнта (ліст у маіх руках) — гэта асобая пасада. І таму тут патрэбна норма, каб кандыдатам быў толькі грамадзянін Беларусі па нараджэнні. І ў канцы — няма ніякай патрэбы звяртацца ў парламент, каб выправіць гэты артыкул.
Я думаю, што гэты зварот Лукашэнку не паказалі. Ягоныя клеркі пасядзелі, пакумекалі і напісалі адказ. Падпісаў ліст спадар Буко — начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў прэзідэнцкай Адміністрацыі».
Крытычна ставіцца да нормы «грамадзянін Беларусі па нараджэнні» намеснік старшыні першага складу Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў:
Валеры Фадзееў
«Я думаю, што гэта ня самае галоўнае, дзе чалавек нарадзіўся. Самае галоўнае, каб кандыдат быў грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, у нас у законе аб дзяржаўных служачых запісана, што імі могуць быць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Але гэтая норма шмат разоў парушалася.
Праблема тут сапраўды ёсць. І яна ў тым, што мы жылі на тэрыторыі Савецкага Саюзу. І ўсе былі грамадзянамі СССР. І тады грамадзянства нейкай саюзнай рэспублікі неяк не ўспрымалася».