Міхаіл Пастухоў: Амбудсмен абароніць усіх!

Прачытаў у НЧ публікацыю Аляксея Харкевіча «Меркаванне: амбудсмен дапаможа ў адмене смяротнай кары».

8e0f1f17_97a7_458c_8666_3ab6f27f01a3_cx23_cy18_cw68_mw1024_s_n_r1.jpg


Цалкам падзяляю пазіцыю аўтара, што «ўвядзенне такой пасады ў Беларусі стала б тым прамежкавым крокам на шляху да адмены смяротнай кары, які мог бы задаволіць усіх зацікаўленых актараў».

Больш за тое, я ўжо даўно падрыхтаваў праект закона аб упаўнаважаным па правах чалавека ў Беларусі — з улікам рэкамендацый Генеральнай Асамблеі ААН у частцы, што тычыцца статусу нацыянальных устаноў, якія займаюцца заахвочваннем і абаронай правоў чалавека.

Цяпер інстытут упаўнаважанага па правах чалавека дзейнічае больш як у 100 дзяржавах. У адных краінах гэтая службовая асоба называецца амбудсмен (Швецыя, Нарвегія), у іншых — медыятар (Францыя), у трэціх — парламенцкі ўпаўнаважаны (Вялікабрытанія), у чацвёртых — упаўнаважаны па правах чалавека (у многіх еўрапейскіх краінах і краінах СНД).

Асноўным напрамкам дзейнасці ўпаўнаважанага па правах чалавека з’яўляецца абарона правоў грамадзян ад розных неправамерных дзеянняў органаў кіравання, службовых асоб і служачых дзяржаўнага апарату.

Як паказвае практыка, інстытут упаўнаважанага па правах чалавека даступны для грамадзян. Да гэтых службовых асобаў можна звяртацца ў любой форме, у тым ліку і вусна. Для абароны правоў грамадзян упаўнаважаны (амбудсмен) можа выкарыстоўваць шырокі набор сродкаў, у тым ліку зварот у суды, у пракуратуру, у парламент. Ён дзейнічае публічна. У выпадках грубага парушэння правоў чалавека ён можа паста­віць пытанне аб прыцягненні вінаватых службовых асоб да дысцыплінарнай ці нават крымінальнай адказнасці.

Тым самым інстытут упаўнаважанага па правах чалавека з’яўляецца важным інструментам у сістэме правааховы. Ён служыць дадатковым сродкам абароны правоў грамадзян, нароўні з іншымі механізмамі абароны.

Праблема заключаецца толькі ў тым, што беларускія ўлады не жадаюць уводзіць пасаду амбудсмена, як і адмяняць смяротнае пакаранне. І зноў жа ўзнікае пытанне, над якім разважае ў артыкуле аўтар: чаму?

Адразу выкажу сваё меркаванне: як і адмена смяротнага пакарання (мараторый на яго), так і ўсталяванне пасады амбудсмена — гэта абмежаванне ўлады кіраўніка дзяржавы. Бо грамадзяне часта будуць абскарджваць менавіта яго дзеянні і рашэнні, а таксама падпарадкаваных яму «праваахоўнікаў». Амбудсмену прыйдзецца разглядаць гэтыя скаргі і прымаць захады да іх задавальнення. Але як гэта зрабіць, калі скаргі датычацца найвышэйшых асобаў або служыцеляў рэжыму?

На мой погляд, менавіта кіраўнік дзяржавы не зацікаўлены як у адмене смяротнага пакарання, так і ў заснаванні пасады амбудсмена. Да таго часу, пакуль мы не рэфармуем дзейсную сістэму ўлады, ніякіх пазітыўных пераменаў у краіне не адбудзецца. Зноў жа, пакуль у краіне не будзе дэмакратычна абранага парламента, не варта ўводзіць пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека.

Пытанне аб заснаванні пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека вырашыцца лёгка і проста ў патрэбную гадзіну. І абраная будзе прыдатная асоба, што зарэкамендавала сябе на ніве абароны правоў чалавека. Ім мог бы стаць, напрыклад, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. У прынцыпе, усе супрацоўнікі гэтага цэнтра маглі б скласці офіс беларускага амбудсмена. Больш за тое, іх папярэднюю праваабарончую дзейнасць можна залічыць у стаж дзяржаўнай службы.

Пасля гэтага ўсё ў нас будзе як у лепшых еўрапейскіх краінах. Вось толькі б хутчэй дачакацца пераменаў.