
Пасля выканання прысуду нельга выправіць судовую памылку - вярнуць жыццё чалавеку. Крыніца http://www.b-g.by
Аднак, нягледзячы на тое, што ўжыванне смяротнага пакарання не звязанае з пытаннямі нацыянальнай бяспекі і падтрыманнем цэласнасці існуючай палітычнай сістэмы, беларускія ўлады працягваюць настойліва падкрэсліваць, што адмяняць яго не збіраюцца. Асноўнай прычынай называюцца вынікі рэферэндуму, праведзенага ў 1996 годзе, калі 80% грамадзян, што прынялі ўдзел у галасаванні, выказаліся за прымяненне вышэйшай меры пакарання.
На першы погляд, аргумент даволі важкі. Аднак нельга не адзначыць, што з часу рэферэндуму прайшло ўжо 23 гады. Гэта азначае, што па ўзроставых абмежаваннях у ім не маглі прымаць удзел сённяшнія беларусы ва ўзросце да 40 гадоў уключна. А гэта, між іншым, больш за палову насельніцтва краіны.
Урэшце, калі б беларусам прапанавалі зноў выказацца на гэты конт, з вялікай верагоднасцю можна сцвярджаць, што яны б зноў прагаласавалі за ўжыванне смяротнага пакарання. І зусім не таму, што беларусы больш жорсткія, чым еўрапейцы або расіяне. Грамадская падтрымка адмены смяротнага пакарання з’яўляецца рэдкім выключэннем для любых народаў. Напрыклад, у Вялікабрытаніі больш за палову насельніцтва ўпершыню выказалася супраць смяротнага пакарання толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля яго фактычнай адмены.
У адсутнасці мараторыя на смяротнае пакаранне павінна быць важкая прычына. Асобныя палітолагі сходзяцца ў меркаванні, што прычына — нежаданне ўваходзіць у Раду Еўропы, дзякуючы чаму беларускія грамадзяне сёння пазбаўленыя магчымасці скардзіцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Чаму ж тады ў іншых постсавецкіх краінах, дзе апазіцыя ўяўляе больш істотную пагрозу для дзеючай улады, ніхто праблемы са скаргамі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека не бачыць? Відавочна, што прычына не ў гэтым.
Некаторыя адзначаюць, што патэнцыйнае ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне можа выкарыстоўвацца як козыр пры перамовах з заходнімі партнёрамі па стратэгічна важных для Беларусі пытаннях. Аляксандр Лукашэнка за 25 гадоў перажыў розныя этапы адносін з Еўрасаюзам. Дзіўна, што за чвэрць стагоддзя гэты козыр так і не спатрэбіўся.
Хутчэй за ўсё, прычына нашмат банальнейшая. Мараторый на смяротную кару — вельмі непапулярнае рашэнне. Прыняцце яго Лукашэнкам у любы час беларусы адназначна расцанілі б як праяву слабасці. У сучаснай Расіі ж гэта, напэўна, будзе расцэнена асобнымі сіламі як праява антырасійскай палітыкі. Сёння ціск з боку Масквы можа апынуцца ўдвая больш балючым, бо колькасць насельніцтва Беларусі, што сімпатызуе палітыцы Крамля на міжнароднай арэне, даволі значная. У выніку кошт мараторыя на смяротнае пакаранне можа аказацца неапраўдана высокім.
Цікава, што беларускія чыноўнікі розных узроўняў у час сустрэч са сваімі заходнімі калегамі на словах падзяляюць пазіцыю еўрапейцаў адносна забароны смяротнага пакарання. Маўляў, мы разумеем, што нам трэба развівацца ў гэтым кірунку, але беларускае грамадства пакуль не гатовае. Тут чытаецца пасыл еўрапейскім партнёрам: «Нас пераконваць не трэба, пераканайце беларускіх грамадзянаў».
А вось у частцы фарміравання грамадскай думкі па гэтым пытанні ў нас, сапраўды, пакуль неаранае поле. У краіне папросту няма сілаў, якія маглі б сістэмна ўзяцца за гэтую працу.
У нашай краіне, у артыкуле 1 Канстытуцыі якой запісана, што Беларусь з’яўляецца прававой дзяржавай, дагэтуль няма пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека. Абаронцамі правоў чалавека ў цяперашні час называюць сябе толькі актывісты, магчымасці якіх абмежаваныя, і ім не пад сілу лабіяванне такіх пытанняў, як увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне.
Між тым, пасада амбудсмена — звычайная з’ява не толькі для краін Еўропы і постсавецкай прасторы, але нават і для непрызнаных рэспублік, такіх, як Абхазія, Паўднёвая Асеція або Прыднястроўе.
Увядзенне такой пасады ў Беларусі стала б тым прамежкавым крокам на шляху да адмены смяротнай кары, які мог бы задаволіць усіх зацікаўленых актараў.