Міхаіл Пастухоў: «Захаванне ўлады пад канстытуцыйнымі дэкарацыямі»
Ці сапраўды наспелі змены ў Асноўны закон і якімі яны могуць быць? Пра гэта мы пагутарылі з доктарам юрыдычных навук, экс-суддзёй Канстытуцыйнага суда Міхаілам Пастуховым.
Цягнік
Безумоўна, змены ў Канстытуцыю наспелі ўжо тры гады таму, кажа юрыст. Справа ў тым, што яшчэ ў 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка скасаваў гаспадарчыя суды, перадаўшы іх функцыі судам агульнай юрысдыкцыі. Аднак у Асноўным законе маюцца шматлікія спасылкі на Вышэйшы гаспадарчы суд і яго суддзяў. Але такой структуры ў дзяржаве ўжо не існуе. Адпаведна, трэба правесці рэферэндум, каб змяніць Канстытуцыю і прывесці яе ў адпаведнасць з рэаліямі.
Гэтае пытанне можа быць, так бы мовіць, цягніком для правядзення ў жыццё ідэі рэферэндуму. Што яшчэ можа быць вынесенае на разгляд народа?
Вагон першы: прэзідэнт праз парламент?
«Пасля парламенцкіх выбараў настаў час падумаць і пра сябе. Наперадзе ў нас выбары ў мясцовыя саветы, а потым толькі прэзідэнцкія 2020-га. Але Лукашэнку ўжо няёмка будзе выбірацца на шосты тэрмін па старому выбарчаму заканадаўству. Таму трэба нешта думаць, каб змяніць дэкарацыі. Магчымыя два варыянты: жорсткі, як у Азербайджане ці Туркменістане, калі проста падаўжаюць прэзідэнцкі тэрмін, ці варыянт Казахстану, калі першы прэзідэнт краіны — прэзідэнт да скону. Альбо больш гнуткі варыянт Арменіі: калі кіраўніка дзяржавы абірае парламент, а не народ», — разважае Міхаіл Пастухоў.
Можна лёгка пралічыць плюсы мяккага варыянту. Пры ім, адзначае Пастухоў, захоўваецца магчымасць для экс-кіраўніка дзяржавы пераабірацца праз парламент. Можна і прапанаваць надзейнага чалавека на вышэйшую пасаду, а самому сысці ў цень. Можна атрымаць плюсы ў народзе: улада дэмакратызуецца, становіцца больш ліберальнай. Можна атрымаць бонусы і ў Еўропе, бо прэзідэнцкія паўнамоцтвы ў гэтым выпадку будуць вонкава абмежаваныя, а паўнамоцтвы парламента крыху пашырацца. Парламент атрымае права прызначаць выбары, праводзіць рэферэндумы, зацвярджаць урад.
«Галоўнае тут — магчымасць захавання ўлады пад канстытуцыйнымі дэкарацыямі. Безумоўна, па форме кіравання Рэспубліка Беларусь стане больш дэмакратычнай — прэзідэнт не будзе на першым месцы. Але кіраўнік дзяржавы захавае сваю ўладу дэ-факта, бо аніякіх зменаў у ягоных паўнамоцтвах не адбудзецца», — адзначае Пастухоў.
Што ж тычыцца пашырэння паўнамоцтваў заканадаўчага органа, то ён і зараз, і пасля будзе філіялам Адміністрацыі прэзідэнта. Бо менавіта адтуль прыходзяць у парламент законапраекты, там дэпутаты атрымліваюць заробак. Гэта не зменіцца, а таму парламент і далей будзе кішэнны.
Калі захаваецца такі стан рэчаў, уладзе кіраўніка дзяржавы нішто не пагражае.
Але на паперы пройдуць заўважныя змены, што значна палепшыць імідж Беларусі ў цывілізаваным свеце. Як жа, мы перайшлі ад прэзідэнцкай да парламенцка-прэзідэнцкай формы кіравання! А тое, што гэтая форма насамрэч не адпавядае рэчаіснасці — ну дык гэта асаблівасці развіцця дэмакратыі ў Беларусі.
Вагон другі. Смяротная кара
З пазіцыі «мудрых юрыстаў», пра якіх казаў Лукашэнка, на рэферэндум можа быць вынесенае актуальнае для праваабаронцаў і Еўропы пытанне адмены смяротнага пакарання. «Гэтую пешку можна аддаць без аніякіх праблем. Галоўнае, правесці прапагандысцкую кампанію», — зазначае Пастухоў.
На гэтым можа атрымаць бонусы кіраўнік дзяржавы, які, напрыклад, адразу пасля рэферэндуму неадкладна ўвядзе мараторый на пакаранне смерцю. Гешэфт атрымаюць і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія потым увогуле смяротнае пакаранне забароняць. Дэпутаты будуць сапраўднымі героямі — адмянілі смяротную кару ў апошняй краіне ў Еўропе, СНД і на постсавецкай прасторы, дзе яна яшчэ захоўвалася.
Гэта дазволіць Беларусі ўзнавіць, а можа і палепшыць свой статус у Савеце Еўропы. Краіна значна палепшыць свой імідж на Захадзе. ЕС, у выпадку адмены смяротнага пакарання, прыме Беларусь з шырокімі абдымкамі і вялікай радасцю. Гэта, на думку Пастухова, дазволіць распачаць новы гандаль за перацягванне краіны з расійскай сферы інтарэсаў у бок еўрапейскай.
Вагон трэці. Выбары
Тэмай змен у выбарчае заканадаўства і беларускую выбарчую сістэму Захад, ужо выеў усе мазгі беларускай уладзе. Таму як падчас прэзідэнцкіх, так і падчас парламенцкіх выбараў мы ўсё больш і больш чулі пра змены: праўда, не Выбарчага кодэкса, а мадэлі выбараў увогуле. Паводле меркавання Пастухова, і — як казалі неаднаразова Мікалай Лазавік і Лідзія Ярмошына, — у краіне магчымы пераход да змешанай сістэмы выбараў. То бок, на палове акруг выбаршчыкі будуць абірацца па партыйных спісах, на другой палове — як зараз, па мажарытарных.
Галасаванне па партыйных спісах уладзе нічым не пагражае. Нарэшце рэалізуецца даўняя задума ператварыць грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» у прапрэзідэнцкую палітычную партыю, якая будзе выйграваць выбары такім жа чынам, як зараз выйграюць іх яе кандыдаты паасобку. А апазіцыянерам давядзецца штурмаваць бар’ер у 5%, каб трапіць у парламент. А мы ведаем, што і зараз прадстаўнікам дэмакратычных партый больш за 5% галасоў на выбарах не малююць. Выключэннем сталі толькі апошнія парламенцкія выбары.
Пераход да змешанай выбарчай сістэмы — цукерка для наменклатуры і ЦВК. «Белая Русь», па прыкладзе Расіі, праз дэпутатаў дацягнецца да дзяльбы бюджэтнага пірага, чыноўніцтва атрымае свой кавалак. Пад рэформу выбарчай сістэмы Лідзія Ярмошына ў чарговы раз адкіне прапанаваныя АБСЕ заўвагі і дадаткі ў правапрымяняльную выбарчую практыку. І ўсе хібы ў правядзенні выбараў спіша на гэтую рэформу, у чарговы раз адклаўшы прапановы міжнародных інстытутаў па дэмакратызацыі выбарчай сістэмы ў далёкую скрыню.
Чаму для гэтага патрэбныя змены ў Канстытуцыю? Таму што зараз там існуе артыкул 72 пра адкліканне дэпутата. А якое можа быць адкліканне, калі ён абраўся па партыйным спісе? Адпаведна, гэту норму трэба будзе неяк рэфармаваць альбо скасоўваць.
У гэтым выпадку Міхаіл Пастухоў не выключае і вяртання да аднапалатнага парламента, бо сённяшнія 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — занадта малая лічба для партыйных спісаў.
Вагон чацвёрты. Амбудсмен
Увядзенне ў Канстытуцыю нормы пра інстытут упаўнаважанага па правах чалавека — гэта яшчэ адзін «крок насустрач Еўропе» і яшчэ адна пешка, якую ёй можна аддаць без аніякіх стратаў, адзначае Пастухоў. Тым больш, што канцэпцыя ўпаўнаважанага па правах чалавека ўжо распрацаваная Рыгорам Васілевічам. Праўда, Васілевіч, распрацаваў гэтую канцэпцыю па казахскім сцэнары, калі гэтая пасада — пры прэзідэнце краіны.
Пастухоў лічыць, што мы можам пайсці і далей, аддаўшы права прызначаць амбудсмена парламенту. Калі ўжо парламент абірае прэзідэнта, чаму ён не можа прызначыць і ўпаўнаважанага па правах чалавека? Канешне, можа. І гэтым амбудсменам будзе Васілевіч, які распрацоўваў канцэпцыю ўпаўнаважанага па правах чалавека пад сябе.
«Я кажу пра канстытуцыйныя папраўкі цягам бліжэйшага года, — прагназуе Пастухоў. — Калі гэтыя папраўкі будуць падрыхтаваныя і ўхваленыя, то рэферэндум можа быць прызначаны і раней, напрыклад, увесну 2017-га. Парламенцкія выбары прайшлі па сцэнары ўлады, стэрыльнасць парламента не моцна парушаная, два апазіцыйныя дэпутаты надвор’я не зробяць. 108 дэпутатаў абяруць любога патрэбнага кіраўніка дзяржавы».
Гэтыя змены Канстытуцыі патрабуюць даволі складанай распрацоўкі. Ці здолее ўлада ў сціслы час іх падрыхтаваць? Здолее, упэўнены Пастухоў. «Я ведаю не ўсіх, але шмат, па выразе Лукашэнкі, «мудрацоў-юрыстаў», якія могуць гэта зрабіць і за месяц. А калі вельмі спатрэбіцца, то і за тыдзень», — кажа эксперт.
Хто падтрымае рэферэндум?
Міхаіл Пастухоў лічыць, што з такімі рэформамі рэферэндум падтрымаюць і Расія, і Захад. Расія — таму што нават з абраннем прэзідэнта парламентам усе рычагі ўлады дэ-факта застаюцца ў Лукашэнкі. Працэдурна ён будзе абірацца па-новаму, а кіраваць будзе, як раней — і парламентам, і ўрадам, і ўсім астатнім.
Захад прызнае рэферэндум дэ-факта. Яму будзе адвалены вялікі кавалак саступак у выглядзе скасавання смяротнай кары і ўводзінаў у заканадаўства пазіцыі амбудсмена. Пляскаючы ў ладкі наконт гэтых пераўтварэнняў, ён заплюшчыць вочы на тое, што сутнасць улады ў Беларусі не змянілася.
Да таго ж, паводле меркавання Пастухова, станоўча можа паставіцца да такіх змен Асноўнага закону і частка дэмакратычнай грамадскасці. Бо з кожнага праса будуць сцвярджаць, што гэтыя змены скіраваныя на лібералізацыю ўлады. Маўляў, «слабы» прэзідэнт, які абіраецца парламентам, адмена смяротнага пакарання, «дэмакратызацыя» выбарчага заканадаўства і іншае, — чым не лібералізацыя?
Сутнасць жа рэжыму, якая палягае ў адсутнасці палітычных, эканамічных, сацыяльных правоў і свабодаў, незалежнай судовай сістэмы і пры наяўнасці карнага апарату — застанецца ранейшай.
«Будуць распрацаваныя папраўкі ў Асноўны закон, якія зноў назавуць «новай рэдакцыяй» Канстытуцыі, выдадуць асобнымі кніжачкамі, раздадуць людзям. І гэтая кніжка будзе вельмі зваблівая для грамадскасці і для Еўропы. І за яе шмат грамадзян, якія не звыклі паглыбляцца ў сутнасць праблем, прагаласуюць», — упэўнены эксперт.