Трэба вярнуць людзям права выбару!

Правацэнтрысцкая кааліцыя ў фармаце Асамблеі народных прадстаўнікоў (АНП) 4 лістапада падае больш за 200 заявак на правядзенне пікетаў «За сумленныя выбары, супраць фальсіфікацый».

vybory_6.jpg

«Пытанне свабодных сумленных выбараў па-ранейшаму застаецца актуальным, — адзначыў у каментары сайту ucpb.org лідэр АГП Анатоль Лябедзька. — Па-першае, яно закранае інтарэсы сямі мільёнаў грамадзян Беларусі. Па-другое, калі ў людзей няма права выбару, то яны не могуць уплываць на ўладу. А гэта азначае, што пазітыўныя перамены не могуць прыйсці ў Беларусь. Усё ўзаемазвязана.

Правацэнтрысты ў фармаце Асамблеі народных прадстаўнікоў ініцыююць падачу больш за 200 заявак практычна па ўсёй Беларусі. Гэта наша пасланне грамадзянам краіны, уладзе і міжнароднай супольнасці. Пакуль пішацца канчатковы варыянт справаздачы наглядальнікаў БДІПЧ АБСЕ, гэта акцыя выглядае актуальнай. Да таго ж мы зробім праверку, наколькі ўлады прытрымліваюцца рыторыкі лібералізацыі. Дагэтуль мы атрымоўвалі адмоўныя адказы. Паглядзім як будзе зараз.

Чаму на 4 лістапада? У гэты дзень Канстытуцыйны суд 25 гадоў назад выказаўся наконт правядзення рэферэндуму па лякалах Аляксандра Лукашэнкі. Ён прыняў рашэнне, што гэта незаконныя дзеянні, што рэферэндум можа быць толькі як дарадчы і не можа мець прамых юрыдычных наступстваў».

ucpb.org