Ганна Канапацкая: Мы хочам праводзіць рэформы, а не націскаць на кнопкі
У Мінску адбылася прэсавая канферэнцыя з удзелам сябра АГП, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай.
Ганна Канапацкая распавяла пра свае планы, намеры і дзеянні ў якасці дэпутата. Яна паведаміла, што ў бліжэйшыя дні будуць фармавацца парламенцкія камісіі. Ужо вызначана, што іх будзе 14. Ганна Канапацкая хацела б прымаць удзел у працы як мінімум дзвюх з іх: камісіі па бюджэце і фінансах і камісіі па эканамічным развіцці.
Першачарговае значэнне Ганна Канапацкая надае пытанню зменаў выбарчага заканадаўства, а таксама рэфармаванню эканомікі:
“Мы падчас выбарчай кампаніі і пасля яе казалі, што ў першую чаргу хочам звярнуць увагу на тое, што ў краіне адсутнічаюць свабодныя выбары. Мы хочам вярнуць людзям права голасу, каб у нас былі сапраўдныя дэпутаты і сапраўдны заканатворчы орган. Па выніках круглага стала, праведзенага АГП, арганізаваная працоўная група, якая рыхтуе прапановы па зменам у выбарчы кодэкс. Другі накірунак — эканамічная рэформа. Мы хочам дэкрыміналізаваць эканамічныя дачыненні і выключыць з крымінальнага кодэксу такі панятак, як “ілжэпрадпрымальніцтва”.
Дэпутатка таксама выступіла ў падтрымку беларускай культуры і мовы, а таксама паабяцала адстойваць свабоду СМІ. “Буду дамагацца, каб у залю пасяджэнняў Палаты дапускалі журналістаў усіх СМІ, а не толькі афіцыйных”, — адзначыла Ганна Канапацкая.
На сённяшні момант Ганна Канапацкая вызначылася са штатным памочнікам, які будзе працаваць на акрузе. Таксама яна будзе ініцыяваць павелічэнне колькасці пазаштатных памочнікаў дэпутата да 14, па колькасці камісій, якія будуць працаваць у ПП, альбо дамагчыся дазволу, каб дэпутат меў кансультантаў-дарадцаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў і экспертаў, якія неабходныя для правядзення даўно наспелых рэформаў. Яны нічым не абцяжараць бюджэт, бо будуць працаваць бясплатна, але будуць мець пэўныя паўнамоцтвы.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька дадаў, што нядаўна сфармаваная правацэнтрыстамі Асамблея народных прадстаўнікоў будзе калектыўным дарадцам і памочнікам Ганны Канапацкай. “Мы будзем дапамагаць Ганне прасоўваць заканадаўчыя ініцыятывы ў тым ліку арганізуючы грамадскі ціск “знізу”. Чальцы Асамблеі ўжо падалі заявы на правядзенне пікетаў за свабодныя і сумленныя выбары і супраць фальшаванняў”.
Падрыхтаваны зварот Ганны Канапацкай да сваіх выбаршчыкаў, які будзе агучаны пасля таго, як пройдуць пэўныя працэдуры па пацвярджэнні мандату Ганны Канапацкай. Тады ж Ганна агучыць імя свайго штатнага памочніка.