Маніфест незалежнасці — праграма кандыдата ў прэзідэнты?

Калі Маніфест за незалежнасць Беларусі збярэ мільён подпісаў грамадзянаў, ён можа стаць пераможнай праграмай дастойнага кандыдата ў прэзідэнты на будучых выбарах, лічыць Алег Трусаў.



ukn_21_12_14_7_logo.jpg

Малітва за Беларусь

Мільён подпісаў пад Маніфестам за незалежнасць Беларусі можа забяспечыць перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, заявіў у інтэрв'ю карэспандэнту НЧ па выніках Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць, што прайшоў у Мінску 21 снежня, сустаршыня кангрэсу, вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч і гісторык Алег Трусаў.

ukn_21_12_14_4_logo.jpg

Першыя подпісы пад Маніфестам

Паводле ягоных словаў, абраная на кангрэсе рада ў складзе 17 чалавек на чале з  каардынатарам, вядомай беларускай грамадскай дзяячкай і мовазнаўцам Аленай Анісім, плануе ў наступным годзе правядзенне шэрагу пасяджэнняў кангрэсу па самых надзённых пытаннях нацыянальнага жыцця. Гаворка ідзе пра эканамічны стан краіны, пераадоленне наступстваў Чарнобылю, праблему абароны краіны і іншаземных вайсковых базаў, дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі, пытанні нацыянальнай культуры і мовы, неабходнасць рэформаў у ахове здароўя і адукацыі, сказаў Алег Трусаў. Паводле ягоных словаў, па кожнай з названых праблемаў будзе рыхтавацца асобнае пасяджэнне кангрэсу з удзелам спецыялістаў, прыняццем адпаведных рэзалюцый і накіраваннем іх ва ўрад і прэзідэнту. Такім чынам, кангрэс стане сталай пляцоўкай для абмеркавання найбольш важных праблемаў, што забяспечваюць існаванне суверэннай і незалежнай Беларусі, сказаў Алег Трусаў. Паводле ягоных словаў, праца рады будзе накіраваная на тое, каб кожны раён Беларусі меў у кангрэсе адпаведнае прадстаўніцтва. “Менавіта такім чынам трэба дамагацца ўдзелу прадстаўнікоў народа ў жыцці краіны”, — падкрэсліў сустаршыня кангрэсу.     

ukn_21_12_14_2_logo.jpg

    Прэзідыум кангрэсу

Вядомы беларускі кінарэжысёр і педагог, старшыня грамадзянскай ініцыятывы “Рада беларускай інтэлігенцыі”, сустаршыня кангрэсу Уладзімір Колас разглядае кангрэс, як  імпульс, новы шанец для кансалідацыі беларускага грамадства. “Мы бачым, што хваля беларускага нацыянальнага адраджэння, што ўзнялася напрыканцы XX стагоддзя, пайшла на спад. Мы бачым, што адбываецца з палітычнымі партыямі дэмакратычнай апазіцыі і іх лідарамі, якія ў большасці ўвогуле праігнаравалі ідэю кангрэсу. Самае станоўчае ўражанне пакінулі выступы прадпрымальнікаў — удзельнікаў кангрэсу. Гэтыя мужныя людзі, што маюць досвед у змаганні за сябе і сваю справу, гатовыя браць адказнасць у змаганні за народ і краіну. Будзем спадзявацца, што яны змогуць згуртаваць вакол сябе беларускае грамадства”, — падкрэсліў Уладзімір Колас.  

  

ukn_21_12_14_5_logo.jpg

Уладзімір Колас падпісвае Маніфест. Злева — Алег Трусаў

 

На думку вядомага беларускага праваабаронцы, доктара юрыдычных навук, прафесара, заслужанага юрыста Беларусі Міхаіла Пастухова —  былога суддзі Канстытуцыйнага суду, які захаваў адданасць прысязе і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, галоўны вынік кангрэсу ў тым, што грамадзяне, каму неабыякавы лёс краіны, сабраліся разам і ва ўвесь голас заявілі свету пра пагрозу суверэнітэту Бацькаўшчыны. Гаворка ідзе пра тое, што каб Беларусь не пазбавілася права вольна жыць і свабодна вызначаць свой лёс, клапаціцца аб кожным грамадзяніне краіны, трэба аб’яднацца і бараніць сваё ад усходняга суседа, сказаў праваабаронца. Ён выказаў задавальненне, што гэтае меркаванне падзяляюць мільёны неабыякавых беларусаў — сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы. Менавіта ад іх салідарнасці залежыць будучыня вольнай, незалежнай і дэмакратычнай Бацькаўшчыны, падкрэсліў Міхаіл Пастухоў. 

ukn_21_12_14_6_logo.jpg

 Праваабаронцы Міхаіл Пастухоў і Гары Паганяйла на кангрэсе.

Каардынатар рады кангрэсу Алена Анісім павіншавала ўдзельнікаў рады з  надыходзячымі святамі і паспяховым завяршэннем кангрэсу, пажадала здзяйснення ягоных мэтаў і ўпэўненасці ў праведнасці справы адстойвання незалежнасці Бацькаўшчыны. Паводле яе словаў, хоць праўда заўжды цяжка прабіваецца, але калі гэта ўсё ж адбываецца, становіцца нашмат лягчэй.

ukn_21_12_14_1_logo.jpg

  Выступае акадэмік Радзім Гарэцкі

 

ukn_21_12_14_3_logo.jpg

                Удзельнікі кангрэсу

Фота Марат Гаравы