Мінгарвыканкам VS Арганізатары Чарнобыльскага Шляху — 1:0
Палітыкі, якія
арганізоўвалі акцыю, лічаць, што Мінгарвыканкам парушыў закон аб масавых
мерапрыемствах, але суд прыняў бок чынавецтва.
У Маскоўскім судзе сталіцы была разгледжаная позва Ігара Лялькова, Юрася Меляшкевіча, Зміцера Кучука і Аляксандра Кавалькова супраць Мінгарвыканкаму. Паводле палітыкаў, чынавецтва не выканала закон аб масавых мерапрыемствах. Згодна закону, калі чыноўнікі змяняюць час, месца, фармат ці дату акцыі, яны павінны гэта ўзгадніць з заяўнікамі. Але заяўнікаў наўпрост азнаёмілі з ўжо прынятым рашэннем.
“Канстытуцыя гарантуе грамадзянам свабоду сходаў,— тлумачыў на судзе намеснік Старшыні Руху “За Свабоду” Юры Меляшкевіч, —Працэдура парушана — гарвыканкам не сагласаваў змены ў маршруце, праігнараваўшы нашу просьбу і патрабаванні закону. У далейшым падобная практыка мае базавацца на законах!”
Паводле Мінгарвыканкама, які ў судзе прадстаўляў Юры Уральскі, сустрэча з заяўнікамі 17 красавіка і была сагласаваннем. Пры гэтым, падчас сустрэчы палітыкаў наўпрост азнаёмілі з ужо прынятым рашэннем, а ў адказ на абурэнне сп. Уральскі параіў звяртацца ў суд, што і зрабілі палітыкі. Суддзя Анціпчук, у выніку, заняла бок чыноўнікаў, не задаволіўшы позвы прадстаўнікоў палітычных структураў.
Палітыкі з рашэннем не згодныя, але яшчэ абмяркоўваюць, ці судзіцца з Мінгарвыканкамам далей.
Адзначым
таксама, што падчас пасяджэння журналіст “Новага Часу”, адзіны прадстаўнік СМІ
на працэсе, быў выдалены з залу суддзёй без тлумачэння прычынаў. Фармальнай
падставай сталі зачэпкі да журналіста з боку грамадзяніна сярэдніх год, маўляў,
той замінае яму слухаць, “клацаючы па клавіятуры кампутара”.