Сёння Анатолю Красоўскаму магло б споўніцца 72
Анатоль Красоўскі 17 мая адзначыў бы свой 72-гі Дзень народзінаў. Яго б шчыра
віншавалі сябры і сваякі. Але яны дагэтуль не могуць даведацца праўду пра
знікненне бізнесмена. Рэальнае расследаванне можа аднавіцца толькі ў выпадку змены ўлады.
Нарадзіўся Анатоль Сцяпанавіч Красоўскі Крупках Мінскай вобласці. Скончыў фізычны факультэт БДУ. Кандыдат філасофскіх навук, аўтар дзясяткаў навуковых прац і шэрагу вучэбных дапаможнікаў, распрацоўнік школьнага курсу «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця». З пачатку 1990-х буйны прадпрымальнік, выдавец масавых часопісаў «Я+Я», «Ідэал» і іншых. Займаўся дабрачыннасцю, аказваў фінансавую падтрымку шэрагу грамадскіх арганізацыяў Беларусі, у тым ліку і палітычна незалежным.
Першым сігналам незадаволенасці ўлады актыўнасцю Анатоля Красоўскага стаў яго арышт у жніўні 1999 года. Прадпрымальнік быў змешчаны ў СІЗА, дзе яму фактычна было прад’яўлена абвінавачванне ў падрыўной дзейнасці. Аднак пасля публікацый у шэрагу СМІ падрабязнасцяў справы, следства агучыла іншую версію, паводле якой Анатоль Красоўскі вінаваты ў тым, што своечасова не вярнуў крэдыт, узяты ў банку «Пошук». З-за відавочнай бязглуздасці гэтае абвінавачваньне хутка развалілася. На працягу тыдня прадпрымальніка адпусцілі разам з іншымі затрыманымі па гэтай справе, сярод якіх была прэзідэнт банка «Пошук» Валянціна Сурына.
Аднак увечары 16 верасня 1999 года Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар былі выкрадзеныя. Праваахоўнымі органамі было пачатае расследаванне, аднак усе вядомыя ў цяперашні час доказы былі сабраныя добраахвотнікамі. У тым ліку і выяўленыя на месцы выкрадання на вуліцы Фабрычнай у Мінску аскепкі шкла аўтамабіля Анатоля Красоўскага, якім сябры карысталіся ў гэты дзень, і сляды крыві, ідэнтыфікаванай незалежнай экспертызай як кроў Віктара Афіцыйнае следства — нягледзячы на тое, што за Віктарам Ганчаром, і за Анатолем Красоўскім ГДБ вяло пастаяннае назіранне, — канстатавала немагчымасць усталявання ісціны. КДБ заявіў, што назіранне было знятае менавіта 16 верасня.
У чэрвені 2001 году сусветная грамадскасць атрымала ў распараджэнне паказанні следчых КДБ Петрушкевіча і Случака, якія распавялі падрабязнасці кантраляванай Лукашэнкам сістэмы фізычнай ліквідацыі непажаданых у Беларусі, так званых «эскадронаў смерці».
Але дасюль вінаватыя ў знікненні Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара, як і іншых зніклых не пакараныя. Рэальнае расследаванне гэтых гучных знікненняў можа аднавіцца толькі ў выпадку змены існуючай улады.
У верасні 2023 года ў Швейцарыі адбыўся судовы працэс над Юрыем Гараўскім, які прызнаўся ў выкраданьні палітыкаў, зьніклых у канцы 90-х гадоў. Жонка Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская распавядала «Свабодзе» пра свае чаканні ад працэсу:
«За гэтыя амаль 25 гадоў мы выкарыстоўвалі велізарную колькасць розных механізмаў пошуку праўды і правасуддзя, перш за ўсё мясцовых (якія не прывялі да адказу на пытанні, але далі нам мноства карыснай інфармацыі аб учыненых з удзелам дзяржавы злачынстваў). Мы вычарпалі ўсе магчымыя рэсурсы знайсці праўду ў Беларусі, таму вельмі важным крокам стала выкарыстанне міжнародных юрыдычных механізмаў, у тым ліку Камітэту правоў чалавека ААН, Міжпарляменцкай асамблеі, ПАСЭ, АБСЭ, а таксама заканадаўства іншых краін, у гэтым выпадку Швайцарыі.
Тут для нас цікавы ня сам суд, а паказаньні падсуднага і тое, як мы зможам выкарыстоўваць гэта ў працэсе далейшага правасуддзя — пакарання вінаватых і прадухілення паўтарэньня ў будучыні.
Незалежна ад таго, якое пакаранне суд вынесе злачынцу, галоўнае дасягненне будзе ў судовым дакументаванні злачынстваў (з імёнамі, датамі, фактамі), учыненымі ў Беларусі пры ўдзеле дзяржавы і найвышэйшых службовых асоб. Многіх са згаданых у судовым расследаванні асоб чакаюць непрыемныя сюрпрызы і праблемы ў будучыні».