Справа Гараўскага: Хто аддаваў загады «эскадрону смерці»?
Сёння ў швейцарскім Санкт-Галене агучаць прысуд экс-байцу САХРа Юрыю Гараўскаму. Калі яго прызнаюць вінаватым у выкраданні беларускіх апазіцыянераў, факты злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ўпершыню будуць зафіксаваныя юрыдычна.
![photo_2023_09_19_14_32_06_logo_1_logo.webp photo_2023_09_19_14_32_06_logo_1_logo.webp](/img/v1/images/photo_2023_09_19_14_32_06_logo_1_logo.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гараўскага судзяць у межах універсальнай юрысдыкцыі ў Швейцарыі. Былога спецназаўца абвінавачваюць у выкраданні экс-міністра МУС Беларусі Юрыя Захаранкі, экс-старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.
Швейцарскае заканадаўства не дазваляе прыцягнуць Гараўскага да адказнасці па больш сур’ёзным крымінальным артыкуле – за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанентамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзяць экс-сілавіка за датычнасць да «шматлікіх знікненняў».
Глядзіце таксама
![У Швейцарыі пачынаецца суд над Юрыем Гараўскім, датычным да гучных знікненняў ў Беларусі У Швейцарыі судзяць Юрыя Гараўскага, які прызнаўся ў датычнасці да «эскадронаў смерці» (першы дзень)](/img/v1/images/a53c3e97_86e6_4af8_9c4a_c426a9878d06_cx0_cy5_cw0_w1200_r1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Гараўскі прызнае свой удзел у выкраданні апанентаў рэжыму, але катэгарычна адмаўляе датычнасць да забойстваў. «Я не забіваў, забівалі іншыя! Чаму я павінен несці за гэтае адказнасць?» – эмацыйна запытваўся ён падчас судовых разбіральніцтваў у Санкт-Галене 19–20 верасня.
Фігурант справы заўважна змяніў свае паказанні ў судзе і адкрыта прасіў для сябе мяккага пакарання.
Пракурор Петэр Хангартнер запатрабаваў для падсуднага 3 гады пазбаўлення волі, два з якіх умоўна.
Глядзіце таксама
![Суд над Юрыем Гараўскім у Швейцарыі. 20.09.2023. Эксклюзіўны рэпартаж "Новага Часу" «Працэс Гараўскага мае гістарычнае значэнне». Працяг суда над былым байцом САХР у Швейцарыі](/img/v1/images/photo_2023_09_19_14_32_06__2__logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Першапачаткова суддзя Олаф Хумбель паведаміў, што прысуд будзе вынесены ў пісьмовай форме. Але пазней на інтэрнет-старонцы суда з’явілася інфармацыя, што рашэнне па справе Гараўскага ўсё ж такі будзе агучана вусна сёння, 28 верасня.
Швейцарскі суд сапраўды незалежны, на яго не ўплывае палітычная кан’юнктура. Калі ж прысуд акажацца абвінаваўчым, на што спадзяюцца сваякі ахвяраў рэжыму, дэмакратычная грамадскасць, то гэта будзе горкая пілюля для афіцыйнага Мінска. Прывід Гаагі падбярэцца да Лукашэнкі і яго сілавікоў яшчэ бліжэй.
Матэрыялы суда могуць даць падставу для разгортвання іншых падобных працэсаў. Яны б дазволілі глыбей раскапаць шматлікія злачынствы эпохі Лукашэнкі супраць палітычных апанентаў ягонага рэжыму.
Глядзіце таксама
![Справа Юрыя Гараўскага: які прысуд стане справядлівым Справа Гараўскага толькі пачатак. Колькі яшчэ шкілетаў у шафе Лукашэнкі?](/img/v1/images/harauski_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)