«Міністэрства істэрычных спраў»: Раман Якаўлеўскі пра заявы МЗС Беларусі

Беларускае міністэрства замежных спраў даволі «асіметрычна» адказала на прыняццё Еўрасаюзам санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Але каму найперш нашкодзіў афіцыйны Мінск — суседзям ці сабе?

f3f37bafb651faae50c6d124c0514f0b_1.jpg


Найперш, МЗС адклікаў «для кансультацый» сваіх амбасадараў з Вільні і Варшавы. Другі крок — прапанаваў скараціць колькасць работнікаў амбасадару (пакуль што гэта прапанова, а не патрабаванне, і Варшава з Вільняй гэтую прапанову не ўспрынялі да дзеяння). А ўвогуле, было заяўлена, што «далейшая раскрутка ЕС “санкцыйнага махавіка” можа прывесці да яшчэ больш сур'ёзных наступстваў, напрыклад, выхаду Беларусі з сумесных праграм і праектаў, перагляду ўзроўню і мадальнасці дыпламатычнай прысутнасці аж да рашэння аб мэтазгоднасці захавання дыпламатычных адносін».

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі называе такія крокі знешнепалітычнага ведамства Лукашэнкі «канстатацыяй дыягназу», і ўвогуле сумняецца, што азначаныя захады — гэта суверэннае рашэнне беларускага боку.

— Я ад дыпламатаў ужо чуў, што нашае МЗС — «міністэрства істэрычных спраў». Такі крок не быў чаканым, але гэта чарговая «дзіцячая нечаканасць». Нечаканасць бесперспектыўная. Гэта сведчыць яшчэ і пра тое, што ў сітуацыі, якая склалася, МЗС увогуле не патрэбны. Усё вырашаецца, гледзячы па ўсім, у Маскве. І МЗС як інстытут суверэннай дзяржавы  зусім не патрэбны.

— Па-мойму, такія эмацыйныя захады больш у стылі Лукашэнкі. Ці сапраўды Расія дыктуе беларускаму МЗС?

— А хто? Той, хто не кажа ўслых, не азначае, што ён адсутнічае. А Лукашэнка выконвае проста гукавую функцыю — ён агучвае антызаходнія істэрыкі. Мы проста па часе бачым, што такая істэрыка з’явілася, калі стала вядома, што Ціханоўская сустракаецца з Меркель.

Я міжволі ўзгадаў словы Зянона Пазняка. 10 гадоў таму ў Празе быў першы саміт Усходняга партнёрства, — тады была дыскусія, павінна ва УП удзельнічаць Беларусь або не. Пазняк тады выступіў у «Газеце выборчай» з артыкулам, у якім напісаў, што, запускаючы Лукашэнку ва Усходняе партнёрства, вы запускаеце «траянскага каня». Заява нашага МЗС сведчыць пра тое, што Пазняк меў рацыю.

— Еўрапейскія праекты, у тым ліку і Усходняе партнёрства, у дачыненні да Беларусі будуць згорнутыя?

— Думаю, што так. А як? Усходняе партнёрства, хутчэй за ўсё, будзе перафарматаванае. Там ужо ішла размова пра тое, каб асобна вылучыць тры краіны, у якіх ёсць пагадненне з Еўрасаюзам — Украіна, Грузія, Малдова, і тры аўтсайдары, сярод якіх Беларусь.

Што тычыцца работы амбасадаў — больш чым відавочна, што ўзровень іх будзе паніжаны да часова павераных. Напрыклад, у амбасадара Літвы, наколькі я ведаю, заканчваецца тэрмін перабывання ў Беларусі. Пры такой сітуацыі разлічваць на атрыманне агрэману новаму літоўскаму паслу проста не выпадае. Праўда, гэта справа таго боку, на колькі прызначаць амбасадара, але звычайна на чатыры гады.

Будзе зніжана альбо скарочана колькасць персаналу амбасадаў, і ніхто ўжо не згадвае пра амерыканскага амбасадара, які, па некаторых даных, у гэтай сітуацыі не прыедзе.

— Але Вільнюс і Варшава заявілі, што не будуць зніжаць колькасць супрацоўнікаў па «рэкамендацыі» беларускага боку…

— Гэта пакажа толькі далейшае развіццё сітуацыі. А гэтае развіццё будзе не па лепшым сцэнары, хаця я не магу сказаць, што гэта будзе.

Дарэчы, у дадзены момант адсутнічае беларускі амбасадар у Кіеве. Я сітуацыю называю адной фразай: з донара рэгіянальнай бяспекі афіцыйны Мінск ператвараецца ў дэтанатар рэгіянальнай бяспекі.

— Пра Мінск як пра перамоўную пляцоўку па Данбасе можна забыцца?

— Хутчэй за ўсё, яна будзе замарожаная. Пры такіх адносінах з Кіевам — як бачыцца праца гэтай групы? Ніяк. Мінск выступаў раней у ролі міратворцы, але саюзнік агрэсара міратворцам быць не можа.

— Простых беларусаў хвалюе візавае пытанне. Ці захоўваецца магчымасць атрымаць шэнгенскія візы па 35 еўра?

— Цяпер хоць 10 еўра рабі кошт візы, ёсць такі фактар, як covid. Можна мець візу, і але выехаць нікуды немагчыма. Што ж тычыцца фармальнага боку, я думаю, нейкім чынам гэты працэс таксама замарозіцца. Дыпламатычная вайна, што пачалася, можа закрануць і прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску. Гэтая структура можа прыйсці ў непрацоўны стан.

Вільня і Варшава шукаюць іншыя выйсці: двухбаковая аснова, актывізацыя нацыянальных візаў, гуманітарныя і сацыяльныя калідоры. На мой погляд, не вельмі далёкая перспектыва — узнікненне візавага рэжыму з Украінай.

— Беларускі МЗС заявіў, што будуць разглядаць сітуацыю «аж да рашэння мэтазгоднасці дыпламатычных адносінаў»…

— Гэта вельмі дурное запужванне. Да нядаўняга часу ў амерыканскай амбасадзе было 5 чалавек, функцыі амбасады былі вельмі абмежаваныя — гэта больш рэальна. Тое, што кажацца пра разрыў дыпламатычных адносінаў — то я хацеў бы паглядзець, хто каму гэтым пагражае ці рэальна можа пагражаць.

Гэтая рыторыка нагадвае паводзіны паўночнакарэйскага лідара. Але ў яго ёсць атамная бомба. Што тычыцца Лукашэнкі, у яго хутка будзе атамная станцыя.