Мір, дружба, жуйка плюс інтэграцыя ў межах абрэвіятур АДКБ, СНД і ЕАЭС
Эканамічныя інтарэсы і каштоўнасці — гэта не розныя рэчы. Сярод родных бяроз і асін усвядоміць гэтую азбукавую ісціну шмат каму не дадзена.
![Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў](/img/v1/images/_cacki___bjazljuddze___horad___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў
Я не ведаю, што там наконт поспехаў у вытворчасці жуйкі, але рэгулярна натыкаюся на прыклады паспяховай інтэграцыі. Падзялюся інфармацыяй, запазычанай на аналітычным сэрвісе паездак і падарожжаў «Туту.ру», згодна з якім самым запатрабаваным замежным кірункам у расіян у летні перыяд 2022 года стаў Кыргызстан. Яго выбралі 17,9 працэнта авіяпасажыраў. На другім месцы па папулярнасці знаходзіцца Таджыкістан з 17,7 працэнта. Розніца не вельмі прынцыповая, пагадзіцеся.
Гудбай, Турцыя, Балі і Мальдывы. Гудбай, Амерыка, што развязала вайну ва Украіне супраць «нашай Расіі».У Таджыкістане мне пабываць не давялося, але ў Кыргызстан (возера Ісык-Куль) з Казахстана праз папулярныя перавалы з заплечнікам я дабіраўся неаднаразова.
Выбуховы рост папулярнасці авіяпералётаў у Кыргызстан і Таджыкістан мае патрэбу ў тлумачэнні. Самае простае можна запазычыць з песні «Масква — Адэса» Уладзіміра Высоцкага: «И я лечу туда, где принимают». Проста, зразумела, наглядна, аднак не хапае тэарэтычнай глыбіні. Паспрабую дасягнуць гэтага — і звярнуся па дапамогу да палітолага Уладзіміра Пастухова, які днямі выказаў нетрывіяльную думку наконт разыходжанняў у пытаннях рэвалюцыйнай практыкі паміж Сталіным і Троцкім: «Троцкі гатовы быў ахвяраваць уладай над Расіяй дзеля ідэі, а Сталін палічыў за лепшае ахвяраваць ідэяй дзеля ўлады над Расіяй. Таму Троцкі “тапіў” за сусветную рэвалюцыю (чытай — ідэалагічную вайну) як адзіны спосаб пабудаваць у Расіі “сапраўдны камунізм”, а Сталін выступаў за камунізм у асобна ўзятай краіне. Ён “завёў” ідэалагічную вайну ў халодную фазу, як толькі зразумеў, што сарваў банк і далейшая гульня стварае больш рызыкаў, чым прыбыткаў. Матэрыяльныя трафеі былі для яго заўсёды важнейшыя за ілюзорныя ідэалагічныя набыткі».
Выдатна, але якое дачыненне параўнанне Сталіна з Троцкім мае да інфармацыі «Туту.ру»? Не спяшайцеся.Да 24 лютага галоўным аргументам супраць магчымасці «спецаперацыі» — была спасылка на асабістую зацікаўленасць прадстаўнікоў палітычнага класа Расіі ў кантактах з Захадам. Маўляў, усё нажытае непасільнай працай яны інвестуюць у заходнюю нерухомасць, якую актыўна абжываюць іх дзеці, жонкі і палюбоўніцы. Быццё, як вядома з часоў Маркса, вызначае свядомасць. Рэдкія выключэнні толькі пацвярджаюць правіла.
Усё сапраўды так, але, згодна з усё тым жа барадатым класікам, практыка — крытэр ісціны. А практыка ў гэтым выпадку — гэта дзясяткі тысяч забітых, мільёны бежанцаў і канфіскацыя ўласнасці расійскіх нуварышоў на дзясяткі мільярдаў долараў.
Для тлумачэння парадоксу працягну цытаваць Уладзіміра Пастухова: «Гледзячы на энтузіязм, з якім Крэмль спрабуе сёння стаць у кожнай бочцы затычкай у справе раздзімання сусветнага пажару вайны (ад Каталоніі і Сербіі да Тайваня і Тэхаса), я крыху напружваюся. А раптам у Крамлі сядзяць не сталіністы, як усе думаюць, а трацкісты? Раптам яны вырашаць рызыкнуць сваёй уладай над Расіяй — гэта значыць усім, што маюць сёння, — дзеля прыгожай ідэі знішчэння амерыканскага імперыялізму? Яны ж азартныя Парамошы».
Барані Божа... Але хто пасля 24 лютага дасць гарантыю, што крамлёўскія Парамошы, калі акажуцца ў становішчы пацука, загнанага ў кут, не адважацца на адчайныя крокі?
Першы — «спецаперацыя» — ужо зроблены. Адмова свету прымаць расійскіх авіяпасажыраў — толькі адно з тысяч яго наступстваў.
Крыху статыстыкі
Рэакцыя Захаду на «спецаперацыю» і зваротная рэакцыя Расіі на рэакцыю Захаду ставіць пад сумнеў справядлівасць максімы «быццё вызначае свядомасць». Прырода міждысцыплінарная, і таму тройчы мае рацыю кіраўнік МЗС Германіі Аналена Бербок, якая заўважыла, што «эканамічныя інтарэсы і каштоўнасці — гэта не розныя рэчы».
Чатыры стагоддзі Расія жыла ў рэжыме мадэрнізацыі, якая даганяе, запазычваючы тэхнічныя «хітрыкі», аднак усяляк пры гэтым абмяжоўвала імпарт культурных каштоўнасцяў, дзякуючы якім вытворчасць «хітрыкаў» Захад паставіў на паток. Але такое запазычанне блакавала развіццё ўнутры краіны.
Успомнім гісторыю вытворчасці легкавых аўтамабіляў на пабудаваным італьянцамі «АўтаВАЗе».
Рэкардсменам-доўгажыхаром мадэльнага шэрагу завода стаў ВАЗ 2106, выпуск якога працягваўся тры дзесяцігоддзі (1975–2005). Італьянцы пабудавалі сучасны завод для вырабу сучасных аўтамабіляў, аднак утрымацца на плаву сучаснасці самастойна расіяне не здолелі.
На мяжы XX–XXI стагоддзяў РФ вырашыла паўторна сячы вакно ў Еўропу. Гэта якасна і колькасна асучасніла парк асабістых аўтамабіляў расіян. Але ў медаля аказаўся і адваротны бок: задавальненне эканамічных інтарэсаў за кошт заходніх «хітрыкаў» генеравала попыт на заходнія каштоўнасці. Устойлівасць палітычнага рэжыму, сістэмаўтваральным элементам якога з'яўляецца нічым не абмежаваная ўлада першай асобы, аказалася пад пагрозай.
Нескладана здагадацца, чым абярнуўся выбар улады для грамадзян, якія прызвычаіліся за два апошнія дзесяцігоддзі разглядаць асабістыя аўтамабілі ў якасці сродку перамяшчэння, а не прадмета раскошы.
Крыху статыстыкі ад Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу: расійскі аўтарынак зваліўся ў ліпені на 74,9 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. «АўтаВАЗ» заняў першае месца па продажах (10 323 штукі), на другім і трэцім месцах — паўднёвакарэйскія Kia (3,9 тысячы) і Hyundai (3,4 тысячы). У лідарах, насуперак чаканням, няма кітайскіх легкавікоў. Выснова: на таварыша Сі спадзявайся, але і сам старайся.
Фактычна, гаворка ідзе пра знікненне рынку новых аўтамабіляў у Расіі, а тое, што яшчэ можна сустрэць у салонах, праходзіць па катэгорыі яшчэ не распрададзеных рэшткаў.
Лёс рынку аўтамабіляў — не ўнікальны. Тых, хто можа яго паўтарыць, дастаткова. У якасці адказу, як было адзначана ў пачатку артыкула, бачацца новыя інтэграцыйныя ініцыятывы ў межах абрэвіятур АДКБ, СНД і ЕАЭС. Пажадаем ім поспеху.