Мясцовыя выбары: «начальнікі» рвуцца ў абласныя саветы дэпутатаў
Для любой вобласьці Беларусі абласны савет — найвышэйшая дэпутацкая інстанцыя. Хто ж сёлета імкнецца засядаць у абласных саветах? Карэспандэнты Радыё Свабода вывучалі сітуацыю ў трох рэгіёнах.
Магілёўшчына: структурна ў аблсавеце мала што зменіцца
На 54 дэпутацкія месцы сёлета прэтэндуюць 156 кандыдатаў. Чатыры гады таму ахвотнікаў займець дэпутацкі мандат было 139.
Як і на мінулых выбарах, сёлета прадстаўніцтва чыноўнікаў сягае двух дзясяткаў. Пабыць у складзе аблсавету 28 склікання захацеў 21 службовец. У 2014 годзе прэтэндэнтаў было 22, з іх 14 сталі дэпутатамі.
Грамаду чыноўнікаў сёлета папоўніў толькі адзін вылучэнец ад БРСМ. У 2014-м іх было сямёра. Дэпутатамі захацелі стаць і чацвёра журналістаў дзяржаўных СМІ з Магілёва, Бабруйску ды Шклова. На мінулых выбарах у аблсавет прэтэндавалі трое вылучэнцаў інфармацыйна-прапагандысцкага пулу. Усе трое сталі дэпутатамі.
Прэтэндуе на дэпутацтва і дырэктарат дзяржаўных прадпрыемстваў. У спісе кандыдатаў 18 прадстаўнікоў гэтай групы вылучэнцаў. У 2014 годзе іх было больш за два дзясяткі. Дэпутатамі сталі дванаццаць з іх.
Установы адукацыі на сёлетніх выбарах прадстаўленыя 26 прэтэндэнтамі. Летась педагогаў, ахвотных стаць дэпутатамі, было 22. Месца ў аблсавеце займелі толькі чацвёра.
Сёлета сярод прэтэндэнтаў на дэпутацтва — 15 прадстаўнікоў устаноў аховы здароўя. У 2014 годзе ў аблсавет трапілі 6 медыкаў. Вылучаліся — 14.
13 прадпрымальнікаў наважыліся ў сёлетнія выбары атрымаць мандат дэпутата аблсавету. У 2014 годзе іх было 9. У аблсавет ніводзін не трапіў.
Дэпутат Глаз: аблсавет захавае касцяк
З цяперашняга складу Магілёўскага аблсавету наважыліся захаваць паўнамоцтвы 17 дэпутатаў. Сярод іх шасцёра чыноўнікаў, якім складаюць кампанію двое вылучэнцаў з дзяржаўных газет. Хочуць застацца дэпутатамі двое медыкаў, двое прадстаўнікоў адукацыйнай сферы, а таксама група кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый.
Цяперашні дэпутат Анатоль Глаз сваіх калегаў, якія наважыліся, як і ён сам, застацца ў аблсавеце, называе касьцяком прадстаўнічага органа ўлады. «У любым савеце, — кажа ён, — павінна застацца група экспэртаў».
«Людзі павінны падрастаць, вучыцца мясцоваму самакіраванню ды ажыццяўляць уладу на месцах», — так патлумачыў абнаўленне аблсавету Анатоль Глаз, дадаўшы, што кожны дэпутат, прымаючы рашэнне, ці балатавацца яму паўторна, кіруецца і ўласнымі меркаваннямі.
Апазіцыянер Шанцаў: у аблсавеце нічога не зменіцца
Уладзімір Шанцаў, архіўнае фота
На думку апазіцыйнага вылучэнца Ўладзімера Шанцава, новы склад аблсавету хоць і істотна абновіцца, але рэй у ім будуць весьці, як і раней, прадстаўнікі выканаўчай улады. Старшыняваць у аблсавеце будзе Дзмітры Харытончык, цяперашні намеснік старшыні Магілёўскага аблсавету, лічыць Шанцаў.
«На пасаду старшыні аблсавету ўлада не можа дапусьціць не праверанага службоўца. Таму прызначаць Харытончыка, бо ён з уладнай абоймы», — прагназуе кіраўнік абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі.
Старшынём цяперашняга складу аблсавету яго дэпутаты ў 2014 годзе абралі Анатоля Ісачанку, які таксама быў намеснікам кіраўніка вобласці. Старшыняваў Ісачанка ў аблсавеце толькі два гады. У 2016 годзе Лукашэнка прызначыў яго інспектарам па Мінскай вобласьці, а ў 2017 годзе — старшынём Мінскага аблвыканкаму. Два гады пасада старшыні Магілёўскага аблсавету была вакантная.
Прадстаўнікоў апазіцыйных арганізацый, на думку Шанцава, у аблсавет не прапусцяць, каб «не парушаць стабільнасці ў ім».
Берасцейшчына: амаль палова кандыдатаў — дырэктары ці іх намеснікі
На Берасцейшчыне ў 56 акругах быў зарэгістраваны 141 кандыдат у дэпутаты. Аднак ужо 10 кандыдатаў, якіх называюць праўладнымі, знялі свае кандыдатуры.
Напрыклад, у Бярозаўскай акрузе № 24 зьнялася з выбараў начальніца аддзелу адукацыі райвыканкаму Тацяна Бранько. Цяпер тут начальніку аддзелу па надзвычайных сытуацыях Аляксандру Пятроўскаму будуць супрацьстаяць два апазіцыянэры — Аляксандар Кабанаў ад АГП і Тацяна Тарасевіч ад БСДП(Г).
З улікам тых кандыдатаў, што зняліся, на Берасцейшчыне выходзіць 13 безальтэрнатыўных акругаў. На чарговы тэрмін балатуюцца 16 чалавек. Некаторых можна загадзя віншаваць з перамогай. Напрыклад, старшыню вытворчага кааператыву «Моталь» Мікалая Шыкалая ды дырэктара Пружанскага заводу радыёдэталяў Віктара Каліха. Іх супернікі з выбараў зняліся.
Найбольшая канкурэнцыя ў вялікіх гарадах — у Берасці ёсць акруга, дзе на мандат прэтэндуюць 6 чалавек. У большасьці рэгіянальных акругаў — па 2 чалавекі на месца.
Пераважная большасьць кандыдатаў у абласны савет — кіраўнікі прадпрыемстваў. У графе «пасада» ў 64 кандыдатаў напісана «дырэктар» або «намеснік дырэктара». Апроч іх шмат начальнікаў, старшыняў, загадчыкаў, галоўных лекараў.
Цікава ў Мікашэвіцкай акрузе № 43 — тут балатуецца гендырэктар прадпрыемства «Граніт» Эдуард Гаўрылковіч, якому супрацьстаіць сябра БСДП (Грамада) Леанід Дубаносаў. Менавіта Дубаносаў быў адным з лідэраў пратэсту рабочых на «Граніце» ў 2011 годзе. Пасля тых падзей яго з прадпрыемства звольнілі. Кампанію дырэктару і былому рабочаму складзе яшчэ і намеснік дырэктара Лунінецкага ЖКГ Юры Корчык.
Гомельшчына: «Атрымаем начальніцка-дырэктарскі савет»
У Гомельскі аблсавет на 60 дэпутацкіх месцаў прэтэндуюць 142 кандыдаты. У кожнай выбарчай акрузе абавязкова ёсць «начальнік», у некаторых — нават па два. Але наўрад ці для канкурэнцыі — хутчэй для адводу вачэй, каб асабліва «не выпінаць» галоўнага прэтэндэнта.
Да прыкладу, у Цэнтральнай выбарчай акрузе № 50 Рэчыцы ў абласны савет балатуюцца начальніца аддзелу ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Святлана Краўчанка і генеральны дырэктар метызнага заводу Віктар Самончык. Зусім не выглядае, што Краўчанка складзе значную канкурэнцыю кіраўніку прадпрыемства. Яна не стварала групы па зборы подпісаў у сваю падтрымку, а вылучылася пратакольна, праз кампартыю, да якой належыць. Няма начальніцы ідэалягічнага аддзелу нават у спісе выступоўцаў на дзяржаўным радыё.
«Фэйкавыя» канкурэнты лаяльным начальнікам ад прамысловасці, будаўніцтва, адукацыі, медыцыны, а таксама ўладным чыноўнікам ёсць амаль у двух дзясятках выбарчых акругаў.
Як бы знешне ні выглядала прыгожа, але наўрад ці будзе насамрэч канкураваць начальнік электрасетак Кармянскага раёну Аляксандар Базылеў з начальніцай галоўнага фінансавага ўпраўлення Гомельскага аблвыканкаму Тамарай Сушкінай. Абое яны зарэгістраваныя кандыдатамі ў акрузе № 38. Чыноўніца з аблвыканкаму запісалася паагітаваць за сябе і праз радыё, а Базылеў адмовіўся ад такой магчымасьці.
У пяці выбарчых акругах начальнікі выбіраюцца ў абласны савет на безальтэрнатыўнай аснове. У прыватнасці, у Гомлі ў акрузе № 7 — гэта намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі і сацыяльных пытаннях «Гомсельмашу» Мікалай Кавалевіч, у Лельчыцах у акрузе № 39 — генеральны дырэктар «Гомельаблдарбуду» Ігар Краўчанка, у Мазыры ў выбарчай акрузе № 45 — першая намесніца старшыні райвыканкаму Валянціна Назаранка.
Праўда, да нядаўняга часу ў Назаранкі быў канкурэнт, прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі з Калінкавічаў, але ён зняў сваю кандыдатуру.
Дарэчы, з пяці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, якія на этапе агітацыі адмовіліся ад удзелу ў выбарах, — двое прадстаўнікоў ЛДП, адзін сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і двое мясцовых кіраўнікоў невысокага рангу, якія саступілі месца большым начальнікам.
Намеснік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў (ён аналізуе выбарчыя кампаніі і займаецца падрыхтоўкай назіральнікаў) лічыць, што новы склад Гомельскага абласнога савету не будзе істотна адрозьнівацца ад цяперашняга.
«Атрымаем такі ж самы начальніцка-дырэктарскі савет з чыноўніцкай праслойкай, якому не цікавае мясцовае самакіраванне», — кажа Палякоў.
Там, дзе апазіцыя, найбольш кандыдатаў
Юры Ляшэнка з Светлагорску — кандыдат у дэпутаты ў Маладзёжнай выбарчай акрузе № 57
Абʼяднаная грамадзянская партыя вылучыла на выбары ў аблсавет шасьцёх спікераў. Яны пераважна і ладзяць публічную агітацыю на вуліцах праз пікеты, распавядаючы, што выбараў у Беларусі няма, а ёсць толькі палітычная кампанія пад назвай «выбары». У Светлагорску — гэта дырэктар ТАА «Сьветлагорскія перавозкі плюс» інвалід Юры Ляшэнка, у Акцябрскім — Алена Луцковіч, у Лоеве — Мікалай Анісавец, у Гомлі — Мікалай Новікаў і Кастусь Жукоўскі. Ад партыі левых «Справядлівы сьвет» у аблсавет балятуюцца сямёра вылучэнцаў.
У акругах, дзе кандыдатамі зарэгістраваныя прадстаўнікі дэмакратычных партый, найбольшая колькасць канкурэнтаў — па 3–4 прэтэндэнты на мандат.
«Не думаю, што гэта выпадкова, — кажа кандыдат у дэпутаты ад „Справядлівага свету“ ў Прыбыткаўскай акрузе № 25 Уладзімер Сякерка. — Прасцей будзе пісаць пра канкурэнтныя выбары ды „маляваць“ больш высокую яўку выбарнікаў на ўчастках для галасавання».
Яшчэ адна асаблівасьць сёлетніх мясцовых выбараў на Гомельшчыне — гэта ўдзел у іх прадстаўнікоў прыватных камерцыйных прадпрыемстваў. Ім, выглядае, адведзена такая ж роля, як і апазіцыйным кандыдатам — для «карцінкі».