Мясцовыя саветы ўжо сфармаваныя, альбо Хто збайкатаваў выбары?
Патэнцыйныя дэпутаты мясцовых саветаў яшчэ не паспелі ачомацца і пачаць агітацыйную кампанію за сябе, любімых, а ўжо вядома, што ніякіх выбараў у Беларусі не будзе. Усё для таго, каб іх не было, зрабілі прызначаныя выбарчыя камісіі розных узроўняў.
Гэткую выснову ўжо зрабілі назіральнікі-праваабаронцы, а зараз яе яшчэ раз пацвердзілі
назіральнікі-партыйцы з кампані «Права выбару».
Каардынатары «Права выбару» Ігар Лялькоў і Дзяніс Садоўскі ў пятніцу, 28 лютага падвялі вынік адразу ўсіх этапаў выбарчай кампаніі, ад фармавання выбарчых камісій да этапу
рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. «Гэта самая горшая па ўмовах кампанія за апошнія дзясяткі гадоў», — катэгарычна заявіў Дзяніс Садоўскі. І вызначаецца яна тым, што
беларусаў проста пазбавілі выбару сваіх прадстаўнікоў ва ўладзе.
Пачалося ўсё з выбарчых камісій, якія, па меркаванні «Права выбару», практычна на 100% складаюцца з лаяльных для ўлады асобаў. Менавіта гэттыя камісіі на этапе вылучэння і
рэгістрацыі кандыдатаў зрабілі ўсё магчымае, каб не дапусціць канкурэнцыі пад час выбараў і мінімізаваць удзел у выбарах «не ўзгодненых» з уладай кандыдатаў. Яшчэ раз нагадаем, што
ў 90% акругах выбары будуць безальтэрнатыўнымі — па іх у дэпутаты балатуюцца толькі па аднаму чалавеку. Сярэдні «дэпутацкі конкурс» па краіне — 1,2 чалавека на
дэпутацкае крэсла.
Гэтак адбылося з-за брутальных дзеянняў не толькі выбарчых камісій, якія «парэзалі» усіх непажаданых канкурэнтаў, але і начальнікаў самых розных узроўняў і статусаў. Пачынаючы
ад мясцовых адміністрацый і сілавых структур, і заканчваючы кіраўнікамі прадпрыемстваў, дзе працуюць (альбо ўжо працавалі) патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты. Па словах Садоўскага, шмат каго з мясцовай
кампаніі «выбілі» пагрозамі звальнення з працы альбо адлічэння з вучобы. «Былі выпадкі такіх звальненняў, нават з недзяржаўных прадпрыемстваў. У Кобрыне прамоўцу БХД
Віктара Гарбачэўскага звольнілі з прадпрыемства ЗТАА «Велпак-Кобрын» з фармулёўкай «ты сам усё разумееш». Такі ціск працягваецца і зараз: людзям, нават калі іх не
зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты, кажуць, каб яны не абскарджвалі сваю нерэгістрацыю пад пагрозай звальнення», — распавёў Садоўскі.
Таксама было ўзгадана пра «роўныя ўмовы вылучэння кандыдатаў». Прынамсі, Ігар Лялькоў адзначыў, што ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў сутыкаліся з перашкодамі ад самых
розных структур. Найперш, мясцовыя ўлады для правядзення пікетаў па зборы подпісаў грамадзянаў за вылучэнне кандыдатаў вызначылі самыя нязручныя для гэтага месцы. Тэрыторыі, дзе такое пікетаванне
забароненае, уключалі ў сябе месцы найбольшага скплення людзей. Тым не менш, і на гэтых пікетах іх арганізатары зазнавалі супрацьдзеянне з боку міліцыі і сябраў выбарчых камісій. Часам гэтыя
перашкоды суправаджаліся і адміністрацыйнымі пратаколамі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, хаця насамрэч перадвыбарчыя пікеты пад такое вызначэнне не падпадаюць.
Што тычыцца рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, гэты працэс хутчэй можна назваць «працэсам нерэгістрацыі». Камісіі знаходзілі любыя зачэпкі, каб адмовіць у рэгістрацыі
«невыгаднаму» кандыдату, а калі такіх зачэпак не было —самі іх выдумлялі. Асабліва дасталося пры гэтым тым, хто вылучаўся шляхам збору подпісаў. Камісіі «ад
балды» прызнавалі подпісы несапраўднымі, а даказаць ім нешта ўяўляецца справай немагчымаю.
Напрыклад, невядомыя «графолагі» не зарэгістравалі ў Віцебску Аляксея Гаўруцікава, палічыўшы, што грамадзяне не самі ставілі ў падпісных лістах нават не свой подпіс —
дату, калі яны гэты подпіс ставілі! Гаўруцікаў на абскарджванне прывёў людзей, якія засведчылі: самі яны ставілі і дату, і подпіс. Аднак гэта на вынік не паўплывала.
Віцебск увогуле шалёны горад. Там сябры камісій, якія правяралі подпісы, наўпрост займаліся махлярствам. Прыкладам, прасілі людзей распісацца на паперцы, што менавіта яны ставілі свой подпіс у
падтрымку дэмакратычнака кандыдата. І людзі, не чакаючы падману, падпісваліся, не гледзячы ў паперку. У паперцы ж было напісана адваротнае — тое, што яны адмаўляюцца ад свайго подпісу за
гэтага кандыдата.
Некаторыя патэнцыйныя кандыдаты ад «Гавары праўду!», ведаючы, наколькі «выбарча» будуць падыходзіць да праверкі подпісаў гэтыя камісіі, адначасова са зборам
подпісаў бралі ў людзей і заявы пра тое, што гэты подпіс яны ставяць добраахвотна і ўласнаручна. Але камісіі прызнавалі подпісы «несапраўднымі», нават нягледзячы на такія пісьмовыя
доказы.
Вынікі абскарджвання нерэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты — амаль нулявыя. Па словах Ігара Лялькова, толькі два кандыдата, і тое з тых, хто вылучаўся ад партыяў, былі зарэгістраваныя
праз абскарджванне. І толькі адзін чалавек ад БХД, які вылучаўся шляхам збору подпісаў, здолеў зарэгістравацца праз скаргу ў вышэйстаячую камісію. Прычым, ў яго не было праблемаў з подпісамі
— камісія дачапілася да падатковай дэкларацыі.
На гэтай падставе «Права выбару» робіць выснову, што «беларускія ўлады працягваюць свядома ігнараваць міжнародныя стандарты свабодных і справядлівых выбараў; груба
парушаюць прынцып роўнасці правоў палітычных партый і арганізацый, а таксама правы грамадзянаў, незалежна ад іх палітычнай накіраванасці, на ўдзел у выбарчым працэсе». Бо, сапраўды, улада на
90% акругах скасавала канкурэнцыю, пакінуўшы толькі па адным кандыдаце, а выбар з аднаго варыянта — гэта не выбар.
Тым не менш, «Права выбару», пераразмеркаваўшы акругі, працягне назіранне за тымі ўчасткамі, дзе дэмакратычныя кандыдаты захаваліся. І, хоць мяжа яўкі на мясцовых выбарах
адмененая, назіральнікамі яўка будзе падлічвацца. Гэта і будзе самы цікавы і самы прышпільны момант выбарчай кампаніі. Такое назіранне трэба зрабіць, як кажуць у інтэрнэтах, «проста, каб
паржаць».
Сапраўды, як пойдуць людзі на выбарчы ўчастак, калі яны ведаюць, што:
А) выбары ўсё роўна сфальсіфікуюць;
Б) тут і фальсіфікаваць не трэба, бо выбару як такога няма — улада ўжо паставіла «свайго» кандыдата, і ён адзіны на акругу;
В) адмненая мяжа яўкі на ўчастак (то бок, калі прагаласуе нават адзін чалавек, выбары ўжо будуць лічыцца адбыўшыміся);
Г) мясцовыя дэпутаты насамрэч нічога не вырашаюць.
Зразумела, у такіх варунках ісці на выбарчы ўчастак можна не затым, каб прагаласаваць, а каб заліцца там таннай гарэлкай, закусваючы не менш таннымі шашлыкамі. А вось назіраць за тымі, хто
прыйдзе на ўчастак і як яны будуць сябе паводзіць, гэта вельмі прышпільна. Асабліва ў тых умовах, калі Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзеў пра 70%-ую яўку. Канешне, «паджаданне»
Аляксандра Рыгоравіча паспрабуюць выканаць, але каб 70% прыйшлі на ўчастак галасаваць за аднаго-адзінёшэнькага кандыдата — гэта ўжо стары савецкі анекдот.
Дзякуючы мясцовым уладам і паспяховай працы імі жа створаных выбарчых камісій, на гэтых выбарах збудзецца, нарэшце, мара актывістаў і прыхільнікаў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі —
БНФ на чале з Зянонам Пазняком. Гэта яны на любых выбарах казалі пра «татальны байкот». І, падаецца, ўлада спраўдзіць гэтую мару, бо ісці на выбарчыя ўчасткі ў такіх варунках проста
бессэнсоўна: за адзінёшэнкага кандыдата прагаласуюць 10 сябраў камісіі, і выбары ўжо адбыліся.
Так што кампанія па выбарах у мясцовыя саветы фактычна ператварылася ў кампанію па фарміраванні гэтых саветаў. І задача іх фарміравання, за выняткам 10% акругаў, дзе ёсць канкурэнцыя, ужо
выкананая — саветы можна лічыць сфармаванымі. Навошта тады галасаваць перціся?