Мужчына, 50 гадоў, 3 гады на пасадзе: хто ён, беларускі міністр?
З мінулага году кіраўнікі беларускіх міністэрстваў былі абноўленыя даволі істотна. З гэтай нагоды «Белсат» склаў сярэднестатыстычны партрэт чальца беларускага Саўміну — з міністраў, чальцоў Прэзідыуму і старшыняў дзяржаўных камітэтаў.
Элітарны мужчынскі клуб
З гэтых 39-і чалавек толькі дзве жанчыны — Наталля Качанава, якая ў якасці кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта ўваходзіць у склад Прэзідыума Саўміну, і міністарка працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касцевіч. Усе астатнія — мужчыны.
Сярэдняму беларускаму топ-чыноўніку 50 гадоў. Самым сталым з іх з’яўляецца аднагодка кіраўніка дзяржавы Леанід Анфімаў, які ўзначальвае Камітэт дзяржкантролю. Яму неўзабаве споўніцца 65 гадоў. У топ-5 самых старых міністраў уваходзяць таксама міністры замежных спраў Уладзімір Макей і надзвычайных сітуацый Уладзімір Вашчанка, якія нарадзіліся ў 1958 годзе. На чацвёртым месцы міністр прыродных рэсурсаў Андрэй Худык, якому сёлета спаўняецца 60 гадоў. Замыкае першую пяцёрку Наталля Качанава, якая нарадзілася ў 1960 годзе.
Самым маладым міністрам з’яўляецца кіраўнік Мінэканомікі Дзмітрый Круты, якому няма і 40 гадоў — ён 1981 года нараджэння. У 1978 годзе нарадзіліся міністры ЖКГ Аляксандр Церахаў і лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, у 1977 — міністр фінансаў Максім Ермаловіч, транспарту Аляксей Аўраменка і старшыня Дзяржкамітэту з маёмасці Андрэй Гаеў.
Большасць міністраў — гарадзенцы
Насуперак традыцыйным перакананням з Магілёўскай вобласці паходзяць толькі пяць найвышэйшых чыноўнікаў, прычым пераважна з яе заходняй часткі. Гэтак, з Бабруйску міністр з падаткаў і збораў Сяргей Налівайка, з суседняга Кіраўску — міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, з Бялыніцкага раёну — міністр эканомікі Дзмітрый Круты і старшыня памежнага камітэту Анатоль Лапо. З усходняй Магілёўшчыны толькі адзін чалавек — віцэ-прэм’ер Уладзімр Кухараў. Ён нарадзіўся ў Клімавіцкім раёне.
А вось больш за ўсё топавых чыноўнікаў з сённяшняга складу дала Гарадзеншчына. Гэтак, з Карэліцкага раёну паходзяць ужо ўзгаданыя Уладзімір Макей, Віталь Дрожжа і старшыня мытнага камітэту Юрый Сянько. У Горадні нарадзіліся міністры аховы здароўя Валерый Малашка і юстыцыі Алег Сліжэўскі. З Наваградку першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын, са Смаргоні — Андрэй Гаеў.
Яшчэ сем чалавек нарадзіліся за межамі Беларусі. У Грузіі з’явіўся на свет віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, ва Украіне — міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч і Андрэй Худык. Больш за ўсё топавых чыноўнікаў дала Беларусі Расія. Сярод іх: міністр адукацыі Ігар Карпенка, прамысловасці Павел Уцюпін і ўзгаданыя вышэй Леанід Анфімаў ды Уладзімір Вашчанка.
Горкі больш не кузня кадраў
Што тычыцца адукацыі, дык, паводле падлікаў, 30 топ-чыноўнікаў скончылі Акадэмію кіравання. Праўда, гэта ўжо другая адукацыя. Сярод першай найбольш папулярнымі вну апынуліся БНТУ і БДЭУ.
Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, якая раней лічылася ледзь не кузняй айчынных чынавенскіх кадраў, скончыў толькі адзін чалавек — міністр сельскай гаспадаркі Анатоль Хацько. Таксама там навучаўся ў аспірантуры старшыя Камітэту з маёмасці Андрэй Гаеў.
Мастадонты беларускага Саўміну
Большасць беларускіх міністраў і старшыняў дзяржкамітэтаў заступілі на свае пасады нядаўна — у сярэднім каля трох гадоў таму.
Больш за ўсё займаюць свае крэслы кіраўнікі сілавых ведамстваў. Міністр з надзвычайных сітуацый Уладзімір Вашчанка быў прызначаны ў 2010 годзе, юстыцыі Алег Сліжэўскі — у 2011-ым. У 2012-ым заступілі на свае пасады Ігар Шуневіч і старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Таксама ў гэты ж час быў прызначаны і Уладзімір Макей.
І пакуль прыкметаў таго, што яны могуць пазбавіцца сваіх крэслаў, не бачна.
МГ belsat.eu