Нацыянальныя асаблівасці кагнітыўнага асяроддзя

Беларуская ўнутраная і знешняя палітыка будуецца на аснове міжасабовых стасункаў па-над імітацыйнымі дзяржаўнымі інстытутамі.



str_4_da_artykula_nikaljuka.gif

У папярэдняй «Азбуцы паліталогіі» я паспрабаваў прааналізаваць прэс-канферэнцыю адзінага палітыка (АП) з пункту гледжання тэорыі «савецкага чалавека», якая актыўна распрацоўваецца сацыёлагамі школы Лявады.

Што ў мяне атрымалася — хай мяркуюць чытачы. Але ўлічваючы маштаб інфармацыйнай падзеі, я вырашыў зноў звярнуцца да прэс-канферэнцыі, і гэтым разам заклікаў на дапамогу азбукавыя ісціны з галіны кагнітыўнага аналізу. Яны дазваляюць нам зразумець тое, як чалавек бачыць навакольны свет і якім чынам ён узаемадзейнічае з ім.

Кагнітыўнае асяроддзе (кагнітыўнасць — ад лацінскага «cognitio» — «спазнанне», «вывучэнне», «усведамленне») задае аснову, на якой будуецца грамадскі парадак. Ён можа фармулявацца ў тэрмінах законаў і правоў, а можа існаваць як сістэма асабістых адносін, што на працягу пяці з паловай гадзін і дэманстраваў АП.

Хто выйграе войны?

Адкрыем кнігу Вячаслава Шыроніна «Кагнітыўнае асяроддзе і інстытуцыянальнае развіццё»: «Заходняя Еўропа на працягу прыкладна двух тысячагоддзяў выпрацавала тэхніку арганізацыі чалавечых супольнасцяў у выглядзе знакавых сістэм. Гэта дазваляе, нібы з дзіцячага канструктара, з наяўных разумовых і інстытуцыянальных «дэталяў» лёгка збудаваць бясконцае мноства новых складаных адносін, мадэляў паводзінаў і рэчаў».

Патлумачу гэта тэарэтычнае мудрагельства на прыкладзе. Пераход ад рыцарскага войска да войска Новага часу адбыўся не столькі з-за вынаходніцтва пораху, колькі шляхам ператварэння войска ў знакавую сістэму. Салдат пачалі вучыць выконваць стандартныя каманды, у выніку людзі ператварыліся ў элементы сістэмы, у своеасаблівы аналаг набораў дэталяў LEGO для фармавання падраздзяленняў і палкоў, якімі можна было кіраваць і манеўраваць.

Стварэнне арміі як знакавай сістэмы прывяло да развіцця ваеннай навукі — тактыкі, стратэгіі, ваеннай арганізацыі і іншага. Тое ж самае можна сказаць пра рынак працы і ўзнікненне сістэмы стандартызаванай адукацыі. Гэтыя два сюжэты непарыўна звязаныя. Паводле папулярнага выказвання Бісмарка, «войны выйграюць не генералы, войны выйграюць школьныя настаўнікі і прыхадскія святары».

На Усходзе, часткай якога тэрыторыя цяперашняй Беларусі стала пасля далучэння да Расійскай імперыі, грамадскі парадак заснаваны не на руху складаных ментальных канструкцый, а на перавазе сеткавых структур, дзе людзі ўступаюць адзін з адным у адносіны, заснаваныя на самых агульных чалавечых уласцівасцях, і абменьваюцца дастаткова простымі імпульсамі.

Зразумела, непераадольнасць мяжы паміж Усходам і Захадам заўсёды была ўмоўнай. Таму для савецкага чалавека, у тым ліку і для яго сучаснай беларускай разнавіднасці, вельмі важна супастаўленне свайго жыцця з ладам жыцця ў Еўропе. Як тут ні прыгадаць афарызм з фільма «Брыльянтавая рука»: «Сеня, а ты кока-колу піў?» Аднак успрымаць заходнія ідэі беларусы здольныя толькі праз фільтры сваёй культуры, што рэгулярна нам і дэманструе галоўны персанаж маіх «Азбук паліталогіі».

«Я гавару…», «ён гаворыць…»

Калі я чытаў стэнаграму апошняй прэс-канферэнцыі АП (85 старонак), мяне не пакідала адчуванне, што на пытанні расійскіх журналістаў адказваў не кіраўнік дзяржавы, а прыватная асоба. Нічога спецыфічна беларускага ў гэтым няма, папросту наша сучаснасць — гэта сярэднявечнае мінулае Еўропы, на што я ўжо неаднаразова звяртаў увагу чытачоў.

Прывяду адпаведную цытату з кнігі ваеннага гісторыка Марціна ван Крэвельда «Росквіт і заняпад дзяржавы»: «Сістэма кіравання, што нарадзілася ў нетрах феадалізму і ўзыходзіць да часоў Рымскай імперыі, і паўстала Еўропе ў 1331–1648 гг., галоўным чынам усё яшчэ насіла асобасны характар. Дзяржавы як абстрактнай арганізацыі, якая валодае ўласнай юрыдычнай асобай, адрознай ад асобы кіраўніка, яшчэ не існавала».

Калі мы паспрабуем чытаць еўрапейскіх аўтараў згаданага вышэй перыяду, то заўважым, што яны паказваюць усе буйныя падзеі выключна як жыццяпіс асобаў, якія імі кіравалі.

А зараз звернемся да стэнаграмы прэс-канферэнцыі. Яе цэнтральная сюжэтная лінія будуецца вакол калійнага канфлікту. Гісторыя пачынаецца са званка кіраўніка калійнага камбіната ў год, «когда я стал президентом»: «Я тут думаю, как хлеб где найти, Минск без хлеба, на двое или трое суток муки осталось, есть нечего, а они мне про этот калий и как его продать…»

Першая фаза канфлікту скончылася сумна. У АП не хапіла часу асабіста кантраляваць усе дэталі рэалізацыі ўгнаенняў, а кіраўнік камбіната ў Салігорску апынуўся нячыстым на руку: «Я говорю: «Сколько в Индии стоят калийные удобрения у крестьян? Сколько у оптовиков и прочих?» Понятия не имеет! Я говорю: «Так ты же меня просил, что ты будешь один продавать». — «Так я продаю один». Но за забором только. И там все «кормились» от этого московского «МКК». Он продавал. Он брал у него за 70 долларов, а продавал, к примеру, за 300, что-то на фрахт уходило, а остальное — забивали карманы. Это огромные деньги — миллиарды были в год!»

Далей гісторыя продажу беларускіх калійных угнаенняў ад МКК («Міжнародная калійная кампанія») паволі перацякла ў гісторыю продажаў праз БКК («Беларуская калійная кампанія»). Апошняя стваралася па адзіна магчымым у Беларусі прынцыпу: «Он (Дзмітрый Рыбалоўлеў) приехал ко мне и говорит: «Александр Григорьевич, давайте объединимся». Я говорю: «Подожди, это новая проблема, дай мне неделю, я проработаю» і г.д.

Не па віне беларускага боку супрацоўніцтва з Рыбалоўлевым было кароткатэрміновым. Калійнага алігарха ў Расіі «папрасілі» прадаць актывы. Прыехаў ён да АП у слязах. «Я говорю: «А ты чего?» — «Всë, Александр Григорьевич, я уже работать, наверное, не буду». <…> И рассказал мне, как это было. Наехали, придушили… Я его не обеляю…».

Але святое месца пустым не бывае. Месца Рыбалоўлева заняў Керымаў, і махавік супрацоўніцтва закруціўся з падвоенай хуткасцю: «Я говорю…», «он говорит…».

Міша не дапамог

Адзінае, што АП ставіць сабе ў заслугу — гэта стварэнне суверэннай і незалежнай дзяржавы. Але цэнтралізацыя ўлады сама па сабе яшчэ не роўная стварэнню дзяржавы, калі пад гэтым разумець тое, што ў Еўропе апісваецца словам «state». Рускае ж слова «государство» тут будзе вельмі нават да месца, бо «ГО» — гэта «господин», «СУ» — «сударь», якому дораць нейкія прывілеі ў абмен на службу.

Менавіта на будаўніцтва такой дзяржавы-гаспадарства і накіроўваў сваю энергію АП на працягу дваццаці гадоў. І ён гэта пабудаваў. Таму нікога не дзівіць, што канфлікты гаспадарчых суб’ектаў, якія абарочваюцца для беларускага грамадства шматмільярднымі стратамі, вырашаюцца ў нас не праз суд. Гэта вам не Еўропа. Беларускі суд, як у свой час суд савецкі (самы справядлівы ў свеце), не разлічаны на прыняцце кіраўнічых рашэнняў. Гэта «мясарубка», што перамолвае жывых людзей.

Канфлікты ж у межах звыклага для нас кагнітыўнага асяроддзя вырашаюцца шляхам міжасобасных адносін. У дадзеным выпадку АП паспрабаваў звярнуцца па дапамогу да Мішы Гуцэрыева: : «Говорю: «Михаил, пожалуйста, можешь ты выполнить мою просьбу?» — «Какую скажете». <…> «Можешь передать». — «Могу». Поехал. <…> Через три дня приезжает Гуцериев и говорит: «Ну, не буду президента обманывать… Послал».

Для аддзялення асобы кіраўніка ад дзяржавы Еўропе спатрэбілася каля 150 гадоў, калі лічыць ад падпісання Вестфальскага міру ў 1648 годзе. Асабліва варта падкрэсліць, што з ростам дзяржавы ў яе фінансаванні ўсё меншую ролю адыгрывалі асабістыя сродкі манарха і, наадварот, усё большую — дзяржаўны бюджэт, сфармаваны з падаткаў.

У Беларусі права АП на «асабістыя сродкі» замацавана на рэферэндуме 1996 года, калі беларусы, паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, дружна адмовіліся ад канстытуцыйнай папраўкі дэпутатаў Вярхоўнага Савета, паводле якой фінансаванне ўсіх галін улады мусіла ажыццяўляцца галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэту.

А таму патрабаванні прадстаўнікоў так званай «пятай калоны» разабрацца з крыніцамі фінансавання Палаца Незалежнасці інакш як некампетэнтнымі назваць нельга. Што да тлумачэння: «там нет ни одного бюджетного рубля», дык яно ні ў чым не супярэчыць прыродзе «ГоСуДарства».

Калектыўны Google

Англійскі філосаф Джон Лок растлумачваў сучаснікам, што падданыя ніякім чынам не з’яўляюцца чальцамі сям’і ці хатняй гаспадаркі кіраўніка. Такім чынам, прынцыпы, на аснове якіх ажыццяўляецца кіраванне імі, адрозніваюцца ад тых, што выкарыстоўваюцца ў дачыненні жонак, дзяцей ці авечак.

Цікава, як бы пракаментаваў філосаф са свайго XVII стагоддзя, калі б яму давялося разам з АП наведаць ААТ «Мотавела», наступны прынцып працы з нядбайнымі кадрамі: «Если, допустим, директор моторного завода слесарь, значит, он пойдет работать слесарем или бригадиром слесарей, если Семашко (першы намеснік прем’ер-міністра) конструктор, он пойдет работать конструктором».

Але ніводны кіраўнік палітычнай адзінкі, большай за сям’ю, не ў стане дзейнічаць без падначаленых, таму развіццё еўрапейскіх дзяржаў ішло поруч з павелічэннем колькасці бюракратыі, адпаведна, і з ростам яе ўплыву на дзяржаўныя справы. Аднак чым мацнейшая і больш цэнтралізаваная бюракратычная сістэма была неабходная для кіравання дзяржавай, тым у большай ступені кантроль дзяржаўных спраў пераходзіў з рук саміх кіраўнікоў у рукі бюракратаў.

Усё лагічна, манапалізаваўшы права на прыняцце рашэнняў, кіраўнік патрапляе ў поўную залежнасць ад крыніц інфармацыі. Зразумела, што ён фізічна не ў стане не толькі самастойна збіраць неабходную інфармацыю, аднак ён аднаасобна не здолее яе апрацоўваць.

Варта звярнуць увагу, што падчас адказаў на пытанні расійскіх журналістаў АП быў вымушаны пастаянна звяртацца па дапамогу да супрацоўнікаў сваёй адміністрацыі і чальцоў ураду. Усе разам яны складалі своеасаблівы аналаг Google, тым самым як бы падкрэсліваючы ролю сеткавых структур, якія ляжаць у аснове айчыннага кагнітыўнага асяроддзя.