Беларуская эканоміка: «напярэдадні навальніцы»

Пытанне, што задаў Аляксандр Лукашэнка датычна ўвядзення каранціну — «Жэрці што будзем?» — можа паўстаць у нас і без усялякага каранціну. «Беларуская эканамічная мадэль» імкліва коціцца да заняпаду. Да прэзідэнцкіх выбараў яе яшчэ патрымаюць, канешне. Але што будзе потым?

kryzis_2.jpg


Ужо цяпер нашы асноўныя эканамічныя паказчыкі ўражваюць са знакам «мінус». Белстат апрылюдніў новыя звесткі, паводле якіх ВУП Беларусі ў студзені-красавіку 2020 года ў бягучых цэнах склаў 41,1 мільярда рублёў і ўпаў на 1,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Прамысловая вытворчасць у красавіку 2020 года знізілася на 10,5% у адносінах да сакавіка гэтага года. Да аналагічнага перыяду мінулага года падзенне склала 3,8%.

Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці на 1 траўня склалі 5,6002 мільярда рублёў, або 79,1% да сярэднямесячнага аб’ёму прамысловай вытворчасці. За красавік складскія запасы ўзраслі на 136 мільёнаў рублёў.

І вельмі крытычна абвалілася нашая «залатая рыбка»: экспарт прадукцыі нафтахімічных і хімічных прадпрыемстваў Беларусі па выніках I квартала 2020 года знізіўся на 55,8% (!) у параўнанні аналагічным перыядам мінулага года, паведаміла прэс-служба канцэрна «Белнафтахім». На экспарце нафтапрадуктаў мы зарабілі ўсяго $921,2 мільёна.

«Зніжэнне фізічных аб’ёмаў экспарту нафтапрадуктаў, падзенне каціровак на нафту маркі Urals, уцягванне ў перапрацоўку на НПЗ запланаванай на экспарт (здабытай у Беларусі) беларускай нафты і зніжэнне каціровак і экспартных коштаў на хімічную і нафтахімічную прадукцыю да 30% аказалі негатыўны ўплыў на паказчыкі знешняга гандлю», — назвала ведамства прычыны такога абвалу.

Вытворчасць на прадпрыемствах канцэрна ў I квартале ўпала 16,2%, а аб’ём перапрацоўкі нафты склаў 2,76 мільёна тон (мінус 40,6%).

На гэтым фоне — зніжэння прадукцыйнасці працы, працы прадпрыемстваў «на склад» і крытычнага падзення нафтахімічнага экспарту — у насельніцтва чароўным чынам растуць даходы. Як паведамляе той жа Нацыянальны статыстычны камітэт, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў I квартале 2020 года выраслі на 7,1% адносна ўзроўню I квартала 2019 года.

Мы ўжо звярталі ўвагу на гэтую дзіўную тэндэнцыю — падае ВУП, падае вытвор­часць, але даходы растуць. Гэта азначае, што дзяржава спрабуе напампаваць кішэні грамадзян незаробленымі грашыма.

Даўно заўважана, што незаробленыя грошы шчасця не прыносяць. Дый усё роўна «павышэнне наяўных грашовых даходаў» ад Белстату неяк не адчуваецца грамадзянамі краіны ў сваіх кішэнях, таму што цэны таксама растуць.

Эксперты даследчага цэнтра BIPART і праекта «Кошт Урада» ад сакавіка 2015 года склада­юць індэкс «чаркі-скваркі». Гэты рэйтынг вылічваецца па прыкладзе «індэкса біг-маку», якім з 1986 года займаецца часопіс The Economist, спрабуючы адлюстроўваць рэальны курс абмену валют у розных краінах па кошце гамбургераў. «Біг-макі», вядома, прадаюцца і ў Беларусі, аднак вызначаць пакупніцкую здольнасць беларускіх заробкаў лепш з дапамогай нечага нацыянальнага, вырашылі ў BIPART і ўзгадалі словы Лукашэнкі пра чарку і скварку.

Індэкс «чаркі-скваркі» складаецца з цаны 100 грамаў бескасцёвай свініны і 100 грамаў гарэлкі і разлічваецца штоквартальна на падставе даных Белстату. Аўтары індэкса сцвярджаюць, што з яго дапамогай можна вызначыць, наколькі абясцэніўся беларускі рубель, а таксама параўнаць даходы і выдаткі беларусаў і нашых суседзяў.

Дык вось, нягледзячы на той самы «рост даходаў», пакупніцкая здольнасць насельніцтва, аказваецца, падае. Па выніках І квартала гэтага года сярэдні кошт 100 грамаў гарэлкі і 100 грамаў свініны ў Беларусі склаў 2,65 рубля. Гэта рэкордны максімум. Да гэтага самая дарагая чарка-скварка была зафіксаваная ў 4-м квартале 2018 года — сярэдні кошт быў 2,63 рубля. Падаражанне чаркі і скваркі за апошні квартал абумоўлена пераважна ростам коштаў на гарэлку, адзначаюць аўтары даследавання.

Між тым, цэны на га­рэлку ўсталёўвае дзяржава, і яна ж жорстка рэгулюе продаж гэтага віду прадукцыі. Што ў чарговы раз пацвярджае выснову, зробленую ў мінулым аглядзе — інфляцыю разганяе дзяржава. А што яшчэ рабіць, каб «ліквіда­ваць» тыя самыя выплачаныя, але не заробленыя грошы?

Можна было б спадзявацца, што ў нас ёсць нейкая «падушка бяспекі» і сябры, якія ў складаны час нам дапамогуць. Але насамрэч на такую дапамогу разлічваць не асабліва выпадае. Пацвярджэннем гэтага стаў саміт ЕАЭС, што прайшоў на тыдні ў фармаце відэаканферэнцыі. На ім Аляксандр Лукашэнка і Нікол Пашынян паспрабавалі «націснуць» на Уладзіміра Пуціна адносна коштаў на газ. «З канчатковым узаемапрымальным рашэннем мы не можам вызначыцца ўжо некалькі гадоў. Пры тым, што актуальнасць праблемы пастаянна ўзрастае», — жаліўся кіраўнік Беларусі. Крышачку раней, напярэдадні саміту, ён заўважаў, што кошт расійскага газу ў Еўропе складае 70 долараў за 1000 кубаметраў, у той час як беларускі кантракт вызначае цану ў 127 долараў.

«Ад мёртвага асла вам вушы альбо паглыбленая інтэграцыя», — прыкладна так коратка можна пераказаць адказ Пуціна беларускаму і армянскаму калегам. Калі пратакольнай мовай, то Пуцін заявіў, што адзіны тарыф на транзіт газу ў ЕАЭС не можа быць уведзены на цяперашнім узроўні інтэграцыі. «Што тычыцца прапанаванага нашымі армянскімі і беларускімі сябрамі адзінага тарыфу на паслугі па транспарціроўцы і транзіце газу, то мы лічым, што адзіны тарыф можа быць рэалізаваны толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам і адзінай сістэмай падаткаабкладання. Такі глыбокі ўзровень інтэграцыі пакуль яшчэ не дасягнуты», — заявіў кіраўнік Расіі.

То-бок, Пуцін у чарговы раз заявіў, чаго ён хоча, а канкрэтна — уваходжання Беларусі (і, можа быць, нават і Арменіі) у склад Расійскай Федэрацыі. Бо адзінага бюджэту і адзінага падаткаабкладання няма нават у Еўрасаюзе.

Таму можна ў стотысячны раз паўтарыць — хопіць гуляцца ў розныя «інтэграцыі». Нічога добрага з гэтага не атрымаецца. А незалежнасць — яна даражэйшая за газ і нафту.