Ні холадна, ні горача

Выбары ў ЗША, якімі быў заклапочаны ўвесь свет, нарэшце прайшлі. Амерыка «падбівае вынікі», а той самы свет варожыць, якой будзе палітыка Злучаных Штатаў у дачыненні да іх. Не выключэнне тут і Беларусь.

zima_1_logo.gif


Апошнімі часамі абодва бакі — як Злучаныя Штаты, так і Сінявокая — прыклалі даволі шмат намаганняў, каб выйсці ў двухбаковых адносінах з таго стану глыбокай замарозкі, якая доўжыцца амаль дзесяцігоддзе.

Нагадаем, у 2004-м у ЗША быў прыняты «Акт пра дэмакратыю ў Беларусі», які патрабуе спынення ў краіне рэпрэсій супраць іншадумцаў і ўводзіць санкцыі супраць некаторых галінаў беларускай эканомікі. Цікава, што згодна гэтаму дакументу прадстаўнікі ЗША ў МВФ павінны галасаваць супраць надання Беларусі крэдытаў з гэтай структуры.

З-за рэпрэсій на выбарах 2006 года ў 2007-м пад санкцыі патрапіў канцэрн «Белнафтахім» — «цяжкавагавік» у гандлі з ЗША. У дадатак пэўныя дзяржпрадпрыемствы і банкі былі заўважаныя ў парушэнні міжнароднага эмбарга адносна Ірана, і таксама ўвайшлі ў «санкцыйны спіс». У адказ Мінск значна скараціў сваё дыппрадстаўніцтва ў Вашынгтоне і запатрабаваў парытэтнага скарачэння дыпмісіі ЗША ў Беларусі. У сакавіку 2008 года колькасць супрацоўнікаў пасольства Злучаных Штатаў была скарочана з 35 чалавек да 5, Мінск па патрабаванні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. З тых часоў пасла ЗША ў краіне няма.

У выніку ў Беларусі выдаюцца толькі «тэрміновыя» візы ў ЗША. Па ўсе іншыя трэба ехаць туды, дзе ёсць паўнавартаснае пасольства, — Вільнюс, Кіеў, Варшаву або Маскву.

Аднак усё цячэ, усё змяняецца. З 2014 года адносіны цяплеюць. Вашынгтон ацаніў міратворчую дзейнасць уладаў Беларусі ў расійска-ўкраінскай вайне і зняў санкцыі з некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Аўтаматычна зняліся санкцыі з тых, хто патрапіў пад іх праз супрацоўніцтва з Іранам — калі эмбарга з Ірана было знятае.

Пасля гэтых крокаў афіцыйны Мінск пагадзіўся дадаць яшчэ аднаго чалавека ў штат пасольства ЗША, вынікам чаго быў пашыраны спіс візавых паслуг. У чэрвені гэтага года кіраўніцтва Беларусі пагадзілася і на сёмага супрацоўніка дыпмісіі ЗША — эканамічнага дарадцу. Крыху раней, у лютым, Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд агучваў, што аднаўленне паўнавартаснай працы пасольства «абмяркоўваецца і ў Вашынгтоне, і ў Мінску».

Далей за амерыканцаў пайшоў, канешне ж, Аляксандр Лукашэнка. Падчас галасавання на парламенцкіх выбарах 11 верасня ён заявіў, што «пасол (ЗША ў Мінску) абавязкова будзе». «Мы пра гэта, у прынцыпе, дамовіліся. Я думаю, што пасля выбараў у ЗША мы вырашым гэтую праблему».

Аптымізму Аляксандра Рыгоравіча можна пазайздросціць, але эксперты яго не падзяляюць. «Не трэба думаць, што ў Дональда Трампа, які стаў прэзідэнтам ЗША, у кабінеце будзе такі ж глобус, як у Аляксандра Лукашэнкі, і што ён неяк заклапочаны Беларуссю, — кажа міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Выбары амерыканскага прэзідэнта на Беларусі не адаб’юцца ніяк».

Наконт аднаўлення ў нашай краіне працы пасла ЗША, Якаўлеўскі зазначае, што гэты працэс ідзе, але падкрэслівае, што ён — не хуткі: пасла павінны абраць, зацвердзіць і гэтак далей. «Гэта вельмі доўгая працэдура ў ЗША», — кажа эксперт. Але «трэнд на наладжванне адносінаў ёсць, і я лічу пазітыўнай і важнай падпісаную нядаўна заяву пра ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і ЗША», кажа Якаўлеўскі.

З Актам пра дэмакратыю ў Беларусі ўсё яшчэ больш складана, чым з паслом. «У свой час Аляксандр Лукашэнка здзейсніў выдатнае палітычнае дасягненне — гэта першы закон, спецыяльна па Беларусі, у гісторыі ЗША, прыняты аднагалосна. Я не думаю, што так проста будзе яго прыбраць, тым больш, што прычыны, якія яго спарадзілі, у Беларусі не ліквідаваныя», — адзначае міжнародны аглядальнік.

«Я не бяруся сказаць, што новы прэзідэнт адзначыць свой тэрмін такім дзеяннем, як адмена Акта пра дэмакратыю. Тым больш, што ён мае свае асаблівасці, ён дзейнічае не поўнасцю. Некаторыя артыкулы з яго ўключаюць, некаторыя — выключаюць», — кажа Якаўлеўскі. І ад асобы кіраўніка ЗША ў гэтым дакуменце не вельмі шмат што і залежыць, бо прымае яго Кангрэс, а прэзідэнт толькі падпісвае.

Не чакае хуткіх зменаў у ЗША ў адносінах да Беларусі і палітолаг Валер Карбалевіч. «Хто б ні перамог у Злучаных Штатах, яго першыя праблемы — зусім не Беларусь. У новага прэзідэнта будзе шмат іншых праблем і пытанняў, і да Беларусі, калі тут, зразумела, нічога экстраардынарнага не здарыцца, чарга дойдзе вельмі не хутка. Таму ў дачыненні да Беларусі будзе пэўная сіла інерцыі, і пакуль не падыдуць тэрміны, ніхто не будзе гэтыя пытанні ўздымаць», — лічыць Карбалевіч.

Змяніць сітуацыю, па меркаванні Карбалевіча, можа толькі беларускі бок. «Калі б у Беларусі, напрыклад, раптам настала поўная дэмакратыя, то рэакцыя амерыканскага ўрада была б адпаведная. Але чакаць дэмакратыі бліжэйшым часам не выпадае, і таму, я думаю, у кароткатэрміновай перспектыве статус-кво ў адносінах Беларусі і ЗША захаваецца», — адзначае эксперт.