Трамп можа адмяніць ядзернае пагадненне з Іранам — чыноўнікі ЗША

Абраны прэзідэнтам ЗША Дональд Трамп можа адмяніць пагадненне сусветных дзяржаваў з Іранам па ядзернай праграме Тэгерана, як рэспубліканец абяцаў падчас выбарчай кампаніі.

Дональд Трамп (злева) і Барак Абама. Вашынгтон, 10 лістапада 2016 года

Дональд Трамп (злева) і Барак Абама. Вашынгтон, 10 лістапада 2016 года


Прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Марк Тонар і іншыя амерыканскія эксперты заявілі, што гэта пагадненне юрыдычна не абавязвае ЗША, і Дональд Трамп можа не толькі адмовіцца выконваць яго, ён можа таксама адмяніць распараджэнне прэзідэнта Барака Абамы адносна паслаблення эканамічных санкцыяў, накладзеных на Іран.

«Гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы для цэласнасці пагаднення», — адзначыў Тонар і дадаў, што адмова ЗША ад выканання дамоўленасцяў, хутчэй за ўсё, дасць магчымасць Ірану аднавіць праграму стварэння ядзернай зброі.

Такая ацэнка супярэчыць сцвярджэнню прэзідэнта Ірана Хасана Рухані, які 9 лістапада заявіў, што Трамп «не мае магчымасці» адмяніць пагадненне, паколькі яно ўхваленае некалькімі краінамі ў Радзе Бяспекі ААН.

Ядзернае пагадненне Ірану з сусветнымі дзяржавамі прадугледжвае адмену эканамічных санкцыяў у абмен на адмову Тэгерана ад распрацоўкі ядзернай зброі.



www.svaboda.org