Няпэўнасць жыцця

Грамадства, якое не здольнае здабываць прыбытак з непрадказальнасці, асуджана атрымліваць страты ад стабільнасці.
 



str_6_da_nikaljuka.jpg

Чарговую «Азбуку паліталогіі» я пачну з цытаты, запазычанай у расійскага сацыёлага Георгія Сатарава: «Як вы думаеце, чаго больш за ўсё баяцца гэтыя, там? Даю падказку. Вось словы Пуціна: «Жыццё, на самай справе, вельмі простая рэч». Справа не ў тым, верыць ён у гэта ці не. Ён хоча верыць у гэта. Бо іншае палохае яго. Бо супрацьлеглае — складанасць, разнастайнасць, непрадказальнасць, хаос, усё, што ўласціва грамадзянскай супольнасці, усё, што спараджае развіццё, новае жыццё, новую думку — усё тое забівае прадстаўнікоў гэтага віду».
Каго канкрэтна сацыёлаг адносіць да прадстаўнікоў «гэтага віду», здагадацца нескладана, як нескладана скласці беларускі варыянт спісу тых, хто палохаецца разнастайнасці і непрадказальнасці.
Эвалюцыя, у тым ліку і сацыяльная, ідзе па шляху нарастання складанасці і разнастайнасці. У наш час такое ўскладненне амаль заўсёды суправаджаецца зменай палітычных эліт. Але калі для іншых народаў вырашэнне лёсу сваіх урадаў і прэзідэнтаў даўно стала палітычнай руцінай, то ў нас гэтыя працэсы ператвараюцца ў праблему існавання дзяржавы як такой.
Паглядзіш тэлевізар — складаецца ўражанне, што альтэрнатывай цяперашняй палітыцы і камандзе, якая яе ажыццяўляе, у Беларусі можа быць толькі хаос. У сваёй кампутарнай бібліятэцы я знайшоў дзясяткі адпаведных цытат адзінага палітыка (АП). Абмяжуюся адной: «Оппоненты власти призывают нас перейти от эволюционного созидания к радикальным реформам и революциям. Этот зуд перемен не от большого ума. Ведь они не хотят понять, насколько тонка грань, отделяющая мирную жизнь от кровопролития и бессмысленной жестокости, стабильность — от хаоса и анархии».
Які спосаб эфектыўней?
Чэмпіянат свету па футболе 1966 года ў Лондане быў першым, які паказалі ў нас па тэлебачанні. Матчу адкрыцця (Англія—Уругвай) папярэднічала выступленне зборнага аркестра. Музыкі не толькі выконвалі мелодыі, але і ўмудраліся адначасова маршыраваць. Якім чынам дасягалася ўзгодненасць дзеянняў двухсот чалавек? Адказ на гэта пытанне просты: у музыкаў быў дырыжор. Аркестр — класічны прыклад сацыяльнай сістэмы, каардынацыя дзеянняў у якой дасягаецца камандна-адміністратыўным метадам (ёсць начальнікі, ёсць падначаленыя — першыя аддаюць каманды, другія іх выконваюць).
Але вось аркестр завяршыў сваё выступленне, і на поле выйшлі футбалісты. Футбол — гульня калектыўная, а калектыўныя дзеянні патрабуюць каардынацыі. Зразумела, што магчымасць трэнера непасрэдна кіраваць гульцамі на полі вельмі абмежаваная, тым не менш у свеце хапае футбольных клубаў, здольных гуляць «як машыны».
Але якім чынам дасягаецца каардынацыя такіх «машын»? Галоўная крыніца каардынацыі — агульныя правілы, выконваць якія абавязаныя ўсё. Уяўляеце, што было б, калі б адна каманда выйшла на поле гуляць у футбол, а іншая — у рэгбі! Аднак парушэнні правіл непазбежныя, таму за іх выкананнем сочыць брыгада незалежных суддзяў. Наступны момант — асабістая зацікаўленасць футбалістаў у канчатковым калектыўным выніку. Футбалісты-прафесіяналы зарабляюць немалыя грошы і атрымліваюць паводле сваёй працы, вось і даводзіцца ім бегаць па полі ўсё 90 хвілін і ўвесь час праяўляць уласную ініцыятыву (адкрывацца, даваць пасы).
Звярніце ўвагу, у першым выпадку вынік сумесных дзеянняў залежыць ад гатоўнасці падначаленых дакладна і своечасова выконваць каманды, а ў другім — ад здольнасці чальцоў калектыву браць адказнасць на сябе і дзейнічаць самастойна.
Які спосаб каардынацыі больш эфектыўны? Адназначна адказаць на гэта пытанне нельга. Усё залежыць ад кантэксту. Але тэорыя гульняў падказвае, што калі ты гуляеш з супернікам з выпадковай стратэгіяй, то твая аптымальная стратэгія можа быць толькі выпадковай.
На эканамічнай пляцоўцы, абмежаванай дзяржаўнай мяжой Рэспублікі Беларусь, паводле апошняй справаздачы Белстата, у чэрвені «гуляла» 4 550,5 тысячы чалавек. Яны былі аб’яднаныя ў дзясяткі тысяч калектываў, якія гулялі не толькі паміж сабой, але і з калектывамі па-за межамі краіны. Такі кантэкст. Чытач мае права сам вызначыць, які з двух апісаных вышэй спосабаў каардынацыі будзе ў нашым выпадку больш эфектыўны.
Супрацоўніцтва vs. канкурэнцыя
Зноў звярнуся па дапамогу да Георгія Сатарава: «Ключавая розніца паміж Усходам і Захадам палягае ў наступным: дэмакратыя інстытуцыялізуе выпадковы пошук з вельмі кароткім крокам, роўным тэрміну паміж выбарчымі кампаніямі. Калі ідэолагі дэмакратыі кажуць, што ў выбарах галоўнае — гэта нявызначанасць выніку, то насамрэч гаворка ідзе менавіта пра тое, што ў нас павінна захоўвацца істытуцыянальная магчымасць выпадковага пошуку кірункаў». Калі казаць прасцей, дэмакратыя — гэта прылада, якая дазваляе выбудоўваць выпадковыя стратэгіі ў адказ на ўнутраныя і знешнія выклікі.
Чалавечыя веды, пра што пісаў яшчэ Адам Сміт, распыленыя. Ён адзначаў: «Відавочна, што кожны чалавек, у залежнасці ад мясцовых умоваў, можа значна лепш вырашыць, да якога менавіта кшталту айчыннай прамысловасці прыкласці свой капітал і прадукт якой прамысловасці можа валодаць найбольшым коштам, чым тое зрабіў бы замест яго любы дзяржаўны дзеяч».
«Даследаванне аб прыродзе і прычынах багацця народаў», з якога я запазычыў цытату, было ўпершыню апублікавана ў 1776 годзе, але ў Беларусі рашэнні пра тое, «да якога менавіта кшталту айчыннай прамысловасці прыкласці свой капітал» і сёння часцяком прымаюць не бізнэсоўцы, якія рызыкуюць уласнымі грашыма, а дзяржаўныя дзеячы (дзеяч). Нескладана здагадацца, чыімі грашыма яны (ён) пры гэтым рызыкуе.
У якасці ілюстрацыі да цытаты з класіка палітэканоміі згадаю сучасную гісторыю. Калі да Піначэта прыйшлі эканамісты з прапановай адкрыць эканоміку (усталяваць нізкія мыты), ён спытаў іх, што Чылі будзе экспартаваць акрамя медзі, якую і так ужо экспартуе. Эканамісты адказалі: «Не ведаем, і менавіта таму трэба адкрываць эканоміку».
Што лепш — супрацоўніцтва (кааперацыя) ці канкурэнцыя? На ўзроўні азбукавых ісцін адказ можна сфармуляваць наступным чынам: у малых групах, калі ўсе ўсё пра ўсіх ведаюць, перавагу варта аддаваць супрацоўніцтву, але ва ўмовах адкрытай эканомікі, калі даводзіцца бесперапынна прыстасоўвацца да незнаёмых акалічнасцяў, канкурэнцыя робіцца, так бы мовіць, па-за канкурэнцыяй. Падмацую сказанае аўтарытэтам нобелеўскага лаўрэата Фрыдрыха Хаека: «Канкурэнцыя ўяўляе сабой працэдуру адкрыцця, пазнавання новага — працэдуру, уласцівую эвалюцыі ва ўсіх яе формах, якая прымушае чалавека апроч уласнай волі ўпісвацца ў новыя сітуацыі. І менавіта за кошт нарастаючай канкурэнцыі, а не за кошт салідарнасці, паступова павялічваецца наша эфектыўнасць».
Сёння без згадак пра канкурэнцыю не абыходзіцца ніводны выступ АП на эканамічную тэму. Ды і як можа быць інакш, калі экспарт складае больш за 60 працэнтаў ВУП? Але тое, чаго не магчыма пазбегнуць «у сусветным маштабе», АП спрабуе зрабіць у межах Беларусі і інтэграцыйных аб’яднанняў з Расіяй. Адсюль шматлікія холдынгі і пастаянныя заклікі «прекращать конкурировать друг с другом хотя бы в рамках Таможенного союза».
Новы клас?
Галоўная характарыстыка беларускіх выбараў — іх прадказальнасць. Дзеля яе забеспячэння кожная выбарчая кампанія рыхтуецца ўладай у рэжыме спецаперацыі. Склад выбарчых камісій — ключавы момант, таму фармаванне камісій па ўказанні АП праводзіцца ў Беларусі, «как того требует закон, открыто, с участием политических партий и общественных организаций». Партыйцаў, аднак, уключаюць у камісіі «независимо от их политических взглядов», але толькі з ліку «достойно зарекомендовавших себя при проведении прежних избирательных кампаний». Што да тых, «кто ранее способствовал дезорганизации выборов», то яны, натуральна, «не должны получить второго такого шанса».
Аналагічную заяву зрабіла сёлета і «член каманды Лукашэнкі» старшыня ЦВК Лідзія Ярмошіна: «Нармальныя, добрыя, вартыя людзі, якія сябе добра зарэкамендавалі падчас апошніх выбараў, думаю, патрапяць. А вось тыя, хто ладзіў скандалы і разборкі... У мяне не ўздымецца рука загадаць хоць камусьці ўключаць у склад камісіі чалавека, які піў кроў выбарчай камісіі на папярэдніх выбарах. Таму — усё залежыць ад таго, хто будзе вылучаны».
У Беларусі каля 70 тысяч чалавек уваходзяць у склад толькі ўчастковых камісій. Гэта спрэс «нармальныя, добрыя, вартыя людзі», шмат хто з іх падлічвае нашы галасы з 1996 года. Таму можна смела сцвярджаць, што ў краіне сфармавалася своеасаблівая сацыяльная група — сябры выбарчых камісій. Пры жаданні ў гэтай групе можна разгледзець зародкі новага класа, калі адкінуць марксісцкі падыход, які суадносіць паняцце «клас» з сацыяльнай супольнасцю, што вызначаецца паводле адносін да ўласнасці і да грамадскага падзелу працы. Але акрамя Маркса ёсць не меней аўтарытэтная крыніца ў асобе Вебера, які вылучаў поруч з эканамічнымі крытэрамі і сацыяльны статус, што дазваляе індывіду заняць адпаведнае месца ў сацыяльнай іерархіі.
Але вернемся да пачатку артыкула. Непрадказальнасць — абавязковая ўмова развіцця сацыяльных сістэм. Яна дазваляе мільёнам людзей метадам спроб і памылак выбудоўваць эфектыўныя асабістыя стратэгіі, але ў межах агульнай сістэмы нормаў і правіл. Тое, што з вяршыні ўладнай «вертыкалі» ўспрымаецца як хаос, на самай справе — жыццё, у якім гарызантальныя сувязі паміж людзьмі пераважаюць над сувязямі вертыкальнымі.
Сябры выбарчых камісій, якія забіваюць непрадказальнасць, руйнуюць будучыню не толькі тых, хто не падтрымлівае ўладу, але і сваю ўласную, бо калі грамадства не здольнае здабываць прыбытак з непрадказальнасці, яно асуджана атрымліваць страты ад стабільнасці. Згадаем лёс СССР.