Новая знешняя палітыка: «накатваць» і не спаць у шапку
«Расія падтрымлівала і будзе падтрымліваць і дапамагаць Беларусі. У тым ліку крэдытамі», — заявіў пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў падчас сустрэчы з журналістамі. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка са скрухай канстатуе, што раней мы «спалі ў шапку» і не бачылі партнёраў апроч Расіі, і ставіць амбітную задачу наладжваць новыя сувязі на мацерыках і кантынентах Зямлі.
«Расія падтрымлівала і будзе падтрымліваць і дапамагаць Беларусі. У тым ліку крэдытамі», — заявіў пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў падчас
сустрэчы з журналістамі. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка са скрухай канстатуе, што раней мы «спалі ў шапку» і не бачылі партнёраў апроч Расіі, і ставіць амбітную задачу
наладжваць новыя сувязі на мацерыках і кантынентах Зямлі.
Па словах дыпламата, Расія не збіраецца купляць лаяльнасць Беларусі, каб палепшыць двухбаковыя адносіны. «Мы захоўвалі пераемнасць з часоў СССР у пытаннях паставак энерганосьбітаў з
некаторымі суб’ектамі прэферэнцыйнага характару. У 2006 годзе Расія вырашыла перайсці на рыначныя ўмовы гандлю энерганосьбітамі. Калі пад гэтым разумець імперскія амбіцыі, то я прашу
прабачэння», — зазначыў Сурыкаў.
На яго думку, размова ідзе пра раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны. Напрыклад, дамагаючыся льготных коштаў на энергарэсурсы Беларусь адначасова вядзе з Расіяй выгадны для сябе эканамічны дыялог па
продажы сваёй прадукцыі — малака, сельскагаспадарчай тэхнікі. «Мы ж не просім прадаваць нам малако ў два разы танней», — падкрэсліў дыпламат.
Спрэчкі на глебе паставак энергарэсурсаў Аляксандр Сурыкаў лічыць нармальным працэсам, галоўнае — «сфармаваць разумныя адносіны ажно да сумеснага бізнесу, каб абодвум бакам было
выгодна». І факт таго, што Беларусь падала іск у Эканамічны суд краінаў СНД па пытаннях мытаў на нафту, пасол лічыць абсалютна нармальнай з’явай: «Раней гэтыя ўсе
супярэчнасці выліваліся ў медыйную сферу, якая нічога не вырашае. Цяпер усё больш цывілізавана. Хай пытанне разгледзяць юрысты». Да слова, дыпламат сказаў, што яму прыносіць задавальненне
прагляд беларускіх тэлеканалаў, дзе часам «мочаць Расію». «Гэта нармальна, важна, каб было агульнае паразуменне», — мяркуе пасол Расіі.
Аднак, нягледзячы на намеры «дапамагаць Беларусі», усходняя суседка пра свае інтарэсы не забываецца. Так, Аляксандр Сурыкаў паведаміў, што Расія можа адмовіцца ад удзелу ў
будаўніцтве беларускай АЭС, калі ў фінансаванні праекту будзе ўдзельнічаць Кітай. «Мы не хочам дзяліцца тэхналогіямі, якія каштуюць грошай, з кітайскімі фірмамі, многія з якіх маладыя на
гэтым рынку. Новыя тэхналогіі трэба купляць, а кітайцы, у мяне такое адчуванне, хацелі б іх падгледзець. Калі яны будуць удзельнічаць, то расійскі бок прапануе перагледзець некаторыя
моманты», — дадаў дыпламат. Паводле яго слоў, прымальным быў бы варыянт, калі РФ будзе займацца непасрэдна тэхнічнай часткай станцыі, а кітайцы, напрыклад, будаўніцтвам гарадка для
атамшчыкаў. Цяпер Беларусь і Расія рыхтуюцца да падпісання кантракта на будаўніцтва АЭС, абмяркоўваецца цана будаўніцтва.
Таксама Аляксандр Сурыкаў нагадаў, што з першага ліпеня бягучага года ў рамках Мытнага саюза краіны мусяць выйсці да мяжы з Еўрапейскім саюзам праз Беларусь. «З правільным падыходам мы
атрымаем больш канкурэнтаздольную эканоміку, наша галоўная задача — праз рэгуляванне імпарту стварыць спрыяльныя ўмовы для вытворцаў. У 2012 годзе чакаецца ўвогуле пераход да адзінай
эканамічнай прасторы», — нагадаў дыпламат, а таксама падкрэсліў, што «інтэграцыя паміж Беларуссю і Расіяй хоць і развіваецца не без складанасцяў, але гаварыць аб яе
зварочванні — рана».
Між тым на днях кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нарады па выніках свайго візіту ў Венесуэлу і Бразілію назваў парадаксальнай сітуацыю, якая складваецца ў адносінах з урадам Расіі, і
абвінаваціў расійскі кабінет міністраў у вырашэнні праблем з Беларуссю з пазіцыі суб’ектыўнага характару. «Не трэба ў выступе і заяве гаварыць пра расійскі народ, пра Расію. Расія
занадта разнародная, і той, хто кіне камень у расійскага чалавека, будзе няшчырым чалавекам, — сказаў Лукашэнка. — Іншая справа, тая пазіцыя, якую займае расійскі ўрад».
Паводле кіраўніка Беларусі, у адносінах паміж дзвюма дзяржавамі ёсць праблемы, і яны не вырашаюцца, таму Беларусь і шукае новых партнёраў, у тым ліку і за акіянам. «Мы бачым, колькі праблем
сёння не вырашаецца або вырашаецца з пазіцыі суб’ектыўнага характару з боку ўрада Расіі. Мы ні на каго не накатваем, мы проста пачынаем шукаць іншыя нішы і краіны, дзе нас успрымаюць і
разумеюць, — патлумачыў Лукашэнка новыя міждзяржаўныя стасункі. — Менавіта таму сёння, як ніколі, мы вымушаныя актыўна працаваць у любым, нават самым аддаленым кутку свету, дзе мы
можам разлічваць на прадказальныя і сумленныя ўмовы ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязяў. На Расіі і Еўропе свет клінам не сышоўся, трэба выходзіць у іншыя рэгіёны са сваёй прадукцыяй і
праектамі».
У якасці патэнцыйных дзелавых партнёраў кіраўнік Беларусі разглядае не толькі краіны Лацінскай Амерыкі, але і Афрыкі. Таксама беларускі ўрад атрымаў указанне развіваць кантакты з краінамі
Паўднёва-Усходняй Азіі, Персідскага заліва і Індыяй.