Новы беларускі парадак
За два дні да выбараў Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў краіне разгарнулі дэмакратыю, якая парушае стабільнасць палітычнага ладу. Вечарам 19 снежня дэмакратыю згарнулі. Ды так, што ад шоку
яшчэ доўга будзе апраўляцца і Беларусь (дакладней, тая частка, што ўмее думаць), і міжнародная супольнасць.
Афіцыйны Мінск упіваецца чарговай «элегантнай» перамогай, назіральнікі выстаўляюць гэтым выбарам адзнакі «кепска» і «вельмі кепска».
За два дні да выбараў Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў краіне разгарнулі дэмакратыю, якая парушае стабільнасць палітычнага ладу. Вечарам 19 снежня дэмакратыю згарнулі. Ды так, што ад шоку
яшчэ доўга будзе апраўляцца і Беларусь (дакладней, тая частка, што ўмее думаць), і міжнародная супольнасць.
Афіцыйны Мінск упіваецца чарговай «элегантнай» перамогай, назіральнікі выстаўляюць гэтым выбарам адзнакі «кепска» і «вельмі кепска».
Заручыўшыся падтрымкай Расіі, якая паабяцала ў 2011 годзе датацыі для Беларусі ў памеры каля 4 мільярдаў долараў, Аляксандр Лукашэнка не тое што пра кіраваную дэмакратыю размовы не вядзе, а дае
зразумець, што наступныя пяць гадоў краіна будзе пад уладай дубінкі. Адзіную пакуль свабодную прастору — інтэрнэт — таксама збіраюцца зацугляць.
«Мы рэфармуем інтэрнэт, прывядзем яго ў адпаведнасць з заходнімі ўзорамі. Мы гэтага не зрабілі да выбараў. Гэта была мая пазіцыя: не кранайце, гавару, скажуць, што мы кагосьці там заціскаем,
— растлумачыў Лукашэнка. — За кожнае напісанае слова вы будзеце несці поўную адказнасць. За ўсе ўкіды вы будзеце адказваць. Нават калі вашы рэдакцыі размешчаныя далёка за мяжой, мы
будзем прад’яўляць прэтэнзіі тым дзяржавам, дзе размешчаныя гэтыя рэдакцыі».
ЗША выбары не прызнаюць, а Еўропа?
Традыцыйна для Беларусі назіральнікі ад АБСЕ і ад СНД маюць супрацьлеглыя меркаванні наконт прэзідэнцкіх выбараў.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядаюць стандартам АБСЕ — такое заключэнне міжнародных назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Парламенцкай Асамблеі
(ПА) АБСЕ.
Высокі прадстаўнік Еўрапейскага Саюза Кэтрын Эштан заявіла, што прымае да ўвагі папярэднія высновы міжнароднай місіі БДІПЧ/АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь, а гвалт
падчас разгону дэманстрацыі 19 снежня яна «катэгарычна асудзіла».
Нягледзячы на тое, што сам працэс галасавання быў ацэнены на «добра», працэдуры значна пагоршыліся падчас падліку галасоў, нівелюючы крокі, якія былі зробленыя для таго, каб
палепшыць выбары. Працэдуры падліку галасоў былі ацэненыя як «кепска» і «вельмі кепска», — канстатуюць назіральнікі місіі.
Кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЕ і дэлегацыі ПА АБСЕ Тоні Лойд заявіў, што «гэтыя выбары не змаглі даць Беларусі новы старт, у якім яна мела патрэбу».
«Працэс падліку галасоў не быў празрыстым. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага. У прыватнасці, зараз я чакаю, што ўрад будзе адказваць за арышты кандыдатаў у прэзідэнты, журналістаў і
праваабаронцаў», — сказаў прадстаўнік арганізацыі.
Місія АБСЕ рэзюмуе, што «нягледзячы на некаторыя паляпшэнні ў выбарчым заканадаўстве, прававая база дагэтуль не дае адэкватных гарантый для правядзення выбараў у адпаведнасці з
абавязальніцтвамі ў рамках АБСЕ».
Місія назіральнікаў СНД, наадварот, не выявіла фактаў, якія б ставілі пад сумненне легітымнасць прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. «Мы канстатуем, што ў Беларусі былі створаныя неабходныя
ўмовы для назірання, што гаворыць аб дэмакратычнасці і празрыстасці выбарчага працэсу», — цытуе БелаПАН кіраўніка місіі назіральнікаў СНД, выканаўчага сакратара Садружнасці Сяргея
Лебедзева. Больш таго, Лебедзеў заявіў, што нічога антызаконнага не бачыць у дзеяннях сілавых структур падчас разгону вулічнай акцыі 19 снежня.
Негатыўныя водгукі на дзеянні кіраўніцтва Беларусі былі ад старшыні Камітэта па міжнародных адносінах Сойма Літвы Эмануэліса Зінгерыса, кіраўніка МЗС Германіі Гіда Вестэрвеле, старшыні Еўрапейскай
народнай партыі Вільфрэда Мартэнса, прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага. Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк напад на Някляева назваў «баязлівай атакай». «Гэтая
баязлівая атака на безабароннага кандыдата ў прэзідэнты абуральная і ганебная», — заявіў Бузэк.
Цяпер застаецца чакаць афіцыйнага рашэння ЕС адносна легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі на наступныя пяць гадоў. ЗША ад падобнага кроку адмовіліся і, паводле афіцыйнай заявы, «не могуць
пагадзіцца з легітымнасцю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, абвешчаных беларускай Цэнтральнай выбарчай камісіяй 20 снежня». Афіцыйны Мінск на парозе новага этапу ізаляцыі з Захаду і, адпаведна,
цалкам у абдымках Расіі.
Аляксандр Лукашэнка, які зусім нядаўна ганьбіў Дзмітрыя Мядзведзева, заявіў: «У нас з Расіяй дрэнных адносін не будзе. Рыхтуйцеся да таго, што ў нас будуць вельмі добрыя адносіны з
Расіяй», — падкрэсліў Лукашэнка.
Калі ўлада па-за законам
Сямёра з дзевяці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты аказаліся за кратамі. Візітоўку «апошняя дыктатура Еўропы» было зарана адмяняць. Вечарам 19 снежня, яшчэ да моманту
абвяшчэння вынікаў выбараў, жорстка збіты кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, якога лічылі адным з фаварытаў палітычнай гонкі. Праз некалькі гадзін моц амапаўскага кулака і дубінкі зведалі іншыя
кандыдаты, а разам з імі і людзі, што прыйшлі на плошчу Незалежнасці, каб заявіць пра сваю нязгодзу з дзейным рэжымам, з афіцыйнымі вынікамі выбараў.
Хуткі, жорсткі разгон, якому папярэднічалі правакацыйныя дзеянні невядомых людзей, спляжыў на нуль азарт, запал мірнай акцыі. У сухім астатку — кандыдаты на нарах, у следчым ізалятары КДБ,
так званай «амерыканцы». Цяпер там знаходзяцца ўжо экс-кандыдаты ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, відавочна, Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч, Алесь Міхалевіч,
кіраўнік штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў, палітыкі Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька.
Былога кандыдата ад партыі БНФ Рыгора Кастусёва выпусцілі вечарам 21 снежня. Кастусёў выступіў з заявай, што «асуджае правакацыі на плошчы і брутальны разгон мірных удзельнікаў акцыі
пратэсту ў Мінску, жорсткае збіццё і затрыманні журналістаў і праваабаронцаў, ператрусы на офісах грамадскіх арганізацый. Вынікі выбараў, забяспечаныя такімі гвалтоўнымі дзеяннямі, не могуць быць
прызнаныя за свабодныя і справядлівыя ні беларускім грамадствам, ні міжнароднай супольнасцю».
Ацэньваючы вулічную акцыю пратэсту, Рыгор Кастусёў заявіў, што «пачатак быў вельмі добры, але, на жаль, ці нас справакавалі, ці мы паддаліся на правакацыю».
Ахвяры ці здраднікі?
Цягам першых сутак пасля выбараў экс-кандыдат у прэзідэнты ад партыі АГП Яраслаў Раманчук і кіраўнік штаба Някляева, каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў зрабілі
заявы, якія, на першы погляд, можна расцэньваць як здраду ідэям, з якімі яны ішлі да людзей.
Яраслаў Раманчук распаўсюдзіў відэа-заяву, у якой фактычна абвінаваціў Міколу Статкевіча, Андрэя Саннікава і Віталя Рымашэўскага ў грамадскіх беспарадках і спробах захопу будынка Дома ўрада.
Абвергнуць апошняе могуць тысячы людзей, якія былі 19 снежня на плошчы Незалежнасці і ўласна чулі шматразовыя заклікі кандыдатаў не паддавацца на правакацыі, не ісці на штурм, не ўступаць у
канфрантацыю з міліцыяй.
Палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі зрабіла заяву, што словы Раманчука адлюстроўваюць выключна яго пазіцыю. «Заява Раманчука не магла не выклікаць засмучэння. У 3 гадзіны ночы
была скліканая палітрада, дзе была зробленая і ацэнка выбараў. Лукашэнка паставіў сябе па-за законам, — сказаў сябра палітрады партыі Міхась Пашкевіч. — Больш таго, тыя факты, што
арыштаваныя нашы лепшыя актывісты на чале з Анатолем Лябедзькам, Андрэем Дзмітрыевым, Фёдарам Масленікавым і астатнімі, — сведчыць: партыя ведае, што ёй рабіць у гэтыя дні. АГП выходзіць на
вуліцы, а не падпісвае заявы пад камерамі беларускага тэлебачання».
Затым на Першым канале беларускага тэлебачання з’явілася невялікае інтэрв’ю Андрэя Дзмітрыева, у якім ён падзякаваў міліцыянтам за іх дзеянні ля офіса Някляева, калі кандыдат быў
збіты да непрытомнасці, а ўсіх, хто быў з ім, паклалі тварамі ў зямлю. Дзмітрыеў сказаў, яны з Някляевым вінаватыя ў тым, што не прад’яўлялі дакументаў супрацоўнікам ДАІ і не давалі абшукаць
аўтамабіль. Трэба зазначыць, што на відэазапісах і Раманчук, і Дзмітрыеў выглядалі прыгнечанымі, паводзіліся нетыпова для сябе. Магчыма, у следчым ізалятары КДБ ім прад’явілі
«аргументы», пасля якіх проста не магчыма было не пайсці на здзелку са сваім сумленнем.
Увогуле, аператыўнасць, зладжанасць сілавых і спецслужбаў падчас выбараў і цягам некалькіх дзён пасля наводзіць на думкі, што ўсё гэта не збег абставінаў, а спланаваныя дзеянні.
Святлана Навумава, палітолаг, сябра штабу Уладзіміра Някляева: «Ужо ёсць шэраг заяў ад прадстаўнікоў Еўропы, якія не ўхваляюць падзеі ў Беларусі. Думаю, у Лукашэнкі будуць сур’ёзныя
праблемы ва ўзаемаадносінах з Еўропай. Самаізаляцыя Беларусі, уласна, і не спынялася, папросту абяцаныя 3 мільярды еўра наўрад ці нехта дасць Лукашэнку. Яго хваравітая рэакцыя на цяперашнія падзеі не
паддаецца паліталагічнаму аналізу. Паслабленні, што мелі месца, гэта не яго існасць. Ён цярпеў, колькі мог. Недацярпеў».