Офіс Ціханоўскай: Безумоўны прыярытэт — захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці

Прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай адказалі на важныя і вострыя пытанні платформе «Пятая рэспубліка» — пра новую Канстытуцыю, дзяржаўны лад і палітыку будучай Беларусі.

hroniki_cihaha_supacivu__8__logo_2.jpg

Канстытуцыя

— Што рабіць з Канстытуцыяй: вярнуць варыянт 1994 года, паступова мяняць цяперашнюю або прымаць новую?

— Неабходна прыняць новую Канстытуцыю.

— Якой павінна быць Канстытуцыя новай Беларусі?

— Грамадская канстытуцыйная камісія ўжо распрацавала праект новай Канстытуцыі Беларусі, які застаецца адкрытым для прапаноў і пошуку грамадскай згоды.

Падчас абмеркаванняў праекта Канстытуцыі новай Беларусі грамадзяне часцей прапаноўвалі нешта дадаць у праект, чым прыбраць. У выніку на дадзены момант праект новай Канстытуцыі Беларусі змяшчае 173 артыкулы (17 566 слоў). Для параўнання самая «маленькая» Канстытуцыя ў свеце — Канстытуцыя ЗША — змяшчае 7 артыкулаў і 27 паправак (7508 слоў). Самай вялікай па аб'ёме з'яўляецца Канстытуцыя Індыі, якая ўключае 448 артыкулы (117 369 слоў у версіі на англійскай мове).

Канстытуцыя новай Беларусі павінна быць зразумелай грамадзянам, зручнай для палітыкаў і чыноўнікаў, прыдатнай да тлумачэння судамі. Таму патрэбны баланс паміж яснасцю выкладу і дакладнасцю фармулёвак. Яна павінна ўтрымліваць апісанне асноватворных каштоўнасцей і механізму дзяржавы. Пры гэтым аніякая ідэалогія не можа ўстанаўлівацца ў якасці дзяржаўнай або абавязковай. У Беларусі павінна прызнавацца разнастайнасць меркаванняў.

— Якім павінен быць працэс падрыхтоўкі і прыняцця новай Канстытуцыі?

— Працэс напісання новай Канстытуцыі павінен быць празрыстым, адкрытым, з шырокім уцягваннем у абмеркаванне ўсяго грамадства. У канстытуцыйную камісію неабходна ўключыць розных палітычных суб'ектаў і сацыяльныя групы.

Гэты працэс ужо распачаты. За дзевяць месяцаў 2021 года грамадская канстытуцыйная камісія правяла каля двух дзясяткаў публічных абмеркаванняў. У працоўную групу паступіла каля трох тысяч прапаноў ад грамадзян і экспертаў.

Кожныя тры месяцы публікаваўся праект Канстытуцыі, дапрацаваны з улікам гэтых прапаноў. І тое ў сітуацыі масавых рэпрэсій, соцень палітвязняў, эміграцыі велізарнай колькасці актывістаў, ліквідацыі незалежных СМІ і НКА.

— Якая форма дзяржаўнага ладу патрэбная Беларусі?

— У палове краін свету з прэзідэнцкай формай кіравання ўсталяваліся аўтарытарныя рэжымы, тады як пры парламенцкай форме кіравання аўтарытарныя рэжымы назіраюцца толькі ў 8% выпадкаў. Беларусі трэба перайсці ад прэзідэнцкай да парламенцкай рэспублікі як формы кіравання.

— Якія стрымліванні і процівагі павінны быць створаны, каб Беларусь зноў не трапіла ў сітуацыю 1996 года, калі пачаў ўмацоўвацца аўтарытарызм?

— За прэзідэнтам у сістэме ўлады трэба пакінуць толькі прадстаўнічыя функцыі кіраўніка дзяржавы. Кіраўнікі мясцовых выканаўчых органаў павінны абірацца альбо шляхам прамых выбараў грамадзянамі, альбо мясцовымі Саветамі дэпутатаў. Для надання рэальнай незалежнасці судовай улады прызначаць суддзяў на пасады трэба бестэрмінова незалежным ад выканаўчай і заканадаўчай улады органам. Для ажыццяўлення кантролю за працай урада, дзяржаўных арганізацый і службовых асоб варта заснаваць наглядныя органы. Павінна быць гарантаваная свабода сродкаў масавай інфармацыі.

Гендарная роўнасць

— Якія прыярытэтныя тэмы ў гендарнай палітыцы дзяржавы вы бачыце на найбліжэйшыя пяць гадоў?

— Супрацьдзеянне актам гвалту і дыскрымінацыі ва ўсіх сферах жыцця: палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і сямейнай. Удасканаленне заканадаўства з улікам гендарных пытанняў. Фарміраванне і мадэрнізацыя інстытутаў гендарнай роўнасці (стварэнне інстытута амбудсмена па пытаннях гендарнай роўнасці/дыскрымінацыі, спецыяльных падраздзяленняў у органах заканадаўчай і выканаўчай улады).

— З якімі асноўнымі цяжкасцямі сутыкаюцца жанчыны ў сучаснай Беларусі?

— Рэзкі рост гвалту і рэпрэсій у дачыненні да палітычных і грамадскіх актывістак, прадстаўніц СМІ і розных прафесійных супольнасцей, лідарак меркаванняў і экспертак. Многія з іх арыштаваныя ці знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі.

Кожная трэцяя жанчына ў Беларусі сутыкаецца з праявамі гвалту ў сям'і. Гендарная роўнасць у краіне існуе дэ-юрэ, аднак на практыцы адбываецца сістэмная дыскрымінацыя і гендарны падзел на рынку працы. Жанчыны пастаянна сутыкаюцца з гендарнымі стэрэатыпамі ў грамадскай свядомасці і агрэсіўнымі праявамі патрыярхальных мадэлей паводзін.

— Якія меры трэба распачаць, каб пераадолець складанасці, з якімі жанчыны сутыкаюцца ў сучаснай Беларусі?

— Неабходна распрацаваць і рэалізаваць дзяржаўную праграму дасягнення гендарнай роўнасці ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай галінах, сферы адукацыі і культуры. Таксама неабходна прыняць закон «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту».

— Сёння ў Беларусі жанчынам недаступныя пэўныя прафесіі. Ці трэба захаваць гэтыя абмежаванні?

— Спіс забароненых для жанчын прафесій трэба адмяніць. Кожны чалавек павінен мець магчымасць самастойна выбіраць сабе прафесію.

— Ці магчыма вырашыць праблемы, з якімі сутыкаецца ЛГБТК-супольнасць апошнія трыццаць гадоў?  

— Любая дыскрымінацыя, у тым ліку людзей, якія належаць да ЛГБТК-супольнасці, недапушчальная. Рашэнне праблем гэтай супольнасці наўпрост звязана з узроўнем дэмакратызацыі дзяржавы, грамадства і трансфармацыяй гендарных стэрэатыпаў.

Экалогія

— Ці згодныя вы, што ў Беларусі ёсць вострыя экалагічныя праблемы і можна ахвяраваць хуткасцю эканамічнага росту для іх вырашэння?

— Рашэнне экалагічных праблем павінна быць у прыярытэце ў параўнанні з любой кароткатэрміновай эканамічнай выгадай. Пераадоленне наступстваў экалагічнай шкоды каштуе даражэй, чым яе прадухіленне.

У сучасным свеце ў трэндзе канцэпцыя ўстойлівага развіцця, зялёная ўстойлівая эканоміка, цыркулярная эканоміка. Беларусь можа і павінна стаць часткай гэтага працэсу. У эканамічнай камандзе Офіса ўжо ёсць кірунак зялёнай эканомікі.

— У Мінску заканчваецца месца на смеццевых палігонах. Які спосаб абыходжання з адходамі быў бы самым правільным і эфектыўным у гэтых умовах?

— Смецце — гэта індыкатар стану эканомікі. Неабходна ствараць сістэму збору і перапрацоўкі арганікі, змяншаць колькасць аднаразовай і непераапрацоўваемай упакоўкі і тавараў, якія складаюць істотную долю ад адходаў, якія захоўваюцца.

— Ці ёсць у Беларусі магчымасці для пераходу на зялёную энергетыку?

— У Беларусі ёсць усе магчымасці для пераходу на ўстойлівую аднаўляльную энергетыку па прыкладзе еўрапейскіх краін. Такое рашэнне дазволіць забяспечыць энергетычную незалежнасць краіны і стаць асновай для ўстойлівай эканомікі. Гэтым ужо займаецца эканамічная каманда Офіса.

— Што трэба зрабіць з АЭС у Астраўцы?

— Праект БелАЭС быў запушчаны з парушэннем норм беларускага заканадаўства і міжнародных канвенцый. Новы ўрад павінен прыняць узважанае рашэнне наконт Астравецкай АЭС пасля правядзення комплекснай ацэнкі з удзелам міжнароднай экспертнай групы, па выніках грамадскай дыскусіі і з улікам меркавання міжнароднай супольнасці.

— Як утылізаваць адпрацаванае ядзернае паліва?

— Калі беларуская АЭС працягне працу, нам давядзецца будаваць інфраструктуру для захавання адходаў АЭС і адказваць за гэтыя адходы. Адпрацаванае ядзернае паліва — гэта найбольш небяспечны від адходаў, якія багатыя рызыкамі на працягу соцень тысяч гадоў.

— Ці павінны быць дадаткова абароненыя нацыянальныя багацці краіны — лес, балоты, жывёльны і раслінны свет — ад залішняй эксплуатацыі з боку дзяржавы і бізнесу, у тым ліку міжнароднага?

— Павінны. Захаванне дзікай прыроды і біяразнастайнасці — неабходная частка мер, якія павінны быць прыняты любой дзяржавай, якая клапоціцца пра будучыя пакаленні жыхароў сваёй краіны і Зямлі ў цэлым.

Прынцыпы эканамічнай палітыкі

— Ці падтрымліваеце вы ідэю ўніверсальнага базавага даходу?

— Для рэалізацыі ідэі ўніверсальнага базавага даходу ў Беларусі на ўзроўні хаця б існуючага бюджэту пражытачнага мінімуму (340 руб./месяц) спатрэбілася б каля 38 млрд. рублёў штогод, што адпавядае палове ўсіх дзяржаўных даходаў. Каб прафінансаваць універсальны базавы даход на такім узроўні, трэба будзе ў паўтара раза падняць усе падаткі, зборы і іншыя адлічэнні.

На дадзеным этапе эканамічнага развіцця ў Беларусі немагчыма ўвасобіць у жыццё гэтую ідэю для ўсяго грамадства. Замест гэтага трэба развіваць адрасную дапамогу людзям, якія жывуць у нястачы.

— Як забяспечыць прыватызацыю ў інтарэсах усяго грамадства?

— Развіццё прадпрыемстваў шляхам прыватызацыі спрыяе эканамічнаму росту, што ідзе на карысць усяму грамадству. Перадача прадпрыемстваў больш эфектыўным уласнікам будзе спрыяць развіццю тэхналогій, паляпшэнню якасці кіравання, павелічэнню заробкаў работнікаў і прыбытку уласнікаў, адпаведна, і павелічэнню паступленняў у дзяржаўны бюджэт.

Прыватныя прадпрыемствы, у адрозненне ад дзяржаўных, не давядзецца пастаянна субсідаваць, г. зн. грошай у бюджэце на падтрымку найбольш уразлівых груп, на павелічэнне заробкаў лекарам, настаўнікам і дзяржслужачым будзе больш. Атрыманыя ад прыватызацыі сродкі можна будзе накіраваць на грамадска карысныя мэты. Пры гэтым неабавязкова будуць прыватызаваныя ўсе прадпрыемствы.

Інклюзіўнасць

— Якая палітыка павінна праводзіцца ў дачыненні да людзей з інваліднасцю?

— У сілу сваіх асаблівасцей і ў існуючых у Беларусі ўмовах людзі з інваліднасцю менш канкурэнтаздольныя на рынку працы, цяпер для іх недаступныя многія сацыяльныя і культурныя аб'екты і паслугі, яны нібы па-за грамадствам.

Дзяржава павінна забяспечыць людзям з інваліднасцю годныя ўмовы для лячэння, рэабілітацыі, навучання, працаўладкавання, адаптацыі, мабільнасці, даступнасці аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры і паслуг, разумныя прыстасаванні, якія ўлічваюць індывідуальныя патрэбы, прадпрымаць неабходныя меры для ліквідацыі перашкод на шляху іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства.

Самы галоўны недахоп падыходу цяперашняй улады да людзей з інваліднасцю, як, зрэшты, і да ўсіх астатніх сацыяльных груп, заключаецца ў тым, што ўлада прымае рашэнні, не раячыся з тымі, каго гэтыя рашэнні закранаюць. Каб змяніць сітуацыю, людзей з інваліднасцю, прадстаўнікоў супольнасцей трэба ўцягваць у працэс прыняцця законаў і дзяржаўных праграм, якія закранаюць іх правы і інтарэсы.

Сфера ўплыву і функцыі дзяржаўнага рэгулявання

— Ці павінна беларуская дзяржава заставацца сацыяльна арыентаванай?

— Беларусь павінна быць сацыяльна арыентаванай дзяржавай, хоць сёння складана назваць яе такой. Напрыклад, медыцына і адукацыя з'яўляюцца бясплатнымі (хаця не ва ўсіх выпадках), і ў гэтых сферах можна гаварыць пра наяўнасць сацыяльнай арыентацыі. Несумненна, гэта павінна захавацца.

Узровень пенсій у нас вельмі нізкі, калі не сказаць жабрацкі. Таксама ў нашай краіне вельмі нізкая дапамога па беспрацоўі (ад 29 да 58 руб./месяц), на якую пражыць немагчыма, і атрымаць яе не так і проста. З-за складаных працэдур афармлення дапамогі для малазабяспечаных грамадзян сістэмай сацыяльнай падтрымкі карыстаюцца толькі 20% ад тых, хто ў ёй мае патрэбу.

— Ці варта мяняць цяперашнюю сацыяльную палітыку дзяржавы?

— Сістэма сацыяльнай падтрымкі павінна быць выбудаваная так, каб тыя, хто маюць патрэбу, атрымлівалі адрасную дапамогу і каб развіваўся канкурэнтны рынак аказання некамерцыйных паслуг. А самае галоўнае, гэтая сістэма не павінна выконваць палітычныя функцыі і служыць інструментам падаўлення іншадумцаў і заахвочвання лаяльных, як гэта адбываецца сёння.

Таксама дзяржава павінна стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця дабрачыннасці, валанцёрства і дзейнасці грамадскіх арганізацый, якія могуць рабіць тое, да чаго не даходзяць рукі ў дзяржавы.

Дзяржаўнае кіраванне і мясцовае самакіраванне

— Ці патрэбная Беларусі рэформа з новым адміністрацыйным дзяленнем: адмова ад абласцей на карысць раёнаў з мясцовай уладай, бюджэтам і адміністрацыйным апаратам?

— Патрэбная, але далёка не ў першую чаргу. Спачатку патрэбная рэформа мясцовага самакіравання, каб яно здабыла рысы сапраўднага самакіравання, а не было працягам выканаўчай вертыкалі. Многія эксперты рэкамендуюць перайсці ад трохузроўневай, як гэта ёсць цяпер, да двухузроўневай сістэмы мясцовага самакіравання. Стварэнне новых адміністрацыйна-тэрытарыяльных дзяленняў — вельмі складаная задача: неабходна ўлічваць тэрытарыяльныя характарыстыкі, эканамічны патэнцыял рэгіёна, насельніцтва, інфраструктуру, меркаванне жыхароў. Проста прачарціць лінейкай на мапе новыя межы нельга, паколькі ў самакіраванняў павінен быць уласны патэнцыял для ўстойлівага развіцця.

— Ці неабходная вялікая адміністрацыйная і фінансавая самастойнасць для рэгіянальных кіраўнікоў? Як яны павінны камунікаваць са сталічнай уладай?

— Органы мясцовага самакіравання павінны быць правамоцныя з уласнай ініцыятывы прымаць рашэнні па ўсіх пытаннях, не аднесеных законам да паўнамоцтваў урада і органаў мясцовага самакіравання больш высокага тэрытарыяльнага ўзроўню. Памер мясцовага бюджэту павінен адпавядаць аб'ёму паўнамоцтваў. Урад павінен проста ажыццяўляць нагляд за выкананнем самакіраваннямі заканадаўства. Спрэчныя пытанні паміж урадам і органамі мясцовага самакіравання павінны вырашацца ў судовым парадку, напрыклад, адміністрацыйнымі судамі.

Грамадзянства і нацыянальная ідэнтычнасць

— Якія меры вы бачыце важнымі для ўмацавання беларускай / грамадзянскай і / або нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў?

— Трэба распрацаваць і рэалізоўваць сістэмныя дзяржаўныя праграмы, скіраваныя на пашырэнне колькасці і якасці культурных, адукацыйных і гісторыка-асветніцкіх праектаў, якія працуюць на ўмацаванне беларускай грамадзянскай і нацыянальнай ідэнтычнасці. Неабходна ствараць станоўчы вобраз сучаснай Беларусі, яе культуры, мовы, традыцый і актуальных дасягненняў для грамадзян, прадстаўнікоў дыяспар і замежнікаў.

— Ці трэба перагледзець культурную, інфармацыйную палітыку, адукацыю?

— Безумоўным прыярытэтам для Беларусі ёсць адбудова уласнай інфармацыйнай бяспекі і замацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці ў галіне адукацыі, культуры і выкарыстання беларускай мовы. Панаванне расійскіх медыя і расійскага маскульту на інфармацыйным полі Беларусі пагражае стратай нацыянальнай ідэнтычнасці і далейшым паглынаннем краіны «рускім светам».

Трэба істотна пераглядаць навучальныя праграмы, засяродзіцца на нацыянальных інтарэсах (каштоўнасці, беларуская мова, гісторыя). Таксама трэба ствараць умовы, каб павялічваць прывабнасць беларускай культуры сярод беларусаў усіх пакаленняў. Варта імкнуцца да таго, каб сусветная культура ўзбагачала беларускую, і наадварот.

— Як можна стымуляваць беларусаў вяртацца з-за мяжы на радзіму?

— Вяртанне беларусаў на радзіму стане магчымым, калі:

  • змяніць уладу і спыніць палітыку татальных рэпрэсій і ўціску па нацыянальнай і палітычных прыкметах;
  • стварыць пазітыўны імідж новай Беларусі ў вачах грамадзян і замежнікаў;
  • забяспечыць абарону прыватнай уласнасці, стварыць прывабны інвестыцыйны клімат і спрыяльныя ўмовы для бізнесу, што палепшыць якасць жыцця кожнага;
  • дабіцца належных гарантый бяспекі і мірнага існавання беларускай нацыянальнай дзяржавы з боку рэгіянальных і глабальных партнёраў;
  • стварыць умовы для развіцця розных форм культуры, свабоды творчасці, пашырэння форм грамадзянскага актывізму і мясцовага самакіравання, бізнес-культуры, рэальнага ўплыву грамадзян на развіццё краіны.

Сацыяльная палітыка  

— Што трэба рабіць з пенсійнай сістэмай у Беларусі?

— Сёння ў Беларусі дзейнічае так званая салідарная пенсійная сістэма — калі адлічэнні на выплаты пенсіянерам робяцца з заробкаў тых, хто працуе. Альтэрнатывай салідарнай з'яўляецца назапашвальная пенсійная сістэма, пры якой чалавек на працягу свайго жыцця робіць назапашванні самастойна. Гэтая сістэма з'яўляецца больш надзейнай і прагрэсіўнай. Таму адна з першых задач — стварэнне паўнавартаснай назапашвальнай сістэмы.

Пры гэтым элементы размеркавальнай сістэмы трэба захаваць, бо не ўсе маюць магчымасць назапасіць на пенсію на працягу жыцця.

Фарматы ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў

— Як вы бачыце ролю НДА і як дзяржава павінна з імі ўзаемадзейнічаць?

— НДА маюць права выказваць сваё ўласнае меркаванне ў дачыненні да любых пытанняў, якія закранаюць іх інтарэсы, інтарэсы іх членаў, а таксама інтарэсы супольнасцей, ад імя якіх яны выступаюць.

Удзел НДА з'яўляецца ключавым фактарам у распрацоўцы дзяржаўнай палітыкі, якая адказвае патрэбам людзей. Таму дзяржава павінна заахвочваць удзел НДА ў палітычным дыялогу, распрацоўцы, рэалізацыі і маніторынгу дзяржаўных праграм на ўсіх узроўнях. Неабходна прыбраць бар'еры для фінансавання НДА.

— Праз якія інстытуты грамадзяне могуць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў па кіраванні дзяржавай або на месцах, у сваіх гарадах, пасёлках і вёсках?

— Інстытуты, якія забяспечваюць удзел грамадзян на мясцовым узроўні, могуць абапірацца на «Кодэкс рэкамендаванай практыкі грамадзянскага ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў» (прыняты канферэнцыяй МНВА Савета Еўропы, 2009).

Такія інстытуты павінны прадугледжваць ўдзел грамадзян на ўсіх узроўнях прыняцця рашэнняў: вызначэнне павесткі дня, распрацоўка палітыкі, прыняцце рашэнняў, ажыццяўленне палітыкі, маніторынг і перагляд палітыкі. Формамі ўзаемадзеяння могуць быць: лёгкі доступ да інфармацыі, петыцыі, арганізаваныя кансультацыі, слуханні, форумы грамадзян, грамадскія рады пры органах улады, рабочыя групы або камітэты з удзелам арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Армія

— Кантрактная або прызыўная? Калі кантрактная, то адкуль браць грошы на яе функцыянаванне?

— Змяшанае камплектаванне па эстонскім узоры. Часткі пастаяннай гатоўнасці за кошт кантрактнікаў. Часткі, якія разгортваюцца на час вайны, за кошт прызыўнікоў. Неабходна перагледзець праграмы падрыхтоўкі прызыўнікоў. Магчыма, атрымаецца скараціць тэрмін службы па прызыве да 8-12 месяцаў ці пайсці па шляху кароткіх (1-3 месяцы), але рэгулярных вайсковых збораў.

У любым выпадку, выдаткі на абарону спатрэбіцца як мінімум падвоіць для нармальнага пераўзбраення — гэта не менш за 3% ВУП (цяпер каля 1.3%).

Кантроль за нараджальнасцю

— Ваша асабістае стаўленне да абортаў: за ці супраць?

— У гэтым пытанні можа быць захавана дзеючае заканадаўства.

Смяротнае пакаранне

— Неабходная поўная адмена пакарання або толькі мараторый?

— Смяротнае пакаранне павінна быць забаронена цалкам.

— Як паступіць са звесткамі па расстраляных раней людзях і месцах іх тайнага пахавання?

— Сваякі пакараных людзей павінны ведаць праўду і мець магчымасць наведваць месцы пахаванняў сваіх блізкіх.

Цэнзура

— Што неабходна рабіць з дзеючым інстытутам цэнзуры ва ўсім грамадстве і адміністрацыйным апараце?

— Цэнзура павінна быць забароненая на заканадаўчым узроўні, а СМІ гарантаваная свабода слова і рэдакцыйная тайна. Тады ў сродкаў масавай інфармацыі з'явіцца магчымасць абараняцца ад замаху на цэнзуру з боку адміністрацыйнага апарату з дапамогай судовай сістэмы.

Знешняя палітыка

— Якія адносіны Беларусь павінна выбудоўваць з краінамі ЕС і ЕАЭС?

— Неабходна пашыраць супрацоўніцтва з краінамі ЕС і структурамі Еўрапейскага саюза, вывесці Беларусь з залежнага ад Расіі становішча. Перагледзець дамоўленасці з Расіяй, якія наўпрост падрываюць суверэнітэт і нацыянальныя інтарэсы Беларусі.

— Што нам трэба памяняць у знешняй палітыцы, а якія напрамкі пакінуць такімі, якімі яны з'яўляюцца на дадзены момант?

 — Беларусь павінна абараняць нацыянальныя інтарэсы і праводзіць актыўную, дружалюбную і ўзаемавыгадную знешнюю палітыку, інтэгравацца ў міжнародную супольнасць і ўдзельнічаць у міжнародных арганізацыях (СГА, АБСЕ) і структурах ААН (Савет па правах чалавека, Міжнародная арганізацыя працы, Сусветны Банк). Міжнародныя арганізацыі і асобныя дзяржавы могуць дапамагчы Беларусі сваёй тэхнічнай, кансультацыйнай, фінансавай дапамогай.

Пазіцыя ў дачыненні да ваенных, палітычных і эканамічных блокаў

— NATO, АДКБ, новы ваенны саюз з суседнімі краінамі або ваенны нейтралітэт?

— Беларусь павінна імкнуцца да фактычнага, а не намінальнага ваеннага нейтралітэту. Замежныя войскі павінны быць выведзеныя з Беларусі. Беларусь павінна выйсці з АДКБ. Неабходна вывучаць вопыт перадавых краін у ваенным будаўніцтве, уключаючы Украіну, і ўзмацняць уласную абарону.

— Да якіх канвенцый, на ваш погляд, Беларусь павінна будзе далучыцца?

— Неабходна дамагчыся поўнага членства Беларусі ў Савеце Еўропы і далучыцца да ўсіх канвенцый у рамках Савета Еўропы, у прыватнасці да Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека. Гэта дазволіць распаўсюдзіць на Беларусь юрысдыкцыю Еўрапейскага суда па правах чалавека. Таксама неабходна аднавіць удзел у Орхускай канвенцыі і ў Факультатыўным пратаколе да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Варта развіваць дагаворна-прававую аснову для паглыблення адносін з ЕС — найбольш значнай і перадавой эканамічнай сілай у Еўропе. Акрамя таго, трэба падпісаць мноства пратаколаў да ўжо ратыфікаваных Беларуссю канвенцый, у першую чаргу, якія прадстаўляюць права грамадзянам падаваць індывідуальныя скаргі. А таксама падпісаць Рымскі статут, які дазволіць беларусам звяртацца ў Міжнародны крымінальны суд

Усё гэта створыць еўрапейскую перспектыву для Беларусі.