Па кім звоніць вечавы звон?

За выкананне Канстытуцыі ў нашай краіне можна нарвацца на вялікія непрыемнасці. Уся справа ў тым, што беларуская Канстытуцыя прадугледжвае змену ўлады.



c5b270a763686e776039618cc709f3a6.jpg

За выкананне Канстытуцыі ў нашай краіне можна нарвацца на вялікія непрыемнасці. Уся справа ў тым, што беларуская Канстытуцыя прадугледжвае змену ўлады.
Скарыстаюся традыцыяй, што ўжо склалася, і пачну з ключавога слова. Гэтым разам — са слова «веча» (ад славянскага «вЬтъ» —рада). Так у славянскіх народаў у старажытнасці называўся калектыўны орган для вырашэння надзённых пытанняў грамадскага, палітычнага і культурнага жыцця. Чаму я пра яго згадаў? Ды таму, што 6-7 снежня ў Мінску прайшоў чацвёрты Усебеларускі народны сход (УНС), які па непаразуменні ў дзяржаўных СМІ паўсюдна называюць «народным веча». Вось толькі адзін прыклад, знойдзены пры дапамозе пошукавіка Google: «Тут жа, у Салігорску, у якасці дэлегата на снежаньскае «народнае веча» зацверджаны і Барыс Батура—кіраўнік Мінаблвыканкама» (сайт тэлеканала СТВ).
А зараз звернемся па тлумачэнне да прафесіянала, да гісторыка Аляксандра Ахіезыра: «Такія інстытуты прамога народакіравання маглі дзейнічаць толькі ў абмежаванай прасторы і пры адносна невялікай колькасці насельніцтва». Г. зн. веча — гэта выключна дадзяржаўны інстытут улады. Найбліжэйшы аналаг веча — сход калгасу.
Але гэта не адзінае пытанне, якое ўзнікае ў мяне з нагоды ўваскрэслай з архаікі формы народаўладдзя. Чаму пасядзелкі прыхільнікаў А. Лукашэнкі называюць усенароднымі? Я нідзе не здолеў адшукаць інфармацыю пра працэнт грамадзян, што прынялі ўдзел у выбарах дэлегатаў. Сайт ЦВК з гэтай нагоды маўчыць. Ён нават не змяшчае адпаведнага раздзелу. Хоць раздзел па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў існуе. Кожны ахвочы без праблем можа даведацца, што 28 верасня 2008 года «ў галасаванні прынялі ўдзел 5 384 647 выбарцаў, ці 76,7 працэнта ад агульнай колькасці ўключаных у спісы». Астатнія, хутчэй за ўсё, у той дзень паленаваліся падняцца з канапаў. Але гэта іх праблемы. Права выбіраць у канстытуцыйныя органы ўлады ў беларусаў ніхто не забіраў.
Іншая справа—УНС. Звернемся па дапамогу да незалежных сацыёлагаў. Дэлегатаў на Веча-2001, паводле апытання НІСЭПД, выбіралі толькі 5,3% беларусаў! Такі вось у нас усебеларускі сход. Тут напрошваецца аналогія з усенародна абраным прэзідэнтам. Так сталі называць Лукашэнку пасля яго перамогі на першых (даярмошынскіх) прэзідэнцкіх выбарах. У другім туры ён набраў 80,1% галасоў, што з улікам яўкі склала 56% ад спіскавага складу выбарцаў.
Двухаблічныя «мы»
22 лістапада японскі міністр Мінору Янагада падаў у адстаўку. Ён няўдала пажартаваў — заявіў, што быць міністрам вельмі лёгка. Дастаткова памятаць дзве фразы: «Я не каментую асобныя справы» і «Я дзейнічаю ў адпаведнасці з за­конам». Японцы жарту не ацанілі, справядліва вырашыўшы, што ва ўмовах крызісу такі міністр ім не патрэбны.
18 снежня 2008 года, гледзячы ў тэлекамеры, Лукашэнка зрабіў заяву з нагоды магчымай дэвальвацыі беларускага рубля ў надыходзячым годзе: «Мы народу обещали. И я сказал председателю Нацбанка: и имей в виду, не дай Бог, мое слово будет нарушено. Придет новый год: 5% — это ничто. Вот возьмите 5% с 2.200. Что, это огромная сумма для наших людей?»
Прайшло два тыдні і адзін дзень. 2 студзеня рубель абваліўся на 20,5%. Каментара доўга чакаць не давялося: «Мы честно сказали, почему девальвировали валюту. И вопрос не только в МВФ. Для меня главное — сохранить производства. Пусть даже мы где-то зарплату чуть недополучим, это же год-полтора». Ключавым словам у апошняй цытаце з'яўляецца займеннік першай асобы множнага ліку «мы» («мы честно сказали» і «мы где-то зарплату чуть недополучим»). Цікава, гэта тыя ж самыя «мы»? Асабіста ў мяне склалася ўражанне, што казалі «честно» адны, а «недополучили» іншыя.
Але якое дачыненне да «Азбукі паліталогіі» мае японскі міністр? Я прыцягнуў яго для кантрасту. Дэмакратыя прадугледжвае адказнасць палітыкаў перад выбарцамі. У гэтым сэнсе беларусам не пашанцавала. На сем мільёнаў выбарцаў у краіне маецца толькі адзін палітык. Усе астатнія вышэйшыя службовыя асобы па вызначэнні знаходзяцца па-за кантролем насельніцтва. Што да «адзінага палітыка» (АП), то сту­пень сваёй асабістай адказнасці, як і належыць бацьку ў патрыярхальнай сям'і, ён вызначае сам.
Пра гэты факт неабходна памятаць, калі мы аналізуем рэйтынг АП. У чым яго сэнс? Ва ўмовах дэмакратыі рэйтынгі—гэта вынік прагматычнай ацэнкі выбарцамі практычнай дзейнасці палітыкаў. У нашым выпадку, і тут варта пагадзіцца з дырэктарам «Левада-цэнтра» Львом Гудковым, рэйтынг — гэты выражэнне ілюзій і надзей, сфармаваных дзяржаўнай прапагандай ва ўмовах палітычнай безальтэрнатыўнасці, якая штучна падтрымліваецца.
Вернемся да прыкладу з дэвальвацыяй. Да абяцання народу захаваць стабільнасць рубля рэйтынг АП складаў 40,2%, пасля студзеньскага абвалу — 39,2%. У «адзіных палітыкаў» рэйтынгі, як правіла, тэфлонавыя. Ад вынікаў бягучай дзейнасці яны амаль не залежаць. Такая агульная заканамернасць.
Не тая працэдура
Час, аднак, вярнуцца ў залу, дзе працуюць дэлегаты. Якія іх паўнамоцтвы? На першы погляд, у УНС можа быць толькі дарадчая функцыя. Беларуская Канстытуцыя, адрэдагаваная АП у 1996 годзе, такога органа ўлады не прадугледжвае. Радзіцца ж каму заўгодна з кім заўгодна Канстытуцыя не забараняе.
Але першы погляд часта бывае памылковым, таму звернемся да архіву. Тэкст даклада АП на першым УНС быў апублікаваны пад загалоўкам «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс». Здавалася б, усё зразумела! Беларускі народ, у поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй (артыкул 3), з'яўляецца «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь». Так ды не так, таму што «в этом зале — полномочные избранники народа, делегированные всей трудовой Беларусью. Именно ваше мнение будет иметь определяющее значение для меня при принятии важнейших политических решений» (даклад на першым УНС).
Як казаў герой культавага савецкага фільма: «Дитям — мороженное. Бабе — цветы». Народу — права на выказванне меркавання, АП — абавязак прымаць найважнейшыя палітычныя рашэнні. Апора на такі падзел працы дазволіла пазней зрабіць арыгінальны ўнёсак у сучасную паліталогію: «высшая форма демократии — это разговор напрямую с людьми, представителями наших граждан, каковыми вы являетесь» (даклад на трэцім УНС).
Але тут я, відавочна, узяў праз край. Размову наўпрост з людзьмі як праяву вышэйшай формы дэмакратыі практыкаваў у свой час яшчэ правадыр сусветнага пралетарыяту. Дастаткова прыгадаць карціну Сярова «Хадакі ў Леніна», без якой цяжка ўявіць сабе інтэр'ер стандартнай савецкай школы. А несмяротная паэма Твардоўскага «Ленін і пячнік»! Ну як тут не працытаваць:
За столом сидели вместе,
Пили чай, велася речь
По порядку, честь по чести,
Про дела, про ту же печь.

Яшчэ ў 40-я гады мінулага стагоддзя аўстрыйскі эканаміст і сацыёлаг Ёзэф Шумпетэр адзначаў, што тып дэмакратыі залежыць ад крыніцы ўлады, мэтаў кіравання і працэдуры фармавання вышэйшых дзяржаўных органаў. Усебеларускія «народныя веча» ў гэтым сэнсе цікавыя, у першую чаргу, з пункту гледжання працэдуры.
Калі кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін праявіў настойлівасць у сваім імкненні стаць удзельнікам Веча-2006, то пад крыкі «Мочить по-черному!» ён быў збіты людзьмі ў цывільным. За ўсё ў жыцці даводзіцца плаціць, у тым ліку і за наіўную веру ў мандат кандыдата ў прэзідэнты. Ну, паставілі больш за 144 тысячы беларусаў подпісы ў падтрымку прапановы наконт яго вылучэння, ну прызнаў гэтыя подпісы ЦВК. І што? Чытайце Шумпетэра. Дэмакратыя — гэта працэдура! 144 тысячы подпісаў за Калуліна былі сабраныя ў рамках узаконенай працэдуры, а што да «полномочных избранников народа», якія раз на пяць гадоў запаўняюць Палац Рэспублікі, то ў законах працэдура вылучэння гэтых «выбраннікаў народа» не згадваецца.
У 2010 годзе гісторыя паўтарылася. Кандыдат у прэзідэнты паэт Уладзімір Някляеў вырашыў загадзя «падсцяліць саломку» і сабраў 27 тысяч подпісаў у сваю падтрымку за вылучэнне дэлегатам на Веча-2010. Не дапамагло. Ён не быў дапушчаны нават на сход упаўнаважаных Ленінскага раёна Мінска.
Людовік, ты не маеш рацыі!

Каб увайсці ў гісторыю, часам дастаткова прамовіць адну фразу. У 1655 годзе Людовік XIV на пасяджэнні парламента, звяртаючыся да дэпутатаў, быццам бы сказаў: «Вы думаеце, спадары, што дзяржава — гэта вы? Памыляецеся! Дзяржава — гэта я!» Сам факт такога кшталту заявы сведчыць пра тое, што ў Францыі напачатку другой паловы XVII стагоддзя асоба манарха і дзяржава ўжо не ўспрымаліся ў якасці непадзельнай субстанцыі. Таму далёка не выпадкова апошнія гады свайго жыцця Людовік XIV правёў у слязах. Справа ў тым, што рэгентам пры спадчынніку быў прызначаны ненавісны яму Філіп Арлеанскі. Але зрабіць з гэтым хоць штосьці кароль-сонца не мог — усё было па закону.
Беларускі аналаг афарызму Людовіка XIV нарадзіўся ў 2000 годзе падчас селектарнай нарады: «В Беларуси только один политик! Это Я!» У розных варыяцыях ён потым шматразова тыражаваўся, але яго канчатковымі адрасатамі заўсёды былі прадстаўнікі выканаўчай улады. Гэты, здавалася б, другасны факт відавочна ілюструе месца прадстаўнічага органа ўлады (парламента) у дзяржаве для народа.
Займацца палітыкай — значыць пераследаваць агульныя інтарэсы. І вось высвятляецца, што ў беларускім парламенце агульны інтарэс ніхто не пераследуе. Гэта найважнейшая функцыя ў нас манапалізавана, і той, хто яе манапалізаваў, у прадстаўнічым органе ўлады не мае патрэбы. З народам ён больш любіць зносіцца наўпрост, без адмысловых працэдурных фармальнасцяў. Як Ленін з печніком.
Кожная выбарчая кампанія пачынаецца ў нас з афіцыйнай заявы пра тое, што «выборы пройдут по самым демократичным стандартам. Их легитимность для нас важнее, чем для кого бы то ни было в мире». Ну якія тут могуць быць пярэчанні? І вось 6 снежня ў 11.00 я ўладкоўваюся ў сваім старэнькім фатэлі, уключаю тэлевізар і... «Страну Вы (апазіцыя) не получите».
А зараз уявіце сабе, што амерыканскі прэзідэнт, які ідзе на другі тэрмін, за два тыдні да пачатку галасавання заяўляе штосьці такога ж кшталту. Я думаю, што ў яго жыцці ў самы найбліжэйшы час адбыліся б вялікія змены, толькі наўрад ці знайшлося шмат аматараў апынуцца на ягоным месцы.