Пакуль усе баяліся перамогі Лё Пэн, прэм’ерам Францыі можа стаць сапраўды небясьпечны чалавек
Мэйнстрымавыя загалоўкі накшталт «спыніць ультраправых» трымалі ў напружаньні людзей амаль месяц. Тым часам амаль незаўважна пераможцам выбараў у Францыі стаў блёк «Новы Народны Фронт», галоўную пазыцыю ў якім займае ўльтралевы антысэміт і сябар Крамля Жан-Люк Мэляншон.
Падаецца, неабходна пазнаёміць нашых чытачоў з французскім палітыкам і яго партыяй, каб радасныя воклічы гучалі больш асэнсавана, з разуменьнем таго, хто ж атрымаў большасьць на сапраўды істотных выбарах.
«Відавочна, што Крым «страчаны» для NATO. Гэта добрая навіна»
— пісаў ультралевы Мэляншон у сваім блёгу ў сакавіку 2014 года.
«Новы Народны Фронт» – гэта насьпех створаная кааліцыя левых у чэрвені 2024 года пасьля абвяшчэньня Макронам новых датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у Францыі. Альянс складаецца з некалькіх партыяў: ультралевая партыя Нескароная Францыя на чале з Жан-Люкам Мэляншонам, камуністычная партыя Францыі, Сацыялістычная партыя, Новая антыкапіталістычная партыя і іншыя. Найбольш удзельнікаў было менавіта ад партыі Мэляншона.
Украіна, Пуцін, Расея
2014
У 2014 годзе пасьля забойства «Нябеснай сотні» ў Кіеве і таго, як марыянэтка Крамля Януковіч зьбег у Расею, Жан-Люк Мэляншон асудзіў новую «авантурную путчысцкую ўладу» ў Кіеве. Ён тады заявіў, што:
«абсалютна прадказальна», што Расея і Пуцін прыме «ахоўныя меры» ў Крыме перад тварам путчыстаў у якой нэанацысты маюць цалкам агідны ўплыў».
Калі вы заблыталіся, каго называе нэанацыстамі Мэляншон, мы канкрэтызуем: Пятра Парашэнку, Арсенія Яцэнюка, Аляксандра Турчынава, Уладзімера Клічко і ўсіх іншых, каго нэанацыстамі лічыць крамлёўскі хан.
«Расейскі народ не можа дазволіць, каб паўночнаамэрыканцы і NATO боўталіся на яго парозе. NATO на працягу некалькіх месяцаў займаліся правакацыяй супраць Расеі, абапіраючыся на карупцыю ўлады, якая тады была ва Ўкраіне», — дадаў Мэляншон.
«Усё прыходзіць да тых, хто чакае», — сказаў Мэляншон у 2015 годзе, маючы на ўвазе, што расейскі прэзідэнт можа дамагчыся сваіх мэтаў без адзінага стрэлу. Ён заявіў, што аднабаковая анэксія Крыма Расеяй была законнай. Тады ён выступіў супраць эўрапейскіх санкцыяў, прынятых у адказ на незаконную анэксію. Урэшце, ён прагаласаваў у Эўрапарлямэнце супраць усіх формаў супрацоўніцтва з Украінай, нават у галіне навукі.
У 2016 годзе Мэляншон быў названы адным з «ключавых прарасейскіх актараў у Францыі» разам з Ле Пэн у дакладзе Атлянтычнай Рады пад назвай «Траянскія коні Крамля» з-за яго русафільскай пазыцыі.
Расейская Сірыя
У інтэрвію на французскім тэлебачаньні, якое выйшла ў час масавых бамбаваньняў Расеяй сірыйскіх гарадоў Алепа і іншых у 2016 годзе, камуніст да апошняга воласу разважаў у этэры наступным чынам:
— Журналіст France 2 Леа Саламэ: «Адносна таго, што Пуцін зараз робіць у Сірыі, вы падтрымліваеце гэта?»
— Мэляншон: «Так.»
— Журналіст: «Што ён там робіць у Сірыі?»
— Мэляншон: «Я думаю, што ён вырашыць праблему».
— Журналіст: «І што гэта? як?»
— Мэляншон: «Ліквідаваць “Ісламскую дзяржаву”».
— Журналіст: «Асабліва праз ліквідацыю паўстанцаў супраць рэжыму Асада…»
— Мэляншон: «Пачакайце, месье...»
— Журналіст: «Паколькі гэта адбываецца, вы ведаеце, што 80% удараў Пуціна датычаць не Ісламскай дзяржавы, а паўстанцаў...»
— Мэляншон: «Вядома гэта няпраўда. Гэта паўночнаамэрыканская прапаганда».
— Журналіст: «Пуцін зараз знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі паўстаньня і зьнішчэньня часткі мірнага насельніцтва, вы згодныя з гэтым?»
— Мэляншон: «Не. Прабачце, але тое, што вы кажаце, не адпавядае рэчаіснасьці, нават каб дагадзіць вам, я не буду казаць, што я згодны».
У іншай прамове на тэлевізіі на пытаньне вядоўцы: «Вы аспрэчваеце жаданьне Францыі ўзбудзіць справу ў Міжнародным крымінальным судзе за ваенныя злачынствы, учыненыя Расеяй і яе самалётамі, якія сёньня бамбяць Алепа, якія выклікаюць шматлікія ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Вы аспрэчваеце панятак ваенных злачынстваў Расеі?»
Жан-Люк Мэляншон сказаў як адрэзаў: «Гэта ўсё балбатня. Ідзе вайна».
«Першая ахвяра вайны — праўда», — любіў нагадваць у той час Мэляншон. Тым больш гэта актуальна, калі кандыдат у прэзідэнты Францыі паўтарае няпраўду Масквы.
Дасьледчыца Сэсіль Вэсье дэманструе ў сваёй кнізе «Крамлёўскія сеткі ў Францыі», як расейская ўлада імкнецца павялічыць свой уплыў у Францыі. «Жан-Люк Мэляншон зьяўляецца адным з тых, хто больш за ўсё ўхваляе Пуціна, і гэта было заўважна як падчас расейскай інтэрвэнцыі ў Сірыі, так і падчас забойства апанэнта Пуціна Барыса Нямцова», — казала спадарыня Вэсье.
2022
Толькі за тыдзень да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі Мэляншон заклікаў Францыю не далучацца да ўкраінскага супрацьстаяньня, ён напісаў: «Расейцы не павінны перасякаць межы Ўкраіны, якія трэба паважаць, і амэрыканцы не павінны далучыць Украіну да НАТА. Я заўсёды казаў, што мы не можам працягваць прыніжаць Расею, падштурхоўваючы NATO да яе межаў. Гэта небясьпека, якую яны ніколі не прымуць».
Нават падчас разгортваньня расейскіх войскаў на ўкраінскай мяжы ён цьвёрда стаяў на баку Пуціна: «Расейцы мабілізуюць свае войскі на мяжы? Хто б не зрабіў тое ж самае перад такім суседам, краінай, зьвязанай з уладай, якая пастаянна пагражае Расеі?»
Напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў у Францыі Мэляншон тонка зьмяніў рыторыку свайго пасланьня, вымавіўшы формулу «Не вайне Пуціна!» і спрабаваў выдаваць сябе за пацыфіста. «Мы з бежанцамі з Украіны, якіх цяпер больш за мільён. Мы з усімі ўкраінцамі, якія пакутуюць ад жаху вайны і супраціўляюцца. Мы з усімі расейцамі, якія выступаюць супраць Пуціна», — сказаў ён.
З іншага боку, ён выступае супраць паставак зброі ўкраінцам і застаецца антынатаўцам. Паводле яго словаў, Францыя павінна пакінуць гэтую «бескарысную арганізацыю».
У пачатку 2024 года французскія заканадаўцы ўхвалілі пагадненьне аб бясьпецы з Украінай у выніку галасаваньня, якое прымусіла апазыцыйныя партыі публічна выказаць свае сумневы наконт адпраўкі ваеннай дапамогі Кіеву. 7 з 10 палітычных групаў у парлямэнце (ужо мінулага скліканьня) выказаліся за пагадненьне аб бясьпецы.
Ультралевыя дэпутаты-камуністы і групоўка Жана-Люка Мэляншона прагаласавалі супраць, нават партыя Лё Пэн не галасавала супраць, яны толькі ўстрымаліся.
Антысэмітызм
У ліпені 2017 года Мэляншон сцьвярджаў, што Францыя не нясе віны ў Галакосьце, і раскрытыкаваў прэзідэнта Эмануэля Макрона за яго прызнаньне на сходзе ў Парыжы, прысьвечаным аблаве на габрэяў у Вэль-д'Іва ў 1942 годзе, што ў той час Францыя пад кіраўніцтвам Вішы была законным французскім урадам. Такім чынам Макрон прызнаў адказнасьць французскай дзяржавы за дэпартацыю і наступныя масавыя забойствы габрэяў.
У 2020 годзе падчас інтэрвію ён сказаў: «Я ня ведаю, ці быў Езус на крыжы, але яго, відаць, усклалі туды ягоныя ўласныя людзі». Гэтую заяву асудзіў Цэнтр Візэнталя, які заявіў, што яна распаўсюджвае веру ў Богазабойства габрэямі. Габрэйскі цэнтр адзначыў, што гэтае сцьвярджэньне было асуджанае ў дэклярацыі Nostra Aetate Другога Ватыканскага Сабору 1962-1965 гадоў, і адзначылі, што «гэтыя вобразы распалілі гвалт па ўсёй Эўропе, кульмінацыяй якога стаў нацысцкі Галакост».
Пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года Мэляншон і іншыя вядомыя сябры яго партыі неаднаразова адмаўляліся называць ХАМАС тэрарыстычнай групоўкай (да такой высновы аб ХАМАС Эўразьвяз прыйшоў цэлых 20 гадоў таму).
У камюніке ўльтралевых ад 7 кастрычніка выкарыстоўвалася цікавая мова, называючы напад «узброеным наступам палестынскіх сілаў», які адбыўся «ў кантэксце ўзмацненьня Ізраілем палітыкі акупацыі Газы, Заходняга берага і Ўсходняга Ерузалему».
У пачатку чэрвеня 2024 года Мэляншон напісаў у сваім блёгу, што антысэмітызм быў «адзінкавы» і «адсутнічаў» на прапалестынскіх дэманстрацыях у Францыі. Таксама ён апублікаваў фотаздымак натоўпу са словамі «Гэта Францыя».
Мэляншон зьяўляецца заўзятым прыхільнікам палестынскай дзяржаўнасьці і рэзкім крытыкам Ізраіля, які ён лічыць каляніяльнай дзяржавай. Пасьля таго, як Джэрэмі Корбін і яго левая Лейбарысцкая партыя прайгралі на ўсеагульных выбарах у Вялікай Брытаніі ў 2019 годзе, ён заявіў, што на вынікі выбараў паўплывала ізраільская партыя Лікуд.
Міжнародны твар
Мэляншон прагне, каб Францыя выйшла з НАТА і выступае за тое, што ён называе «асобнай Францыяй», якая зьяўляецца пацыфісцкай. Ён выступае супраць канцэпцыі аб'яднанай эўрапейскай арміі.
Напрыканцы другога дзесяцігодзьдзя нагаша стагодзьдзя, праз доўгі час пасьля таго, як Венэсуэла перастала быць дэмакратыяй і замест гэтага стала асноўнай крыніцай палітычных і эканамічных бежанцаў у Латынскай Амэрыцы, Мэляншон публічна выказваў захапленьне нябожчыкам Уга Чавесам і пакуль дзейсным кіраўніком Нікаласам Мадура.
У жніўні 2022 года амбасада Кітая ў Францыі радасна падзякавала Мэляншону «за пастаянную падтрымку палітыкі аднаго Кітая». Гэта значыць – за імкненьне КНР акупаваць Тайвань і зьнішчыць яго дэмакратычныя прынцыпы кіраваньня.
Вы ўсё яшчэ радуецеся вынікам парлямэнцкіх выбараў у Францыі?