Выбары ў Францыі. Жан-Люк + Эмануэль = ?

Галоўная выснова з вынікаў другога тура парламенцкіх выбараў у Францыі: краіна і далей працягне жыць ва ўмовах палітычнага крызісу.

Калаж НЧ. Жан-Люк Меланшон і Эмануэль Макрон

Калаж НЧ. Жан-Люк Меланшон і Эмануэль Макрон

Сенсацыі, якой так баяліся ўсе буржуа, не здарылася — права-папулісцкае «Нацыянальнае аб'яднанне» (RN) Марын Ле Пэн і Жордана Бардэлы не атрымала большасць у Нацыянальным сходзе. Затое здарылася іншая сенсацыя. Пераможцам на выбарах стаў левы картэль — Новы Народны Фронт (NFP) пад кіраўніцтвам Жан-Люка Меланшона.

Па даных МУС краіны (чамусьці французскія сілавікі адказваюць за вынікі мясцовага галасавання), у «франтавікоў» — 178 месцаў. Прэзідэнцкі блок «Разам« (Ensemble) размясціўся ззаду кааліцыі левых, але наперадзе правых, маючы 156 дэпутатаў. Нарэшце, «бронзу» атрымала тое самае правае «Нацыянальнае аб'яднанне» (142 мандаты).

Чыннік трыўмфу левых відавочны. Па выніках першага туру кандыдаты Фронту на многіх акругах занялі першыя месцы. У другім раундзе макраністы і галлісты, прытрымліваючыся ўстаноўкі — разам супраць Ле Пэн, міжволі вымушаны былі галасаваць за левых.

Так ці інакш, менавіта левыя — як партыя пераможцаў — атрымалі фармальнае права фармаваць урад. Зрэшты, большасці ў левых у парламенце няма, і каб урад быў функцыянальным, патрэбны партнёр. З улікам раскладаў у парламенце, ім можа быць выключна фракцыя макраністаў.  

Але тут адразу ўзніклі праблемы. Імідж Жан-Люка Меланшона выбудаваны на жорсткай сістэмнай крытыцы ліберальнага курса Эмануэля Макрона, які ў некаторы час занадта актыўна пачаў абараняць інтарэсы буйнога бізнесу. Адным словам, для Жан-Люка блок з Ensemble рызыкоўны ў іміджавым плане. 

Хаця трэба адзначыць, што некаторыя медыя прагназуюць левы разварот адміністрацыі Макрона, які дзеля каліцыі з Жан-Люкам вымушаны будзе адмовіцца ад ліберальных эканамічных забабонаў. Зрэшты, у такой версіі не шмат прыхільнікаў.    

Нядзіўна, што адразу ўспомнілі, што левая каманда вельмі разнастайная: левая партыя Меланшона «Непакорлівая Францыя» атрымае 71-75 мандатаў, сацыялісты — 64-65, «зялёныя« — 33, камуністы — 9, больш за 10 дэпутатаў абраныя ў якасці «беспартыйных левых».

З гэтых партый і аб’яднанняў як мінімум дзве структуры (сацыялісты і Зялёныя) больш-менш сістэмныя і патэнцыйна могуць увайсці ў блок з макраністамі. На гэтай глебе пайшлі нават чуткі аб вяртанні ў вялікую палітыку Франсуа Аланда —экс-прэзідэнта-сацыяліста, які, дарэчы, курыраваў Макрона ў часы яго палітычнай маладосці. Франсуа бачаць у крэсле прэм'ера, хоць сам ён, на словах, пакуль супраць.

Зрэшты, і сацыялісты за «дзякуй» лезці ў абдымкі з Макронам не жадаюць. Яны ўжо запатрабавалі ў якасці ўмовы ўваходжання ва ўрад з Макронам адмены пенсійнай рэформы, што наўрад ці выканальна.

У сувязі з гэтым вымалёўваецца іншы сцэнар, калі кааліцыю паміж «Новым народным фронтам» і партыяй Макрона стварыць не атрымаецца вельмі працяглы час. У такім выпадку Францыяй, па мадэлі Нідэрландаў, дзе доўга не маглі стварыць кааліцыю, будзе працягваць кіраваць стары ўрад — хоць і ў статусе «выконваючы абавязкі».

За гэткімі ўмовамі пытанне аб будучыні ўраду застаецца адкрытым. І падобна, яго рашэнне рана ці позна будуць шукаць у новых выбарах. І з якім настроем пойдзе выбаршчык на выбарчыя ўчасткі і якімі будуць вынікі новага галасавання, пакуль прадказаць немагчыма.