Генрых Валуа – нашчадак Рагвалода!
Знакаміты француз, які кіраваў нашай дзяржавай як вялікі князь літоўскі напрыканцы XVI стагодзьдзя, а пасьля стаў каралём Францыі – меў, як высьвятляецца, самае непасрэднае дачыненьне да Беларусі. Яго продкам быў Полацкі князь Рагвалод. Паглыбімся ў генэалёгію ў дзень сьмерці караля.
Генрых нарадзіўся ў знакамітай французскай каралеўскай дынастыі Валуа ў 1551 годзе.
Яго шлях да нашага трона быў шляхам інтрыгаў і выпадковасьцяў. Раптоўная сьмерць Жыгімонта II Аўгуста, апошняга з дынастыі Ягелёнаў у 1572 годзе прывяла да вакуўму ўлады ў Рэчы Паспалітай. Шляхта правяла выбары, каб абраць новага кіраўніка, і дзякуючы намаганьням маці Кацярыны Медычы і іншым палітычным махінацыям Генрых быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім у 1573 годзе.
Радавод ад Рагвалода да Генрыха Валуа
У 976 (980) годзе да полацкага князя Рагвалода прыехалі сваты ад наўгародзкага князя Ўладзімера, якія прагнулі каб дачка нашага князя Рагнеда выйшла за іх боса. Рагнеда была паненкай з характарам, і рашуча адказала: «Не хачу разуць сына рабыні, а Яраполка хачу».
Уладзімер з Ноўгараду адчуў сябе пакрыўджаным і скіраваў на Полацак сваю дружыну. Ён жорсткім чынам забіў Рагвалода, яго сыноў, а Рагнеду згвалтаваў і прымусам узяў у жонкі. Пасьля гэтага той жа Ўладзімер забіў Яраполка ў Кіеве і сеў на ягоны трон.
Рагнеда нарадзіла ў гэтым шлюбным зьвязе некалькі дзяцей, у тым ліку Ізяслава, які працягнуў Полацкую княскую дынастыю, а таксама Яраслава, якому было наканавана ў будучыні сесьці на Кіеўскі пасад. Яраслаў, які ў Кіеве атрымаў мянушку Мудры, ажаніўся са швэдзкай прынцэсай Інгегердай у 1019 годзе. У сям’і нарадзілася 9 дзяцей, у тым ліку Ганна, прыблізна ў 1030 годзе.
19 траўня 1051 года кароль Францыі Генрых І узяў шлюб з Ганнай. Акрамя цікавых геапалітычных прычынаў гэтага зьвязу, варта адзначыць, што побліз ад Францыі па-просту і ня было прынцэсаў, якія не былі б у блізкіх сямейных сувязях з Генрыхам. Такія каралеўскія шлюбы былі пад забаронай Касьцёлу.
У хуткім часе пасьля шлюбу ў пары нарадзіўся хлопчык, які атрымаў незвычайнае для заходняй каралеўскай традыцыі імя Філіп. Філіп нарадзіўся прыкладна праз год пасьля шлюбу яго бацькоў, у траўні 1051 года. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся яшчэ два сыны: Робэрт, які нарадзіўся да чэрвеня 1054 года і памёр маладым, верагодна, каля 1063 года, і Гуга, які пасьля стаў графам Вэрмандуа.
У 1060 годзе Генрых І памірае, а каралём становіцца сын Генрыха і Ганны – Філіп.
Нашчадкі Ганны, і адпаведна Полацкага князя Рагвалода і князёўны Рагнеды кіравалі ў Францыі яшчэ доўгія стагодзьдзі. Сын Ганны і Генрыха І – Філіп І быў каралём Францыі з 1060 па 1108 год. Ягоны сын Людовік VI кіраваў з 1108 па 1137 год. Потым быў унук Ганны — Людовік VIІ з 1137 па 1180 год, за ім ягоны сын Філіп ІІ (1180-1223), пасьля сын Філіпа ІІ — Людовік VIІІ (1223-1226), чый сын Людовік ІХ (1226-1270) быў ня толькі каралём Францыі, але стаў і каталіцкім сьвятым.
На гэтым пералік не сканчваецца, дынастыя Капетынгаў (ці можам нават назваць яе ўмоўна Рагвалодавічаў) у Францыі знаходзілася на троне да 1328 года, калі апошні яе кароль Карл IV памёр і не пакінуў сыноў. На момант яго сьмерці каралева была цяжарнай, і стрыечны брат караля граф Філіп Валуа абвесьціў сябе рэгентам. Калі б нарадзіўся хлопчык, яму наканавана было б працягнуць дынастыю, але сьвет пабачыла дзяўчынка, і ў той жа дзень граф Філіп Валуа быў абвешчаны новым каралём новай дынастыі – Валуа.
Крыху назад па лініі Валуа
Бацькам заснавальніка новай каралеўскай дынастыі Валуа – Філіпа быў граф Карл дэ Валуа. Карл – чацьверты сын Філіпа III, які сам быў сынам караля Людовіка IX і Ізабэлы Арагонскай.
Калі Карл зьявіўся на сьвет у пачатку вясны 1270 года, ягоны бацька суправаджаў свайго дзеда караля Людовіка IX у Восьмы крыжовы паход. Праз некалькі месяцаў, у жніўні 1270 года, кароль памёр у Тунісе, пакінуўшы трон Філіпу III, які і вярнуўся ў Францыю. Але на зваротным шляху яго маці, каралева Ізабэла Арагонская, памерла ў студзені 1271 года пасьля падзеньня з каня. Такім чынам Карл і яго браты засталіся сіротамі.
Яго старэйшы брат Людовік памёр у 1276 годзе, зрабіўшы спадчыньнікам трона іншага брата — Філіпа. Філіп III памёр у 1285 годзе пасьля чарговага пахода, гэтым разам на Арагон. Яго сын Філіп Прыгожы, старэйшы брат Карла, стаў каралём Францыі Філіпам IV.
Філіп IV стаў каралём Францыі ў кастрычніку 1285 года ва ўзросьце 17 гадоў. Каралеўства Францыя тады было на піку сваёй магутнасьці ў эпоху сярэднявечча. З шаснаццацьцю-дваццацьцю мільёнамі жыхароў гэта была самая густанаселеная дзяржава ў хрысьціянскім сьвеце. Пры ім каралеўская ўлада значна ўзмацнілася. А знакаміты Ордэн Тампліераў быў зьнішчаны.
Яго старэйшы сын Людовік Х стаў каралём у 1314 годзе, але памёр неўзабаве, у 1316-м.
У 1315 годзе Людовік ажаніўся з Клемэнцінай Вугорскай, якая нарадзіла Яна I Пасьмяротнага праз некалькі месяцаў пасьля сьмерці караля. Ён пражыў усяго пяць дзён і валадарыў пад рэгенцтвам Філіпа дэ Пуацье. Ян І зьяўляецца трынаццатым і апошнім каралём з так званай наўпроставай дынастыі Капетынгаў, які атрымаў тытул караля ў спадчыну ад свайго бацькі. Скон Яна прывёў да спрэчнай спадчыны французскага трона.
Трон атрымаў той самы рэгент Філіп дэ Пуацье, які зьяўляўся праўнукам караля Людовіка ІХ Сьвятога, і другім сынам караля Філіпа IV.
Філіп V памёр ад дызэнтэрыі ў 1322 годзе, не маючы спадчыньніка мужчынскага полу. Такім чынам, яго брат, Карл IV, карыстаючыся прэцэдэнтам, створаным самім Філіпам у 1316 годзе, заняў яго месца на троне. Карл IV быў каралём да 1328 года.
Новая дынастыя
Філіп VI Валуа адрозьніваўся ад сваіх папярэднікаў на троне Францыі. Ён быў каралём з 1328 па 1350 год, і быў вядомы як «Шчасьлівы» або «Каталік». Пераход трона да новай дынастыі адбыўся дзеля таго каб не дапусьціць сыходу кароны Францыі ў рукі дому Плянтагенэтаў, які кіраваў Англіяй і Аквітанскім герцагствам.
Ян II, вядомы як Ян Добры, сын караля Філіпа VI, быў галоўным у Францыі з 1350 па 1364 год. Ён асабліва вядомы тым, што пацярпеў паразу і быў узяты ў палон Чорным прынцам, сынам ангельскага караля Эдуарда III, у бітве пры Пуацье ў 1356 годзе, у пачатку Стогадовай вайны. Ян Добры змог вярнуцца ў Францыю ў 1360 годзе пасьля падпісаньня дамовы, якая давала яму свабоду, але пры гэтым траціна краіны перадавалася пад уладу ангельскага караля Эдуарда III.
Карл V, сын Яна II, быў каралём Францыі з 1364 па 1380 год. Ён быў трэцім прадстаўніком дынастыі Валуа. Карл V меў некалькі дзяцей, адзін яго сын Карл VI кіраваў пасьля бацькі вельмі працяглы час – з 1380 па 1422 год.
Наступным каралём, сынам папярэдняга, стаў Карл VIІ з 1422 па 1461 год.
Яго жыцьцё перадусім прыйшлося на эпоху, няхай і кароткую, Жанны д’Арк. Карл VII змог прысьвяціць сваё жыцьцё вайне супраць ангельцаў, у канчатковым выніку ён выгнаў іх з каралеўства пасьля бітвы ў 1453 годзе, якая ў ваенным пляне завяршыла Стогадовую вайну.
Сынам папярэдняга Валуа быў Людовік ХІ, які быў каралём з 1461 па 1483 год. Сынам Людовіка XI быў Карл VIІІ. Ён зьяўляецца сёмым і апошнім каралём у наўпроставай спадчыне Капетынгскага дома Валуа, які валадарыў Францыяй з 1328 года. Карл VIІІ быў каралём Францыі з 1483 па 1498 год. Ён памёр выпадкова пасьля сутыкненьня галавой з перамычкай дзьвярэй у Шато д'Амбуаз. У Карла VIII было шасьцёра дзяцей, аднак усе яны памерлі ў маладым узросьце.
З 1498 па 1515 год каралём быў Людовік ХІІ Валуа. Кім быў гэты новы кароль Валуа? Яго бацька – Карл, герцаг Арлеанскі і Валуа, а дзед – Людовік, герцаг Арлеанскі (брата караля Францыі Карла VI), прадзед жа – Карл V (нагадаем, які кіраваў з 1364 па 1380 год).
Наступнікам Людовіка ХІІ быў Францішак І. Яго кіраваньне цягнулася з 1515 па 1547 год. Наступным манархам стаў Генрых ІІ, сын Францішка. З 1547 па 1559 год ён знаходзіўся на троне. Гэты кароль пасьпеў нарадзіць шмат дзяцей, у тым ліку траіх наступных каралей, адным зь іх быў Генрых Валуа, якому было наканавана стаць апошнім у ліку каралеўскай дынастыі Валуа.
Коратка лінія ад Рагвалода да Генрыха Валуа
Князь Полацкі Рагвалод – княгіня Рагнеда – князь Яраслаў – каралева Ганна – кароль Філіп І – кароль Людовік VI – кароль Людовік VIІ – кароль Філіп ІІ – кароль Людовік VIІІ – кароль Людовік ІХ – кароль Філіп ІІІ – Карл граф Валуа – кароль Філіп VІ – кароль Ян ІІ – кароль Карл V – Людовік герцаг Арлеанскі – Ян герцаг Арлеанскі – Карл герцаг Арлеанскі – кароль Францішак І – кароль Генрых ІІ – кароль Генрых ІІІ Валуа.
Усяго ад Рагвалода да Генрыха ІІІ Валуа – 21 пакаленьне
Удакладненьне: пачынаючы ад Карла V да Генрыха ІІ магчыма правесьці крыху іншую лінію (якая ўсё адно прыводзіць нас у тое ж месца): Карл V – Людовік герцаг Арлеанскі – Карл герцаг Арлеанскі (гэты герцаг Карл дзядзька герцага Карла з кароткай лініі ад Рагвалода) – кароль Людовік ХІІ, чыя дачка Клод выйшла за караля Францішка І.
Калі вы заблыталіся крыху – Генрых ІІ двойчы нашчадак караля Карла V (і яго маці і яго бацька паходзяць ад Карла).
Генрых у Вялікім Княстве Літоўскім
Пасьля абраньня на трон Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства 11 траўня 1573 года, Генрых Валуа пакінуў Францыю і ў жніўні таго ж года прыбыў у Рэч Паспалітую. Затым ён быў афіцыйна каранаваны як вялікі князь літоўскі і кароль польскі ў Кракаве ў лютым 1574 года. У гэты перыяд, як кажуць крыніцы, ён працаваў над вывучэньнем польскай мовы.
Адным з самых значных дасягненьняў Генрыха была яго падтрымка Варшаўскай канфедэрацыі, якая была створаная ў пачатку 1573 года. Гэты наватарскі дакумэнт гарантаваў рэлігійную свабоду для ўсіх грамадзянаў Рэчы Паспалітай, незалежна ад іх веравызнаньня. Менавіта гэты дакумэнт у будучыні стане прыкладам для эўрапейскага заканадаўства аб свабодзе веравызнаньня.
У сярэдзіне краіны шляхта мела значную ўладу і чакала ад новаабранага караля павагі да іх прывілеяў і аўтаноміі.
Вонкава Рэч Паспалітая сутыкнулася з пагрозай з боку Асманскай імпэрыі, якая імкнулася пашырыць свой уплыў у рэгіёне. Генрых працаваў над умацаваньнем арміі і стварэньнем хаўрусаў для ўмацаваньня абароны Рэчы Паспалітай.
Генрых Валуа сутыкнуўся са зразумелымі цяжкасьцямі ў зацьвярджэньні сваёй улады, бо шляхта часта супраціўлялася яго ініцыятывам, баючыся падарваць уласную ўладу. Акрамя таго, моўныя і культурныя бар'еры ўскладнялі зносіны і інтэграцыю Генрыха ў Вялікае Княства Літоўскае і Польскае каралеўства.
Аднак чарговы паварот лёсу спыніў яго праўленьне на нашай зямлі. У 1574 годзе сьмерць яго брата, караля Францыі Карла IX, зрабіла Генрыха спадчыньнікам французскага трона. Ён апынуўся перад цяжкім рашэньнем: працягваць кіраваць Рэччу Паспалітай або вярнуцца ў Францыю і патрабаваць свайго першародзтва.
У ноч на 19 чэрвеня 1574 года, не апавясьціўшы сэнат, у стане падвышанай патаемнасьці Генрых Валуа пакінуў каралеўскі замак Вавэль і пасьпешліва скіраваўся ў бок мяжы. Караля суправаджалі яго пасцельнічы Ян ду Хальдэ, шляхціч Жыль дэ Суўр, лекар Марэк Мірон і капітан каралеўскай гвардыі Нікаля дэ Ляршан.
У Францыі
Калі Генрых Валуа вярнуўся ў Францыю ў 1574 годзе, каб заняць французскі трон як кароль Генрых III, ён атрымаў у спадчыну нацыю, ахопленую рэлігійнымі канфліктамі, палітычнымі інтрыгамі і сацыяльнымі хваляваньнямі. Яго кіраваньне, якое працягвалася да яго забойства ў 1589 годзе, будзе адзначана шматлікімі праблемамі і значнымі падзеямі, якія ў канчатковым выніку прывялі да канца дынастыі Валуа.
Генрых ня меў спадчыньнікаў, і трон перайшоў да Генрыха Наварскага, які стаў каралём Францыі Генрыхам IV і заснаваў дынастыю Бурбонаў.