Як праўнучка Рагвалода стала каралевай Францыі
19 траўня 1051 года кароль Францыі Генрых І узяў шлюб з Ганнай, якая паходзіла з легендарнага беларускага роду Полацкага княства. Яе прадзедам быў Рагвалод, а бабуляй – Рагнеда. Якім чынам лёс занес яе ў Францыі – чытайце ў нашым артыкуле. Менавіта яе нашчадкі знаходзіліся на троне Францыі амаль восем наступных стагодзьдзяў.
Ад Рагвалода да Ганны: кароткі радавод
Нагадаем сямейныя сувязі каралевы Ганны. У 976 (980) годзе да полацкага князя Рагвалода прыехалі сваты ад наўгародзкага князя Ўладзімера, якія прагнулі каб дачка нашага князя Рагнеда выйшла за іх боса. Рагнеда была паненкай з характарам, і рашуча адказала: «Не хачу разуць сына рабыні, а Яраполка хачу».
Гэткім чынам яна пазначала на статус маці Ўладзімера, якая была рабыняй. Яраполк жа, кіеўскі князь, быў лепшым і ахвотным прэтэндэнтам для беларускай князёўны. Уладзімер з Ноўгараду адчуў сябе пакрыўджаным і скіраваў на Полацак сваю дружыну. Ён жорсткім чынам забіў Рагвалода, яго сыноў, а Рагнеду згвалтаваў і прымусам узяў у жонкі. Пасьля гэтага той жа Ўладзімер забіў Яраполка ў Кіеве і сеў на ягоны трон.
Рагнеда нарадзіла ў гэтым шлюбным зьвязе некалькі дзяцей, у тым ліку Ізяслава, які працягнуў Полацкую княскую дынастыю, а таксама Яраслава, якому было наканавана ў будучыні зьмяніць бацьку забойцу і гвалтаўніка на Кіеўскім пасадзе.
Яраслаў, які ў Кіеве атрымаў мянушку Мудры, ажаніўся са швэдзкай прынцэсай Інгегердай у 1019 годзе. У сям’і нарадзілася 9 дзяцей, у тым ліку і нашая гераіня – Ганна, прыблізна ў 1030 годзе. Тысячу гадоў таму!
Пра яе дзяцінства і першыя гады невядома анічога. У тагачасных летапісах (прынамсі тых, якія здолелі дайсьці да нас), пра Ганну як і іншых дачок Яраслава не згадваюць.
Французскі шлях
Маем шмат пісьмовых крыніцаў аб ёй з заходняй Эўропы. У свой час Папа Рымскі Мікалай ІІ у 1051 годзе пісаў праўнучцы Рагвалода:
«Весткі аб вашых цнотах, цудоўная панна, дайшоў да нашых вушэй, і з вялікай радасьцю чуем мы, што вы выконваеце ў гэтай вельмі хрысьціянскай дзяржаве свае каралеўскія абавязкі з пахвальнай стараннасьцю і выдатным розумам».
У 1048 годзе кароль Францыі Генрых І, які ўжо працяглы час быў удаўцом і ня меў дзяцей ад папярэдняй жонкі, скіроўвае сур’ёзную дэлегацыю да Яраслава ў Кіеў. Аб гэта падрабязна апісваецца ў французскай хроніцы «Рэймскі глос»:
«У год ад Уцелаўленьня Пана 1048-ы, калі Генрых, кароль французскі, паслаў у Рабастыю шалёнскага біскупа Ражэ за дачкой караля той краіны, на імя Ганна, на якой ён павінен быў ажаніцца. Пробашч Адальрык прасіў таго біскупа, ці не зможа той даведацца, ці ў тых краях знаходзіцца Херсанэс, у якім, як пішуць, спачыў сьвяты Клемэнс. І ці да гэтага часу адыходзіць мора ў дзень яго нараджэньня і парэшткаў сьвятога можна прайсьці пешшу?
Біскуп выканаў гэта. Ад караля той краіны Яраслава ён даведаўся, што Папа Юлій прыбыў [некалі] у тую вобласьць, дзе быў пахаваны сьвяты Клемэнс, для барацьбы з ерасьсю, якая квітнела ў тых краях… Названы кароль Яраслаў расказваў таксама шалёнскаму біскупу, што ў свой час ён пабываў там і прывез адтуль з сабой галовы сьвятых Клемэнса і Фэба вучня ягонага, і паклаў іх у горадзе Кіеве, дзе яны ўшаноўваюцца. І нават паказваў гэтыя галовы згаданаму біскупу».
Чаму ўвогуле гэта адбылося?
Можна адзначыць узаемную зацікаўленасьць у гэтым шлюбе. Для Генрыха І час быў надзвычай няпросты і нявызначаны. Адносіны Францыі і нямецкіх дзяржаваў былі далёкія ад сяброўскіх (як амаль і заўжды). Кароль Францыі працягваў ранейшыя спробы завалодаць Лятарынгіяй, якая ўяўлялася яму гістарычнай часткаю яго дзяржавы. У сувязі з гэтым яму былі неабходныя хаўрусьнікі дзеля барацьбы з немцамі і перадусім з імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі нямецкага народа.
У сваю чаргу Яраслаў імкнуўся разьвіць міжнародныя сувязі сваёй краіны і ахвотна выкарыстоўваў «шлюбныя агенцтвы» таго часу. Яго дочкі станавіліся жонкамі розных манархаў Эўропы. І яшчэ ў 1043 годзе ён са свайго боку скіроўваў да нямецкага імпэратара прапанову выдаць сваю дачку замуж (дакладна не вядома, ці тую ж Ганну, ці іншую, Настасьсю). Нямецкі Генрых ІІІ адмовіўся зьвязвацца.
Таму і стала магчымым афіцыйнае заляцаньне да дачкі Яраслава з боку Генрыха французскага. Варта адзначыць, што побліз ад Францыі па-просту і ня было прынцэсаў, якія не былі б у блізкіх сямейных сувязях з Генрыхам. Такія каралеўскія шлюбы былі пад забаронай Касьцёлу.
Для князёўны Ганны не магло быць і гаворкі аб пасагу, гэта значыць, паводле звычаю, аб тэрытарыяльных уладаньнях. Але французскія сваты прывезлі назад, у Францую багатыя вясельныя падарункі. Безумоўна, сярод гэтых падарункаў павінен быў зьявіцца гіяцынт Ганны, каштоўны камень, які яе ўнук кароль Людовік VI пасьля падараваў абацтву Сэн-Дэні, каб усталяваць яго ў якасьці рэліквіярыя.
Каралева Францыі
У хуткім часе пасьля шлюбу ў пары нарадзіўся хлопчык, які атрымаў незвычайнае для заходняй каралеўскай традыцыі імя Філіп. Імя было грэцкага паходжаньня, і было, як зараз можна сказаць, адсылкай да Бізантыйскай Імпэрыі, нашчадкам імпэратараў якой таксама зьяўлялася Ганна па іншай сямейнай лініі.
Філіп нарадзіўся прыкладна праз год пасьля шлюбу яго бацькоў, у траўні 1051 года. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся яшчэ два сыны: Робэрт, які нарадзіўся да чэрвеня 1054 года і памёр маладым, верагодна, каля 1063 года, і Гуга, які пасьля стаў графам Вэрмандуа.
Такім чынам, як адзначае французскі гісторык Рабэр-Анры Бацье, каралева Ганна дасканала выканала свае абавязкі, нарадзіўшы трох сыноў і тым самым забясьпечыўшы пераемнасьць дынастыі. І далей на доўгія гады Ганна зьнікае з пісьмовых крыніцаў, і, верагодна з публічнага жыцьця Францыі. Гэта было зьвязана з тым, што яе муж, Генрых І, не асабліва паважаў кабетаў, і амаль не даваў ім шансу на голас.
У 1054 годзе каралева не згадваецца, насуперак звычаю канцылярыі, у той час як малітвы просяцца «за караля, за яго дзяцей і за каралеўства».
У 1060 годзе Генрых І памірае, а каралём становіцца сын Генрыха і Ганны – Філіп. Мы маем вельмі дакладнае апісаньне амаль усіх хвілінаў цырымоніі каранацыі Філіпа I: але прысутнасьць каралевы і там не адзначанае. Каранацыя адбылася яшчэ да сьмерці папярэдняга караля, у 1059 годзе, што было звычайнай практыкай Капетынгскай дынастыі ў Францыі дзеля мірнага і бясьпечнага «транзыту ўлады».
Складаныя адносіны Генрыха з жонкай Ганны мелі таксама прычынай расчараваньне караля ў гэтым шлюбе, які ў канчатковым выніку апынуўся такім жа марным на палітычным узроўні, як калісьці быў першы шлюб Генрыха зь нямецкай прынцэсай.
Толькі ў апошнія месяцы кіраваньня, з таго дня, як Філіп быў каранаваны і калі кароль Генрых быў практычна няздольны кіраваць, канцылярыя нарэшце вырашыла папрасіць аб малітвах «за выратаваньне караля, яго жонкі Ганны і яго сына караля Філіпа» (23 траўня 1059 года).
Разам з тым Ганна стала рэгентам малога караля да моманту яго сталеньня. Урэшце першыя два гады пасьля сьмерці мужа былі вяршыняй палітычнага ўплыву каралевы Ганны. Біскуп Шартрскі Агабэрт у сваім акце 1061 года кажа, што трэба дзейнічаць «паводле парады і волі нашых уладароў найпабожнейшых каралёў, як Філіпа, так і яго маці Ганны». Уплыў дастаткова раптоўна пачаўся, але яшчэ больш раптоўна зьнік пасьля скандалу.
Новы (незаконны) муж
Калі Ганна выйшла замуж за мужчыну, які ніколі не цікавіўся жанчынамі і які не адводзіў ёй асаблівага месца пры двары, Ганна з самага пачатку ўдоўства была зачараваная заляцаньнямі, зробленымі ёй графам Валуа. Яна, не вагаючыся, адмовілася ад усяго, каб пачаць новае жыцьцё зь ім. Граф Раўль Валуа абвінаваціў сваю законную жонку Элеанору ў шлюбнай здрадзе, і зрокся яе. І праз вельмі хуткі час бярэ шлюб з Ганнай.
Гэта выклікала патройны скандал. Перш за ўсё, Раўль Валуа быў стрыечным братам першага мужа Ганны, кароль і ён сам абодва паходзілі ад Гербэрта дэ Вэрмандуа. Папярэдні шлюб графа Валуа не быў скасаваны Касьцёлам, таму ён фактычна станавіўся мужам дваіх жывых жонак. А трэцяе скандальная гісторыя датычылася непасрэдна Ганны – праз гэты шлюб яна пакінула сваіх дзяцей у маладым узросьце і занядбала кіраваньне каралеўствам, якое яна падзяляла зь іншым рэгентам, графам Бадуэнам, у той самы момант, калі Францыі пагражалі новыя крызісы.
Хроніка Сэн-Рэр-ле-Віф дэ Сэн зьвязвае сьмерць караля і паўторны шлюб яго ўдавы ў адным сказе: «Кароль Генрых памёр... і быў пахаваны ў базыліцы Сэн-Дэні; Граф Раўль, яго стрыечны брат, ажаніўся зь яго ўдавой, што супярэчыла чалавечаму і Божаму праву, за што ён быў адлучаны ад Касьцёлу». Сапраўды, адкінутая Раўлем жонка скіравалася асабіста да Папы, і той, выслухаўшы яе, адправіў яе назад з лістамі для арцыбіскупаў Рэймса і Сэнса. Пантыфік папрасіў іх праверыць, наколькі гэта супярэчыць Божым законам і чалавечым. Таму яны павінны былі выклікаць графа і, калі прычына сапраўды была такой, як яму паведамілі, дзейнічаць адпаведна. Калі б ён адмовіўся паддацца розуму, яны павінны былі б вынесьці супраць яго кананічны прысуд – адлучэньне ад Касьцёлу.
Чатыры гады яго імя не згадваецца ні ў адным дакумэнце, як і яго жонкі. І толькі з 1065 года яны зьяўляюцца зноў. У хуткім часе Філіп І, сын Ганны, дасягнуў 15 гадоў, а значыць меў права кіраваць самастойна, без дапамогі рэгентаў.
8 верасьня 1074 года Раўль Валуа памёр, а яго ўдава (ужо другі раз за жыцьцё) Ганна вярнулася да двара французскага караля, свайго сына. Яна пазначаная ў дакумэнтах як маці караля, але не ў якасьці каралевы, што значыла, яе тытул не быў вернуты пасьля вялікага скандалу з графам Валуа.
З гэтага моманту мы больш нічога пра яе ня ведаем. Ніводны летапісец, ніводны дакумэнт не пазначаюць дату яе сьмерці. Ва ўсялякім разе, яна памерла да 1089 года, калі кароль складваў адмысловую ахвяру касьцёлу ў Бавэ за спачын душаў яе бацькі і маці, але вельмі верагодна, што каралева Ганна ўжо памерла дзесяць гадоў таму, калі ў 1079 годзе іншая каралеўская грамата ўжо адзначала: «Я раблю гэтае ахвяраваньне за адпушчэньне грахоў маіх і грахоў майго бацькі, маёй маці і ўсіх маіх папярэднікаў».
Нашчадкі Ганны, і адпаведна Полацкага князя Рагвалода і князёўны Рагнеды кіравалі ў Францыі яшчэ доўгія стагодзьдзі. Сын Ганны і Генрыха І – Філіп І быў каралём Францыі з 1060 па 1108 год. Ягоны сын Людовік VI кіраваў з 1108 па 1137 год. Потым быў унук Ганны — Людовік VIІ з 1137 па 1180 год, за ім ягоны сын Філіп ІІ (1180-1223), пасьля сын Філіпа ІІ — Людовік VIІІ (1223-1226), чый сын Людовік ІХ (1226-1270) быў ня толькі каралём Францыі, але стаў і каталіцкім сьвятым.
На гэтым пералік не сканчваецца, дынастыя Капетынгаў (ці можам нават назваць яе ўмоўна Рагвалодавічаў) у Францыі знаходзілася на троне да 1328 года, калі апошні яе кароль Карл IV памёр і не пакінуў сыноў. На момант яго сьмерці каралева была цяжарнай, і стрыечны брат караля граф Філіп Валуа абвесьціў сябе рэгентам. Калі б нарадзіўся хлопчык, яму наканавана было б працягнуць дынастыю, але сьвет пабачыла дзяўчынка, і ў той жа дзень граф Філіп Валуа быў абвешчаны новым каралём новай дынастыі – Валуа.
Зрэшты, і яны былі нашчадкамі нашай гераіні артыкула, Ганны, праўнучкі Полацкага князя Рагвалода.