Як праўнучка Ўсяслава Чарадзея стала маці двух каралёў Даніі і продкам 11 дацкіх манархаў

На днях у Дацкім каралеўстве пасьля 50 гадоў кіраваньня каралевы Маргрэты ІІ каралём стаў яе сын, Фрэдэрык Х. А ці ведалі вы, што нашыя краіны зьвязвае даўняя гісторыя кроўных сувязяў манархаў? Сафія Менская, дачка полацкага князя Валадара Глебавіча і праўнучка легендарнага Ўсяслава Чарадзея, пакінула па сабе крывіцкі сьлед у эўрапейскіх каралеўскіх дамах. Паглядзім!

Знакамітая карціна «Змоўшчыкі едуць з Фіндэрупа пасьля забойства караля Эрыка V, нашчадка Сафіі Менскай, у 1286 годзе». Мастак: Ота Бахе

Знакамітая карціна «Змоўшчыкі едуць з Фіндэрупа пасьля забойства караля Эрыка V, нашчадка Сафіі Менскай, у 1286 годзе». Мастак: Ота Бахе

Пра Сафію Менскую адкрыцьцё зрабіў ужо амаль 20 гадоў таму гісторык Андрэй Катлярчук. Дачка князя менскага, а пазьней і полацкага Валадара Глебавіча (памёр у 1161 годзе) Сафія нарадзілася каля 1141 году, напэўна, у Менску.

У сярэдзіне XII стагодзьдзя Полацкая зямля знаходзілася на вяршыні сваёй магутнасьці. Полацкая дзяржава валодала ня толькі замкамі Кукенойс і Герцыке ў ніжнім цячэньні Заходняй Дзьвіны (сёньня гэта тэрыторыя Латвіі), але і кантралявала Рыскую затоку і разам зь ёй Усходнюю Балтыку.

Менскі князь Валадар у той час быў таксама князем Полацкім. Ён быў з дынастыі Рагвалодавічаў. Жонкаю Валадара была польская князёўна Рыкіса. Ня выключана, што Валадар пазнаёміўся зь ёю, хаваючыся ў Польшчы. Там ён ратаваўся ад кіеўскага палону і высылкі ў Бізантыю. Рагвалодавічы вялі актыўную замежную палітыку, таму не павінен выклікаць зьдзіўленьня ўзяты ў 1157 годзе шлюб дачкі князя Сафіі з дацкім каралём Вальдэмарам І, адным з наймагутнейшых каралёў дацкай гісторыі (на пасадзе з 1157 году па 1182) з дынастыі Эстрыдсэнаў.

Сафія Менская. Выява магчымага твару крывіцкай каралевы па чэрапе, які захаваўся

Сафія Менская. Выява магчымага твару крывіцкай каралевы па чэрапе, які захаваўся

Як піша Андрэй Катлярчук, запісы пра гэты шлюб зьмяшчаюць летапісы ХІІ стагодзьдзя «Славянская хроніка» Арнольда зь Любэку і «Граматыка Саксаў», а ўскосныя згадкі пра Сафію — іншыя заходнеэўрапейскія крыніцы.

Сямейнае жыцьцё Вальдэмара і Сафіі было шчасьлівым. Яна нарадзіла двух сыноў і шэсьць дачок. Дзьве зь іх, згодна з полацкай традыцыяй, абралі кляштар. Астатнія ўзялі шлюб з тагачаснымі ўладарамі Эўропы.

Дзеці менскай князёўны і каралевы Даніі

Кнуд VI

Кароль Даніі пасьля сьмерці свайго бацькі, Вальдэмара І (1182-1202). Кнуд, якога летапісец усхваляе за яго пабожнасьць і ўраўнаважанасьць, але які наўрад ці быў выбітнай асобай, на працягу ўсяго свайго праўленьня дазваляў кіраваць сабой іншым людзям, такім як Абсалон, чыім прыёмным сынам ён называецца, і яго малодшаму брату, будучаму каралю Вальдэмару ІІ. У пачатку праўленьня Кнуда яму ўдалося здушыць небясьпечнае паўстаньне, якое амаль прыняло характар ​​сялянскай вайны. Пры Кнудзе Данія падпарадкавала сабе Памэранію і зьдзейсьніла крыжовыю паходы ў сучасную Эстонію.

Кнуд VІ

Кнуд VІ

Вальдэмар ІІ Пераможца

Ён стаў спадчыньнікам свайго брата Кнута VI, які памёр бязьдзетным. Дацкая экспансія, яго бацькам, была працягнутая пры яго сынах Кнудзе і Вальдэмары. Спачатку Вальдэмар узяў Гальштэйн, Любека і Гамбург. Яму далі мянушку «Пераможца», таму што ён быў адным з найвялікшых заваёўнікаў у гісторыі Даніі, які замацаваў вялікія тэрыторыі ля Балтыйскага мора, такія як Памеранія і Эстонія.

Апошняя заваёва мела вялікае значэньне, бо, паводле легенды, менавіта тут Данэброг (нацыянальны сьцяг Даніі) упаў зь неба. Данія распасьціралася ад Эльбы і Ватавага (частка Паўночнага) мора на захадзе да Гданьска на ўсходзе а мяжа на поўдні была па рацэ Нецэ. Вальдэмар быў каралём да сьмерці ў 1241 годзе. Ён меў прынамсі 8 дзяцей, сярод іх і наступныя каралі Даніі – Эрык IV (1241-1250), Абэль (1250-1252), Крыстафэр І (1252-1259).

Вальдэмар ІІ

Вальдэмар ІІ

Інгеборга Дацкая

Інгеборга пабралася шлюбам з каралём Францыі Філіпам II Аўгустам. Філіп ІІ Аўгуст, кіраваў адным з крыжовых паходаў і зацьвердзіў статут Сарбоны. Як муж ён ня быў надта верны, як зазначае гісторык Алег Дзярновіч. Калі пабачыў магчымасьць павялічыць свае зямельныя ўладаньні, ён кінуў Інгеборгу, і за гэтае скасаваньне шлюбу ў 1200 годзе Папа Інакенці ІІІ адлучыў яго ад касьцёлу і наклаў на Францыю інтэрдыкт. Тым ня менш, кароль выпусьціў Інгеборгу з замку і стаў жыць зь ёй як з каралевай толькі пасьля сьмерці яе суперніцы. Дзяцей і новых каралёў Францыі ў яе не было.

Інгеборга Дацкая, дачка Сафіі Менскай

Інгеборга Дацкая, дачка Сафіі Менскай

Хелена Дацкая

Хелена стала жонкай князя Браўншвэйг-Люнэбурскага Вільгельма. У шлюбе нарадзіўся сын, пазьнейшы герцаг Браўншвэйг-Люнэбургскі на імя Ота Барнэт (1204-1252). Пасьля раньняй сьмерці яе мужа ў 1213 годзе яго брат, імпэратар Ота IV, стаў кіраваць Люнэбургам раней, чым сын Вільгельма Ота. Апошні быў прызначаны ў 1223 годзе сваім дзядзькам Генрыхам старэйшым спадчыньнікам уладаньняў нямецкага дома Вэльфенаў.

Нашчадкі ўнука Сафіі Менскай Ота Барнэта мелі вялікія тытулы і землі. Дачка Ота – Лізавета выйшла за Вільгельма ІІ Галяндзкага, графа Галяндыі і Зэляндыі (1235 —1256). Ён быў абраны нямецкім контркаралём у 1247 годзе і заставаўся ім да сваёй сьмерці.

Іх адзіны сын Флорыс V валадарыў як граф Галяндыі і Зэляндыі з 1256 па 1296 год. Яму прыпісваюць у асноўным мірнае праўленьне, мадэрнізацыю адміністрацыі, палітыку, спрыяльную для гандлю. У цэлым ён дзейнічаў у інтарэсах сваіх сялянаў за кошт шляхты, і займаўся вяртаньнем зямлі з мора (надзённая праблема ніжніх земляў – Нідэрляндаў). Яго драматычнае забойства, арганізаванае каралём Англіі Эдуардам I і графам Фляндрыі Гаем, зрабіла яго героем у Галяндыі.

Флорыс V, праўнук Сафіі Менскай

Флорыс V, праўнук Сафіі Менскай

Яго сын Ёхан I, граф Галяндыі, ажаніўся з Лізаветай, дачкой караля Англіі Эдуарда I.

Рыкса

Рыкса ўзяла шлюб з каралём Швэцыі Эрыкам Х Кнудсанам.

Сафія

Сафія, дачка Сафіі Менскай і Вальдэмара, выйшла за князя Арлямундзкага Зыгфрыда.

Марыя і Маргарэт

Гэтыя дочкі Сафіі Менскай пайшлі ў кляштар.

Наступныя пакаленьні нашчадкаў Сафіі

Разгледзець падрабязна ўсіх, вядома, не будзе магчымасьці на абмежаваным аб’ёме артыкула, але адзначым самае цікавае.

Пасьля трох сыноў Вальдэмара ІІ на дацкім троне — Эрык IV (1241-1250), Абэль (1250-1252), Крыстафэр І (1252-1259), да ўлады прыйшоў сын апошняга зь іх – Эрык V (1259-1286). Ён стаў асабліва вядомым дзякуючы апошняму паляваньню. Падчас паляваньня 22 лістапада 1286 года кароль і яго сьвіта шукалі прытулак у хляве. Тут Эрык быў забіты невядомымі з 56 нажавымі раненьнямі.

Матыў і асоба забойцаў сталі прычынай шматлікіх здагадак. На дацкім судзе ў Нюбаргу ў наступным годзе былі асуджаныя дзевяць шляхцічаў, толькі адзін зь якіх быў абвінавачаны ў забойстве караля. Астатніх абвінавацілі ў саўдзеле. Усе, як адзін, сваёй віны не прызналі. Зрэшты, гэты кароль не карыстаўся папулярнасьцю.

Пасьля каралём стаў ягоны сын Эрык VI (1286-1319). Але шаноўныя людзі, якія былі асуджаныя за забойства яго бацькі, вярнуліся пры падтрымцы караля Нарвэгіі і спустошылі ўзьбярэжжа Даніі. Да варожых харугваў далучыліся некаторыя магнаты і духавенства, у тым ліку брат Эрыка, Крыстафэр, які ў 1315 годзе быў вымушаны адправіцца ў выгнаньне. Эрык VI заваяваў сёньняшні нямецкі горад Расток і правёў першы рыцарскі турнір у Даніі. Эрык ажаніўся з дачкой швэдскага караля. У каралеўскай пары было 14 дзяцей, усе яны былі мёртванароджанымі або памерлі ў дзяцінстве.

Пасьля яго Крыстафэр, які вярнуўся з выгнаньня, стаў наступным каралём Даніі (1320-1332). Пасьля яго сьмерці Данія заставалася без караля да 1340 года, калі на трон узышоў малодшы сын Крыстафэра — Вальдэмар IV (1340-1375). Страшэнная эпідэмія (пандэмія?) чумы абрынулася на краіну падчас праўленьня Вальдэмара. Са сваёй жонкай ён меў шасьцёра дзяцей, але толькі адна, Маргрэта І, перажыла яго. Яна выйшла замуж за караля Нарвэгіі і мела сына Олуфа. Ён і стаў каралём Даніі (1376-1387) і адначасова Нарвэгіі.

Тым часам у Швэцыі швэды былі вельмі незадаволеныя сваім каралём Альбрэхтам III. Маргрэта пачала перамовы са швэдзкімі шляхцічамі, якія былі вельмі схільныя дазволіць Олуфу ўзысіці і на швэдзкі трон. Але перш чым Олуф ІІ здолеў аб'яднаць тры паўночныя краіны, ён памёр 3 жніўня 1387 года, калі яму ледзь споўніўлася 17 гадоў. Ён так і не ажаніўся і не пакінуў дзяцей. На ім і скончылася легендарная дацкая дынастыя.

Такім чынам Сафія Менская была жонкай аднаго і продкам 11 каралей Даніі на працягу больш чым двух стагодзьдзяў.

Ну а Сафію Менскую і Дацкую пасьля сьмерці, 5 траўня 1198 года пахавалі побач з мужам Вальдэмарам І у каралеўскай усыпальніцы ў саборы Сьв. Бэнэдыкта Нурсійскага ў Рынгстэдзе.

Альбо ўвозьмем унучку Сафіі Менскай, якая таксама была Сафіяй. Гэта была дачка Вальдэмара ІІ. Сафія выйшла замуж у 1230 годзе за маркграфа Брандэнбурга Юхана I, які разам са сваім братам Ота Набожным заснаваў Бэрлін, які ўпершыню згадваецца ў 1244 годзе. Сафіі давялося перажываць, што яе браты Эрык IV і Абэль ваявалі паміж сабой. Яна ўзяла на сябе пасярэдніцтва паміж імі і таму зімой 1247 года выправілася з Брандэнбурга ў Данію, нягледзячы на ​​тое, што ў той час была цяжарная. Падарожжа выклікала раньнія роды, якія сталі прычынай яе сьмерці.

Дачка Эрыка IV – Сафія (галоўнае не заблытацца ў Сафіях!) была каралевай Швэцыі з 1260 па 1275 гады праз шлюб з каралём Швэцыі Вальдэмарам Біргерсанам. А іх дачка Рыкіса (памерла каля 1292 года), выйшла замуж за польскага караля Пшэмыслава II. Шлюб быў заключаны ў 1285 годзе. Ад гэтага шлюбу была адна дачка: Рыкса (Альжбэта) (1286 —1335), жонка чэшскіх каралёў Вацлава II (быў таксама і каралём Польшчы пад імём Вацлаў І) і Рудольфа I.

Выява Сафіі Менскай

Выява Сафіі Менскай

Нашчадкі Сафіі Менскай і сёньня жывуць у Даніі, Швэцыі і Нарвэгіі. Дакумэнтальна можна прасачыць празь некалькі дзясяткаў пакаленьняў прапра…(шмат разоў) унукаў і ўнучак жанчыны, якая хадзіла па Менску, мела крывіцкае паходжаньне і зьяўлялася непасрэднай сваячкай Рагвалода, Рагнеды, Ізяслава, Усяслава Чарадзея, Эўфрасіньні Полацкай і іншых нашых знакамітых герояў мінуўшчыны.