Як 370 гадоў таму Багдан Хмяльніцкі прысягнуў расейскаму цару

18 студзеня 1654 года тэрыторыя, якая належала Рэчы Паспалітай, а ў той час знаходзілася пад кантролем фактычных сэпаратыстаў пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, у горадзе Пераяслаў абвесьціла аб далучэньні гэтых земляў да Расеі. Гаворка ішла аб нібы аўтаномным існаваньні Ўкраіны. Дык хто ён, Хмяльніцкі, сэпаратыст, здраднік Рэчы Паспалітай ці герой Украіны?

Просьба ўкраінскіх казакаў аб прыняцьці іх і захопленай імі зямлі Рэчы Паспалітай у склад Расеі

Просьба ўкраінскіх казакаў аб прыняцьці іх і захопленай імі зямлі Рэчы Паспалітай у склад Расеі

Якія тэрыторыі меліся на ўвазе?

Гэта былі ваяводзтвы ў складзе Рэчы Паспалітай. Да Люблінскай вуніі 1569 года яны належалі нашай дзяржаве — Вялікаму Княству Літоўскаму, а пасьля падпісаньня вуніі – да Польскага каралеўства ў складзе агульнай Рэчы Паспалітай. А менавіта: Кіеўскае ваяводзтва, Брацлаўскае ваяводзтва, Чарнігаўскае ваяводзтва.

Пасьля пачатку паўстаньня 1648 года пад кіраўніцтвам гетмана Багдана Хмяльніцкага амаль усе гэтыя землі апынуліся пад казацкай уладай. Украінскія гісторыкі называюць перыяд ад паўстаньня да канчатковага ўваходу ў склад Расеі ў 1667 годзе – час так званай незалежнай Гетманшчыны.

Украінская гістарычная думка наступным чынам апісвае гэта: «Прычынамі паўстаньня былі карумпаванасьць каралеўскіх урадаў Рэчы Паспалітай, сацыяльная несправядлівасьць, актывізацыя праваслаўнай царквы і рост колькасьці казакоў, нягледзячы на ​​ўрадавыя абмежаваньні. Паводле апісаньня тагачаснай сітуацыі, Рэч Паспалітая была: раем для шляхты, нябёсамі для габрэяў, пеклам для сялянаў».

З пункту гледжаньня Беларусі, як часткі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, такая дзейнасьць узброеных людзей зьяўляецца ні чым іншым, як бунт і дзяржаўная здрада.

Хваляваньні Хмяльніцкага паступова ахапілі ўсе ваяводзтвы сёньняшняй Украіны, а пазьней перакінуліся і на беларускія землі Вялікага Княства Літоўскага. Як яны перакінуліся – добра вядома сучасьнікам тых падзеяў і сёньняшнім беларускім гісторыкам.

У гэты перыяд Андрэй Баболя, вядомы каталіцкі сьвятар, а пасьля – беларускі сьвяты, стаў мішэньню прыхадняў з поўдня. Яго гарачае прапаведніцтва прынесла яму шмат прыхільнікаў, але і таксама ворагаў. У 1657 годзе казакі Хмяльніцкага ўварваліся ў Янаў Палескі, дзе яны забілі ўсіх каталікоў і габрэяў, не зважаючы на ўзрост, пол і паходжаньне.

Даведаўшыся, што незадоўга перад гэтым зь Янава выйшаў Андрэй Баболя, выправіліся за ім у пагоню. Каб прымусіць сьвятара зрачыся веры, казакі спачатку зьбілі яго бізунамі, а затым зьнявечылі твар. Езуіта, які не здрадзіў сваёй каталіцкай веры нават пасьля гэтай паказальнай экзэкуцыі, зьвязалі вяроўкай, прывязалі да пары коней і адправілі назад у Янаў. Прапаведнік бег паміж імі на працягу чатырох кілямэтраў, зноў і зноў падаў.

Андрэя Баболю білі бізуном, калолі дзідай і глыбока паранілі мячом. У Янаве казацкія каты сплялі з галінаў дуба вянок і ўсклалі яму на галаву, затым кінулі сьвятара на стол і працягвалі катаваць. Яму прыпалілі цела агнём. Потым каты садралі яму скальп, а таксама выразалі скуру на сьпіне ў форме арнату, пасыпаючы раны сечкаю. Андрэю Баболі павыбівалі зубы, б’ючы яго кулакамі па твары, павыдзіралі пазногці, садралі скуру з пляча. Праз дзьве гадзіны, яшчэ жывога, яго падвесілі за ногі да столі. Удар мяча паклаў канец зямному жыцьцю Баболі. Інфармацыю пра характар яго катаваньняў назьбіраў ксёндз Зьміцер Чарнель.

А вось на Поўдні Рэчы Паспалітай на пачатку 1649 года, Кіеў сустрэў гетмана Хмяльніцкага як «Майсея, выратавальніка, вызваліцеля народу з Польскай няволі». Першапачаткова паўстанцы дамагаліся ўсталяваньня казацкай аўтаноміі ў Падняпроўі, але на перамовах з каралеўскімі эмісарамі яны ўжо мелі намер «весь рускі народ вывесьці з Польскай няволі... усю Русь, у тым ліку і Львоў, Холм і Галіч».

Але ў вынікуХмяльніцкі вымушаны быў падпісаць Збароўскую дамову з вялікім князем Літоўскім і каралём Польшчы Янам Казімірам. Паводле гэтай дамовы Войска Запарожскае атрымала аўтаномію на чале з гетманам у складзе трох згаданых вышэй ваяводзтваў — Кіеўскага, Чарнігаўскага і Брацлаўскага, а таксама ўсходніх паветаў Валыні і Падольля.

Зрэшты, гэта не задавальняла ні цэнтральныя законныя ўлады, ні казакоў, якія ўзьнялі бунт. Напрацягу наступных двух гадоў адбыліся вялікія бітвы, дзе посьпех спадарожнічаў спачатку аднаму, потым іншаму боку.

Аўтаномія прыхільнікаў Хмяльніцкага стала абмяжоўвацца толькі Кіеўскім ваяводзтвам (фармальна, бо ратыфікацыі чарговай дамове ў Сойме не адбылося).

Пошук Хмяльніцкага каму б «прадаць» гетманшчыну

Сярод кандыдатаў, якія маглі прыняць казакоў пад пратэктарат (нагадаем, пры жывой та Рэчы Паспалітай, якая валодала гэтымі землямі), гетман разглядаў асманскага султана Мехмеда і маскоўскага цара Аляксея. У выніку працяглых перамоваў (так і ўяўляем як паміж «братняю Русьсю» і мусульманскім султанам адбываўся конкурс) казацкі бок выбраў Маскву.

Пераяслаўская рада

18 студзеня 1654 года на Пераяслаўскай радзе Багдан Хмяльніцкі і яго старшына прысягнулі на вернасьць расейскаму цару ў абмен на прызнаньне самакіраваньня Гетманшчыны і абвяшчэньне вайны нам, гэта значыць Рэчы Паспалітай. Такім чынам гетман Багдан Хмяльніцкі стаў адной з галоўных прычынаў самай страшэннай вайны ўва ўсёй гісторыі Беларусі – Крывавы патоп 1654 – 1667 гадоў, калі палова насельніцтва нашай дзяржавы была зьнішчаная расейцамі.

Дадатковыя ўмовы маскоўска-казацкага саюза вызначаліся Сакавіцкімі артыкуламі, якія ў тым жа годзе падпісаў гетман.

Вясною таго 1654 года казацка-маскоўскае войска ўварвалася на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага і захапіла нават нашую сталіцу Вільню. Але гісторыя гэтай вайны – трагічны і асобны эпізод гісторыі Беларусі.

У Пераяславе ж адбылося наступнае:

Першы ліст ад Багдана Хмяльніцкага да расейскага цара з просьбаю таго прыняць захопленыя гетманам землі ў склад Расеі датуецца яшчэ 1648 годам. Ён выдатна вядомы. Да канца 1653 года ўсе справы паміж Расеяй і бунтаром Хмяльніцкім былі ўлагоджаныя, заставалася толькі іх фармальна зацьвердзіць.

Ліст ад Багдана Хмяльніцкага да расейскага цара, 1648 год

Ліст ад Багдана Хмяльніцкага да расейскага цара, 1648 год

18 студзеня 1654 года на Пераяслаўскай радзе ўдзельнічалі прадстаўнікі казакоў Кіеўскага, Чарнігаўскага і Брацлаўскага палкоў і жыхары Пераяслава. Прадстаўнікоў ад сялянаў, мяшчан (акрамя Пераяслава) і духавенства не было. Ад імя расейскага цара быў Васіль Батурлін.

Падчас публічнай цырымоніі гетман Багдан Хмяльніцкі і казацкі старшына прысягалі «з зямлёю і з гарадамі пад вялікай рукой царскай неадступна быць».

Ніякай пісьмовай дамовы ў Пераяславе не было заключана. Пасьля Пераяслаўскай рады прадстаўнікі маскоўскага пасольства наведалі 117 гарадоў і мястэчак Гетманшчыны, каб прыняць ад насельніцтва прысягу на вернасьць расейскаму цару. Паводле іх дадзеных, прысягу прынялі 122 тысячы чалавек. Некаторыя гісторыкі лічаць, што гэтая лічба значна завышаная.

Згодна з Пераяслаўскімі пагадненьнямі паміж гетманам Хмяльніцкім і расейскім урадам былі заключаны Сакавіцкія артыкулы 1654 года.

Міхайла Грушэўскі, знакаміты ўкраінскі гісторык, лічыў, што Пераяслаўскае пагадненьне было формай васальнай залежнасьці, паводле якой мацнейшы бок (расейскі цар) згаджаўся абараняць слабейшы ​​бок (украінцаў), не ўмешваючыся ў яго ўнутраныя справы, украінцы былі абавязаныя плаціць падаткі цару, аказваць ваенную дапамогу і іншае.

Вельмі камплімэнтарны падыход гісторыка, як нам падаецца.

З «сакавіцкіх артыкулаў»:

«Мы, Багдан Хмяльніцкі, гетман Войска Запарожскага, і ўсё Войска Запарожскае, і ўвесь сьвет хрысьціянскі Расейскі, б’ем чалом.

Вельмi радуючыся вялiкай i невылiчнай мiласьцi Тваёй Царскай Вялiкасьцi, якую Твая Царская Вялiкасьць вырашыў аказаць нам, кланяемся Табе, Гасудару нашаму, Тваёй Царскай Вялiкасьцi, шматлiкiмi iлбамi, будзем служыць Тваёй Царскай Вялiкасьцi непасрэдна i верна ва ўсiх справах і загадах Тваёй Царскай Вялікасьці назаўжды».

Як успрымаць Багдана Хмяльніцкага ўкраінцам – вырашыць цалкам ім, а вось кім лічыць яго для беларусаў – адказ за кожным з вас. Для аўтара адказ відавочны.