Як раптоўна паміралі беларускія дыпляматы

Трагічная навіна пра самагубства былога амбасадара Беларусі ў Нямеччыны ўскалыхнула грамадзтва. Гэта ня першы выпадак, калі супрацоўнікі дыпляматычнага ведамства сыходзяць з жыцьця не ад старасьці. Зазірнем у гісторыю.

Аляксандар Хадзінскі

Аляксандар Хадзінскі

Аляксандар Хадзінскі

Аляксандар Сямёнавіч Хадзінскі (1911 – 1954) нарадзіўся ў беларускай вёсцы Новыя Зімодры, што недалёк ад Куранца, на Вілейшчыне. Паводле сямейных успамінаў, па вайне быў савецкім амбасадарам ці то ў Індыі, ці то ў Інданэзіі. Сваякі атрымлівалі ад яго каштоўныя пасылкі з замежнымі рэчамі, якія старанна захоўваліся ў сям’і.

Аляксандар Хадзінскі працаваў у Міністэрстве замежных справаў СССР, і гэтая ж краіна раптоўна абарвала ягонае жыцьцё ў 1954 годзе. Лёс яго сям’і з жонкай і двума дочкамі застаўся невядомым. У адзін час Хадзінскі зьнік з далягляду, лісты ці пасылкі перасталі прыходзіць.

Праўда, у пераліку савецкіх амбасадараў Аляксандр Хадзінскі не пазначаны. Магчыма ён працаваў пры амбасадзе, але ў іншым рангу. На жаль, на запыты сучаснае МЗС Расеі адказвае адпіскамі.

Антон Луцкевіч

Антон Луцкевіч

Антон Луцкевіч

Адзін з бацькоў—заснавальнікаў беларускае дзяржаўнасьці быў прэм’ер-міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі і адначасова з гэтым міністрам замежных справаў БНР.

Рашэньнем Асобай нарады пры НКУС СССР 14 чэрвеня 1941 за антысавецкую дзейнасьць прысуджаны да 8 гадоў у Варкуцінскім працоўна-папраўчым лягеры. 4 лютага 1942 года прыбыў у перасыльны пункт горада Аткарска Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі. 18 лютага начальнік санчасьці Аткарскага перасыльнага пункта дакладваў начальніку перасылкі пра тое, што вязень Луцкевіч падлягае шпіталізацыі з дыягназам «міякардыт, зьнясіленьне».

Памёр 23 сакавіка 1942 года а 12-й гадзіне дня, пахаваны ў той жа дзень у спецсектары камунальных могілак Аткарска.

Аляксандар Цьвікевіч

Аляксандар Цьвікевіч

Аляксандар Цьвікевіч

Народжаны ў Берасьці дзяржаўны дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі займаў пасаду міністра замежных справаў БНР у 1921-1923 гадах ва ўрадзе Вацлава Ластоўскага. А яшчэ раней, напрыканцы сакавіка 1918 года быў скіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпляматычнай місіі. Падчас дзейнасьці місіі Цьвікевіч вырашаў пытаньні беларуска-ўкраінскай мяжы, дамагаўся прызнаньня адроджанай беларускай дзяржаўнасьці і перагляду Берасьцейскага міру, вёў перамовы зь місіямі іншых дзяржаваў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР.

На ІІ Усебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрліне ў 1925 года, пад узьдзеяньнем посьпехаў і дасягненьняў палітыкі беларусізацыі ў БССР, Аляксандар Цьвікевіч прыняў рашэньне аб спыненьні дзейнасьці Рады міністраў БНР і прызнаньні Менска адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі. У лістападзе 1925 года Цьвікевіч зь сям’ёй пераехаў у Менск.

4 ліпеня 1930 года быў арыштаваны, абвінавачаны па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10 красавіка 1931 года асуджаны на 5 гадоў ссылкі.

Паўторна арыштаваны 17 сьнежня 1937 года і праз 13 дзён Аляксандар Цьвікевіч быў расстраляны ў Менску.

Аляксандар Вальковіч

Спадар Вальковіч нарадзіўся ў 1892 годзе. Прадстаўляў Беларускую Народную Рэспубліку пры ўрадзе Грузіі. У 1925 годзе вярнуўся ў БССР. Працаваў інспэктарам у наркамаце фінансаў, у 1930 годзе звольнены. Тады ж арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 сасланы на 5 гадоў у Башкартастан.

Арыштаваны зноў 25 траўня 1937 году. Асуджаны за «антысавецкую арганізацыю і прапаганду» да расстрэлу. Расстраляны 4 лістапада 1937 года ў Менску (магчыма ў Курапатах).

Аляксандар Чарвякоў

Чарвякоў нарадзіўся ў 1892 годзе ў Дукоры і зрабіў ашаламляльную кар’еру ў камуністычных кабінэтах. У 1921-1923 гадах займаў пасаду Народнага камісара па замежных справах БССР. Пры гэтым жа сам жа і быў першым старшынём Савету народных камісараў БССР у гэтыя гады.

У чэрвені 1937 году на XVI зьезьдзе КП(б) Беларусі быў падвергнуты рэзкай крытыцы за недастатковую працу па зьнішчэньні «ворагаў народу». Пратакол зьезду засьведчыў, што ягоны выступ перарывалі абразамі і пагрозамі звыш 100 разоў.

Падчас перапынку ў зьезьдзе застрэліўся ў сваім кабінэце, пакінуўшы перасьмяротную запіску супярэчліва-адваротнага зьместу: «Я сыходжу з жыцьця, праклінаючы ўсіх ворагаў народа, я праклінаю беларускіх фашыстаў, агентаў польскага імпэрыялізму».

Алег Краўчанка

Алег Краўчанка

Алег Краўчанка

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі і адначасова амбасадар нашай краіны ў ЗША Алег Краўчанка раптоўна памёр 25 сьнежня 2020 года. 20 ліпеня 2020 года Краўчанку прызначылі амбасадарам Беларусі ў ЗША, але ён так і не быў адкамандзіраваны ў ЗША. Ён да апошняга выконваў абавязкі намесьніка кіраўніка МЗС.

Беларускага амбасадара ў ЗША не было з 2008 года. Раней іх было ўсяго тры. Зь іх два – Сяргей Мартынаў і Міхаіл Хвастоў сталі міністрамі замежных справаў, а трэці – Валер Цапкала нечакана выставіў сваю кандыдатуру супраць свайго былога боса на выбарах 2020 года.

Краўчанку было ўсяго 49 гадоў і афіцыйнай прычынай сьмерці быў названы каранавірус.

Уладзімер Макей

Лістапад 2022 года прынес раптоўную нечаканую навіну – рэкардсмэн па тэрміну знаходжаньня на пасадзе кіраўніка МЗС Уладзімер Макей памёр. Ужо ў хуткім часе сталі зьўляцца чуткі пра яго самазабойства.

Глядзіце таксама

Дзяніс Сідарэнка

Дзяніс Сідарэнка

Дзяніс Сідарэнка

Апошні на сёньняшні дзень дыплямат з ліку ахвяраў злачыннага рэжыму скокнуў з вакна, калі не вытрымаў допытаў у КДБ. З 2016 па 2024 год амбасадар узначальваў беларускую місію ў Нямеччыне. Гэта працягвалася і пасьля рэвалюцыйных падзеяў 2020 года на Радзіме.

Пасьля звароту ў Беларусь Дзяніс Сідарэнка быў затрыманы. Паводле суразмоўцаў выданьня «Нашай Нівы», па вяртаньні са сваёй працы зь Нямеччыны, Сідарэнка стаў абʼектам увагі Камітэта дзяржаўнай бясьпекі.

«Не вылазіў з паліграфаў і допытаў» — сцьвярджае крыніца, знаёмая з лёсам былога амбасадара. Вынікам і стала імавернае самагубства Сідарэнкі 23 чэрвеня 2024 года.

У інтэрвію, якое выйшла 7 сакавіка, за чатыры дні да ўказу Лукашэнкі аб адстаўцы, Сідарэнка заявіў, што 2023 год «ня стаў „паваротным момантам“ або новым пазытыўным этапам для беларуска-нямецкіх адносінаў».

«Гэта быў хутчэй яшчэ адзін год страчаных магчымасьцяў і нерэалізаванага патэнцыялу. Афіцыйны Бэрлін, на шкоду агульным інтарэсам і насуперак каапэратыўнай лёгіцы, працягваў прытрымлівацца лініі на далейшае абмежаваньне палітычнага дыялёгу і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Такое нэгатыўнае пазіцыянаваньне нямецкага боку аказвала разбуральнае ўзьдзеяньне на двухбаковае ўзаемадзеяньне практычна ва ўсіх сфэрах, уключаючы эканоміку і кантакты паміж людзьмі», — сказаў тады яшчэ амбасадар.

Апроч таго Дзяніс Сідарэнка ў тым жа інтэрвію заявіў:

«Расейская Федэрацыя — наш стратэгічны партнэр і хаўрусьнік, зь якім мы актыўна разьвіваем інтэграцыйныя працэсы, у першую чаргу ў сферы эканомікі.

У сувязі з гэтым рэзкі рост напружанасьці ў адносінах Расеі з краінамі НАТА і Эўрапейскага Зьвязу ў кантэксце ваеннага канфлікту ва Ўкраіне быў выкарыстаны ЭЗ для ўзмацненьня жорсткасьці сваёй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі і пашырэньня незаконных санкцый у дачыненні да нашай краіны і беларускіх грамадзянаў.

Адзін з базавых прынцыпаў зьнешняй палітыкі Беларусі заключаецца ў тым, што мы гатовы разьвіваць канструктыўны дыялёг і прагматычнае супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі сьвету, у тым ліку з Нямеччынай і іншымі краінамі Эўразьвязу, але не на шкоду нашым стратэгічным адносінам з Расеяй і нашым нацыянальным інтарэсам.

25 лютага 2024 года ўпершыню ў гісторыі нашай краіны ў адпаведнасьці з прынятымі ў 2022 годзе канстытуцыйнымі зьменамі адбыўся Адзіны дзень галасаваньня, падчас якога былі абраныя 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і 12511 дэпутатаў мясцовых саветаў. Выбары прайшлі адкрыта, дэмакратычна».

Што ж…