Першы тур датэрміновых выбараў у Францыі: яўка расце

Па стане на 12:00 гадзін дня паводле мясцовага часу яўка на выбарах у еўрапейскай частцы Францыі склала 25,90%, што на 7,5 пункта вышэй, чым у 2022 годзе (18,4%).

Галасаванне на ўчастку ў Страсбургу, 30 чэрвеня 2024 года. Фота AP Photo / Jean-Francois Badias

Галасаванне на ўчастку ў Страсбургу, 30 чэрвеня 2024 года. Фота AP Photo / Jean-Francois Badias

Ці паўтораць французскія ультраправыя свой поспех на еўрапейскіх выбарах? Ці зможа левы блок ім перашкодзіць? Ці ўдасца прыхільнікам прэзідэнта Макрона мабілізаваць цэнтрыстаў, высвятляла euronews.com.

Да канца дня стане вядома, хто з 4000 тысяч кандыдатаў патрапіць у другі тур гэтых лёсавызначальных для Францыі выбараў.

Прайшлі 3 тыдні беспрэцэдэнтнай выбарчай кампаніі, якая перавярнула палітычны пейзаж Францыі.

Эмануэль Макрон нечакана распусціў ніжнюю палату парламента пасля правалу яго паплечнікаў на выбарах у Еўрапарламент 9 чэрвеня і трыумфу ультраправых. Кіраўнік Францыі, відаць, рабіў стаўку на тое, што, адпраўляючы дэпутатаў у Брусэль і Страсбург, выбаршчыкі нярэдка галасуюць «пратэстна», а перакройваць нацыянальны парламент, які займаецца «хатнімі» справамі, французы не захочуць.

На практыцы новая выбарчая кампанія, якая праходзіла ў стылі бліцкрыгу, пацвердзіла тыя тэндэнцыі, якія выявіліся на еўравыбарах: замест мабілізацыі былога прэзідэнцкага электарату і цягі да «стабільнасці» – адбылася крышталізацыя трох палітычных блокаў.

Прычым сярод іх ёсць відавочны фаварыт – «Нацыянальнае аб'яднанне», а лібералам-макраністам адведзеная роля аўтсайдэраў.

Вось што важна ведаць на момант, калі па ўсёй краіне адкрыліся выбарчыя ўчасткі:

  • Ультраправае «Нацыянальнае аб'яднанне» ўмацавала сваё дамінаванне нават у параўнанні з выдатным поспехам на еўравыбарах.

Апытанні ў сярэднім прадказваюць партыі Марын Ле Пен і Жордана Бардэла 36% – гэта ўдвая больш, чым нацыяналісты набралі ў 2022 годзе.

Пакуль складана дакладна перавесці гэтыя лічбы ў колькасць месцаў у ніжняй палаце парламента, але пакуль больш за ўсё шанцаў атрымаць абсалютную большасць (289 мандатаў) менавіта ў «Нацаб'яднання». 

Не перашкодзілі ўздыму партыі, якая знаходзіцца на парозе ўлады, і спробы «перапісаць» на хаду сваю праграму — увязаць рэалізацыю такіх знакавых абяцанняў, як адмена павышэння пенсійнага ўзросту, з «рэальным» становішчам спраў у эканоміцы краіны.

  • Левыя партыі змаглі аб'яднацца ў т.зв. «Новы народны фронт» (адсылка да кіруючай левай кааліцыі ў 1936-1938 гг.) у рэкордныя тэрміны, нягледзячы на тое, што ішлі на мінулыя еўравыбары паасобку. У шырокую кааліцыю з адзінай праграмай і адзінымі кандыдатамі ўвайшлі, у прыватнасці, «Непакораная Францыя» Жан-Люка Меланшона, сацыялісты, камуністы, «зялёныя» і рух Рафаэля Глюксмана, які ўзначальваў спіс сацыялістаў на еўравыбарах і апярэдзіў меланшаністаў – у апошнія гады самую магутную сілу на левым флангу – на 4 працэнтныя пункты.

Але пазітыўная дынаміка сышла на нішто – збольшага з-за абвінавачванняў у «марнатраўстве» (гаворка аб кошце прапанаваных сацыяльных мер), «антысемітызме» (так апаненты інтэрпрэтавалі шэраг выказванняў прадстаўнікоў «Непакоранай Францыі» аб нападзе ХАМАС на Ізраіль і вайне ў Газе), а таксама з-за ўнутраных спрэчак – нежадання партнёраў па кааліцыі бачыць Жан-Люка Меланшона ў якасці свайго лідара (і патэнцыйнага кандыдата ў прэм'еры), а таксама ўзнікнення «дысідэнцкіх» левых кандыдатаў, якія вылучыліся ў парушэнне прынцыпу «адна акруга – адзін кандыдат ад «Новага народнага фронту». Пад канец кампаніі — самай кароткай у гісторыі Пятай рэспублікі — за левы альянс былі гатовыя прагаласаваць крыху больш за 28% выбарцаў, гэта менш, чым аб'яднаны вынік левых на еўравыбарах (31,5%).

  • За прэзідэнцкі лагер свой голас аддаць маюць намер каля 20% выбаршчыкаў. Прычым кампанію вядзе больш папулярны, чым Эмануэль Макрон, прэм'ер-міністр Габрыэль Аталь.

Сам прэзідэнт, які спачатку заявіў, што не будзе актыўна ўмешвацца ў працэс, рэгулярна з'яўляўся ў СМІ і выступаў з крытыкай «экстрэмістаў» з абодвух канцоў палітычнага спектру, а таксама спрабаваў пераканаць грамадскую думку і ўласных міністраў і дэпутатаў, многія з якіх неўзабаве пазбавяцца працы, што роспуск Нацыянальнага сходу і перавыбары – адзіны спосаб «растлумачыць» палітычную сітуацыю і вывесці краіну з тупіка.

  • Далёка ззаду гэтай тройкі— традыцыйныя правыя. У партыі «Рэспубліканцы», палітычная гісторыя якой узыходзіць да дэ Голя, Шырака і Сарказі, адбыўся раскол. Лідар партыі Эрык Сьёці адважыўся на саюз з ультраправымі, але астатнія вядомыя фігуры выступілі рэзка супраць. Незалежным «рэспубліканцам», якія не растварыліся пад брэндам «Нацаб'яднання» прадказваюць 7% галасоў. 

Усяго будуць абраныя 577 дэпутатаў. Выбары праходзяць па мажарытарнай сістэме — у аднамандатных акругах і ў два туры. Па сутнасці гэта 577 асобных электаральных працэдур: 558 у кантынентальнай Францыі, 8 – у заморскіх тэрыторыях і 11-за мяжой, дзе галасуе дыяспара.

  • Яўка на гэтых выбарах чакаецца высокай. У МУС Францыі зрабілі справаздачу, што рэкордныя 2,6 млн выбаршчыкаў прагаласуюць па даверанасці. Гэта ў чатыры разы больш, чым на парламенцкіх выбарах 2022 года. Права голасу ёсць у больш чым 49 мільёнаў французскіх грамадзян.

  • Парыжская біржа закрывае месяц з найгоршымі паказчыкамі за два гады. У чэрвені яна ўпала на 6,42% на фоне палітычнай турбулентнасці ў краіне.

За гэтымі выбарамі сочыць уся Еўропа, паколькі голас Францыі — у тандэме з Германіяй — шмат у чым вызначае палітыку кантынента. І ўпершыню за многія дзесяцігоддзі гэты голас ад традыцыйных ўмераных сіл з правага і левага сектару можа перайсці да нацыяналістаў.