Палітолаг: сітуацыя з подпісамі за Цярэшчанку падобная на балаган
Меркаванне Валерыя Карбалевіча
![1437724471_karbalevch.jpg 1437724471_karbalevch.jpg](/img/v1/news/full/1437724471_karbalevch.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сёння Цэнтарвыбаркам апублікаваў дадзеныя аб правераных подпісах за вылучэнне патэнцыйных кандыдатаў. Па папярэдніх звестках тэрытарыяльных выбарчых камісій, больш за 100 тысяч сапраўдных подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, здалі чатыры прэтэндэнта на вышэйшую пасаду: Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Улаховіч.
Большасць подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты эканаміста Віктара Цярэшчанкі прызнаныя несапраўднымі. Яго ініцыятыўная група здала ў тэрытарыяльныя камісіі каля 130 тысяч подпісаў, пэўнымі прызналі толькі 6 тысяч 699 подпісаў.
Сам Цярэшчанка зараз знаходзіцца ў аддзяленні пульманалогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Пры гэтым палітык сцвярджае, што яго атруцілі 28 жніўня ў мінскай кавярні, дзе ён піў маркоўны сок. Патэнцыйны кандыдат у інтэрв'ю БелаПАН заявіў, што атруціць яго магла нейкая трэцяя сіла. «Яна можа быць ўнутраная, а можа быць – і знешняя», – заявіў палітык. Ён таксама не выключыў, што ў выпадку дрэннага стану здароўя здымецца з перадвыбарчай гонкі.
«Сітуацыя падобная на балаган, як, уласна, і ўся беларуская выбарчая кампанія. Я звязваю гэтыя два падзеі: заяву аб атручэнні і тое, што ЦВК не прызнаў подпісы за Цярэшчанку», – адзначыў Карбалевіч. Ён не выключае, што Цярэшчанка сам ініцыяваў гэты скандал.
«Тут узнікае больш цікавае пытанне. Я не думаю, што Цярэшчанка здаваў гэтыя подпісы, не заручыўшыся папярэдне нейкай падтрымкай з боку ўлады. У мяне складаецца такое ўражанне: спачатку яму паабяцалі, што гэтыя подпісы прымуць, і ён упісваўся ў сцэнар, які прапаноўвала ўлада на выбарах, а праз некаторы час сцэнар перайгралі і вось выявілі, што подпісы несапраўдныя», – заявіў эксперт, адзначыўшы, што грунтуецца «на чыста абстрактных заключэннях, а не на фактах».
Пры гэтым Карбалевіч удакладніў, што ў такой сітуацыі ў яго ўзнікаюць сумневы ў сапраўднасці подпісаў, здадзеных у падтрымку кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі Гайдукевіча і атамана Улаховіча.
На думку палітолага, з адыходам з перадвыбарнай кампаніі Цярэшчанкі яе змест і ход «прынцыпова не памяняюцца».
Паводле: mail.ru