Парад з косткай у горле

І рыбку з’есці, і костачкай не падавіцца… Ці атрымаецца ў Аляксандра Лукашэнкі пазабаўляцца з улюбёнай цацкай — вайсковым парадам — і пры гэтым ухапіць значны фінансавы куш ад еўрапейцаў?

Flicr

Flicr


Як бы грэбліва кіраўнік дзяржавы ні ставіўся да мяккацелых еўрапейскіх чыноўнікаў (выраз пра «казла Барозу» датычна тагачаснага старшыні Еўракамісіі забыць цяжка), але гэныя еўрапейцы такі здолелі паставіць Аляксандра Лукашэнку перад складаным выбарам — альбо выконвай рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ), альбо 60 мільёнаў еўра дапамогі на барацьбу з каронавірусам не відаць як сваіх вушэй.
Чаго ад нас хоча САЗ? Ад Беларусі патрабуецца не так і многа — перанесці ўсе масавыя мерапрыемствы; стварыць умовы для дыстанцыйнай працы і навучання; спыніць дзейнасць неабавязковых арганізацый і прадпрыемстваў ды забяспечыць ізаляцыю і лячэнне пацыентаў з COVID-19 ды тых, хто з імі кантактаваў. Відавочна, што першы пункт будзе для беларускіх уладаў самым балючым — а менавіта, што рабіць з парадам?
Ладна, Першамай перажыць можна, традыцыйнага шэсця няма — ні ў Мінску, ні ў іншых гарадах. Але адмяніць такі важны ідэалагічны праект, як вайсковы парад, ды яшчэ ў 75-гадавіну Перамогі — гэта літаральна стаць сабе на горла. Атрымаць грошы і праігнараваць рэкамендацыі не атрымаецца. «Немагчыма, каб мы, з аднаго боку, прапаноўвалі дапамогу, (а з другога) не выконвалі рэкамендацыі, якія мы рэалізуем у нашых краінах і просім выконваць усіх», — заявіў журналістам прадстаўнік Еўрапейскага саюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Калі перакласці з ветлівай дыпламатычнай мовы — выкананне рэкамендацый САЗ абавязковае! Відавочна, бліжэйшым днямі мы ўбачым, што ўлады ставяць у прыярытэт — пацешыць самалюбства ды чарговы раз папсаваць асфальт гусеніцамі танкаў у цэнтры сталіцы альбо атрымаць магчымасць прыдбаць новыя машыны хуткай дапамогі, рэспіратары ды іншыя, такія неабходныя ў час эпідэміі, медыцынскія тавары…
Пакуль еўрапейскія чыноўнікі ставяць умовы перад Лукашэнкам, беларускія бюракраты ад адукацыі ставяць умовы перад вучнямі — прыходзьце ў школу, альбо не будзеце атэставаныя за апошнюю чвэрць. Вучням, адсутным у школе па заяве бацькоў (а такіх, як выглядае з апытанак у школьных чатах, — абсалютная большасць!) будуць ставіць «н»-кі і выводзіць гадавую адзнаку за тры чвэрці, за чацвёртую не атэстоўваць.
Трагедыі як бы няма, але выпускнікі 9-га і 11-класаў, якім важныя станоўчыя адзнакі ў атэстаце, будуць вымушаныя хадзіць на заняткі, нават калі з імі жывуць старэнькія сваякі, і лішнія кантакты зусім не дарэчныя. Таксама ў ігнор адпраўляюцца ўсе тыя вучні, якія старанна выконваюць заданні дыстанцыйна і адпраўляюць іх настаўнікам на праверку — нават калі па сваёй добрай волі ініцыятыўныя педагогі будуць заданні правяраць і ацэньваць, у ведамасці гэтыя адзнакі ўсё адно не патрапяць. Магчыма, у Мінадукацыі вырашылі адмовіцца ад дыстанцыйнага навучання таму, што яўна не гатовыя тэхнічна — калі ў сярэдзіне красавіка камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама разаслаў па школах ліст пра арганізацыю анлайн-навучання, прапанаваная платформа «лягла» ў першы ж дзень. Пытанне ад бацькоў — як такое магчыма, што ў айці-дзяржаве ў XXI стагоддзі не зрабілі нармальнай платформы для дыстанцыйнага навучання, засталося вісець у паветры. Як і пытанне, а на што ўласна былі патрачаныя грошы, якія ўсе гэтыя гады выдзяляліся сістэме адукацыі?..
Прапанаваныя меры падтрымкі бізнеса, замацаваныя ва Указе №143 Аляксандра Лукашэнкі «Аб падтрымцы эканомікі», расчаравалі прадпрымальнікаў. Ніякай прамой дапамогі ім аказвацца не будзе, саступак па арэндзе і аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі — двух самых балючых пунктах для ІП — таксама не прадугледжваецца. Наогул, дакумент не мае пад сабою фактычна ніякіх гарантый, тыя ці іншыя саступкі аддаюцца на водкуп мясцовай вертыкалі. Напрыклад, мясцовыя ўлады могуць змяняць тэрміны выплаты падаткаў і збораў; маюць права прымаць рашэнні пра змяншэнне сумаў арэндных платаў; саветам дэпутатаў рэкамендавана зменшыць памер стаўкі адзінага падатку і г.д.
Могуць, маюць права, рэкамендавана… Ці такіх крокаў чакалі, напрыклад, прадпрымальнікі, якім «Гарызонт» адключае святло за няўплату арэнды? А плаціць арэнду няма з чаго! Паводле апытання бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага, у сакавіку страты ў турыстычнай галіне склалі 95–98%, у гандлі і грамадскім харчаванні выручка ўпала на 50–80%. Мець магчымасць адтэрмінаваць выплату падатку — гэта няблага, канешне, але калі ты арандуеш у гандлёвым цэнтры крамку і плоціш за яе 200 еўра арэнды, а пакупнікоў няма, а яшчэ трэба за нешта жыць — такія меры як мёртваму балалайка.
Ну і пра вечнае. Нарэшце расійская «Транснафта» ўзгадніла памер кампенсацыі Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу за «брудную нафту», якая ў красавіку 2019 года апынулася ў нафтаправодзе «Дружба». Увесь гэты час бакі дамаўляліся пра методыку кампенсацыі за няякаснае паліва і выдаткі НПЗ. Дакладна памер кампенсацыі агучаны пакуль не быў, але раней «Транснафта» зацвердзіла гранічны памер выплат на ўзроўні 15 долараў за барэль «бруднай нафты». Калі палічыць, сыходзячы з гэтай лічбы, выходзіць, Мазырскі НПЗ атрымае каля 131 мільёна долараў. Вядома, што раней «Белнафтахім» патрабаваў каля 155 мільёнаў долараў, а беларускі ўрад нават гаварыў пра магчымасць судовага разбіральніцтва спрэчкі, калі Расія адмовіцца кампенсаваць страчаную праз пастаўкі няякаснай нафты выгаду. Інфармацыя пра ўзгадненне кампенсацыі прагучала з вуснаў першага віцэ-прэзідэнта «Транснафты» Максіма Грышаніна, а вось што думае на гэты конт беларускі бок — пакуль не вядома.