ЗБС «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменнікаў заклікаюць адмяніць публічныя мерапрыемствы

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменнікаў выступілі з адмысловым супольным закліклікам да ўлады адмяніць публічныя мерапрыемствы ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса.

backaschszczyna.jpg


"Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» злучае ў сваіх шэрагах прадстаўнікоў беларускай дыяспары з больш чым дваццаці краін свету, людзей самых розных прафесій і поглядаў, паяднаных любоўю да сваёй Радзімы і клопатам пра яе. Саюз беларускіх пісьменнікаў прадстаўляе меркаванне беларускай нацыянальнай культурнай інтэлігенцыі, стваральнікаў сучаснай беларускай культуры. Мы выказваем сваю глыбокую занепакоенасць працэсамі, што зараз адбываюцца ў краіне — высокай хуткасцю распаўсюджання захворвання COVID-19 і адсутнасцю эфектыўных захадаў па супрацьстаянні вірусу з боку беларускіх уладаў.

Распаўсюджанне захворвання ў нашай краіне выявіла востры недахоп сродкаў і матэрыялаў, неабходных медыкам для якаснага і бяспечнага выканання сваёй працы. Невыразная пазіцыя беларускіх уладаў, якія дапускаюць сумяшчэнне сур’ёзных супрацьэпідэмічных захадаў з паблажлівай і легкадумнай рыторыкай адносна небяспекі хваробы, змусіла нас звярнуцца са зваротам аб пасільнай дапамозе да сусветнай беларускай грамады, якая адгукнулася, нягледзячы на тое, што таксама ў сваёй большасці знаходзіцца ў падобных складаных варунках. Дзясяткі грамадскіх ініцыятываў па збору дапамогі шпіталям і медыкам дзейнічаюць і ў самой Беларусі. Але асноўная роля ў барацьбе з гэтай сусветнай бядою павінна належаць дзяржаве. Досвед краінаў, у якіх атрымалася пераламаць дынаміку распаўсюду віруса, а таксама матэрыялы адмыслова складзеных для Беларусі парадаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), дазваляюць нам меркаваць, што адным з галоўных чыннікаў мусіць быць адмена ўсіх масавых мерапрыемстваў, інфармаванне грамадзянаў аб небяспецы, якую нясе COVID-19, а таксама выкананне санітарных патрабаванняў і сацыяльнага дыстанцыявання.

Мы ведаем, што шмат арганізацый беларускай грамадзянскай супольнасці і бізнес-структураў дбаючы пра здароўе сваіх супрацоўнікаў, перайшлі на дыстанцыйную працу не чакаючы адпаведных захадаў з боку дзяржавы. Самая галоўная каштоўнасць нашай краіны — гэта людзі. Клопат пра іх жыццё і здароўе — наш агульны прыярытэт.

А таму мы звяртаемся да беларускіх уладаў з патрабаваннем адмяніць правядзенне параду 9 мая ў сталіцы Беларусі г. Мінску. Мы разумеем, што 75-годдзе Перамогі — важная для беларускай дзяржавы падзея, але святкаванне юбілею не павінна весці да новых ахвяраў сярод беларусаў у мірны час. Сродкі, якія могуць быць затрачаныя на гэтае святкаванне, варта накіраваць на нарошчванне рэсурсу медыцынскіх устаноў, набыццё матэрыялаў і сродкаў для барацьбы з пандэміяй, а таксама на падтрымку прадстаўнікоў уразлівых да каранавірусу груп грамадзянаў.

Управа МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»
Сакратарыят ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»