Пастухоў: Тое, што здарылася ў Амстэрдаме, можа сёння паўтарыцца ў любым пункце Еўропы

Расійскі публіцыст Уладзімір Пастухоў — пра прычыны і прыроду яўрэйскага пагрому ў Амстэрдаме.

e88ce40757084edebb3f92c6767883f3.webp

Калі ў першым акце вы вешаеце ў кампусе левую стрэльбу, зараджаную антысеміцкім дробам, то ў апошнім акце яна стрэліць пагромам на стадыёне, піша Пастухоў. Такі закон жанру. Антысеміцкія «неакрыштальныя» ночы ў Еўропе былі прадвызначаныя з таго самага моманту, як левая інтэлігенцыя і асабліва моладзь, індактрынаваныя ідэямі справядлівасці «тут і цяпер» (тыпу Грэты Тунберг), прасяклася хваравітым спачуваннем да народа Палестыны.

З гэтага не вынікае ні тое, што народ Палестыны не заслугоўвае спагады, ні тое, што неадрасны адказ на гвалт — гэта норма.

Праблема ў тым, што ніякага спачування да палестынцаў у большасці «спачуваючых» як не было, так і няма. Пакуты Палестыны — не прычына, а падстава, нагода выказаць назапашаную агрэсію, нездаволенасць сваім грамадскім становішчам, нелюбоў да заходняга істэблішмента, які выраджаецца і робіцца ўсё больш самадаўлеючым, увогуле, усё тое, што спакон веку з'яўляецца трыгерам для масавых пратэстаў нізоў супраць вярхоў (якімі, адзначу, як правіла, умела карыстаюцца адны фракцыі вярхоў супраць іншых).

Была б цёмная энергія — нагода заўсёды знойдзецца. У гэтым сэнсе яўрэі ўдала і па-свойму лагічна змянілі ў якасці аб'екта нянавісці «забруджвальнікаў паветра», часова выпхнуўшы рух змагароў з глабальным пацяпленнем на перыферыю дзвіжухі.

Гэтак жа магло здарыцца і з «модай на палестынцаў», нешта іншае адцягнула б увагу лявацкай масы ад габрэяў. Але ў дадзеным канкрэтным выпадку адбыўся кумулятыўны эфект.


Глядзіце таксама

Левыя інсургенты, якія шукаюць падставу пасабачыцца з заходнім буржуазным істэблішментам і прадэклараваць сваё імкненне як мага хутчэй пабудаваць рай на зямлі, дзе няма месца гвалту, перасякліся з імігранцкай дзвіжухай, якая мае чыста канкрэтную мэту — гвалтоўнае знішчэнне яўрэйскай дзяржавы.

У пункце перасячэння замаячыў яго вялікасць «пагром». Сумна думаць, што многія мае сябры і калегі дзесяцігоддзямі чакалі яго на, так бы мовіць, гістарычнай радзіме — у Расіі. Дачакаліся.

Што трэба ведаць пра пагромы? Тое, што ў іх заўсёды ёсць тры складнікі: ксенафобія невялікай меншасці, таргетаваная супраць канкрэтнай этнічнай (рэлігійнай, сацыяльнай) групы, пасіўнае спачуванне большасці і неўмяшанне і нават папушчальніцтва ўладаў. Амстэрдамскі «кейс» явіў нам усе тры кампаненты ў іх поўнай шыкоўнасці.

Еўропа для большага саспела. Тое, што здарылася ў Амстэрдаме, можа сёння паўтарыцца ў любым пункце Еўропы, з меншай верагоднасцю — у Амерыцы.

Далей падзеі будуць развівацца па адным з двух сцэнарыяў. Або спрацоўвае чырвоная лямпачка, імунная сістэма Еўропы распазнае стары вірус і пачынае выпрацоўваць палітычныя антыцелы да левацтва і антысемітызму.

Тады гэтая ўспышка стане паваротным пунктам, ад якога Еўропа адхіснецца з жахам як ад люстэрка, у якім яна замест уласнага твару ўбачыла галаву даўно памерлага прывіда.

Альбо прывід выйдзе з люстэрка, імунная сістэма нічога не распазнае і вірус авалодае Еўропай зноўку, прычым у сваёй яшчэ больш небяспечнай лева-антысеміцкай версіі. У гэтым выпадку пагром стане на некалькі месяцаў, а можа, і гадоў нормай жыцця Еўропы.